Пошук

27.03.2013 00:00  

Думаецца, толькі нядаўна была Папяльцовая серада і, здавалася, што Вялікі пост будзе цягнуцца вечна. Але вось ужо зусім хутка настане Вялікі тыдзень, у час якога асаблівым чынам будзем перажываць муку, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. У чарговым матэрыяле рубрыкі «Лікбез» паспрабуем разабрацца, чаму Вялікдзень называюць галоўнай урачыстасцю хрысціянаў, а таксама пазнаёмімся з некаторымі нюансамі яго перажывання.

Дапаможа нам у гэтым кс. Сяргей Трысцень OCD.

Чаму Вялікдзень — самая галоўная ўрачыстасць для хрысціяніна?

Вялікдзень, інакш называем Пасхай або Вялікай нядзеляй, з’яўляецца найважнейшым і самым старажытным хрысціянскім святам. Менавіта ў велікодны час спаўняецца найважнейшая таямніца хрысціянскай веры.

Вялікдзень — гэта ўспамін мукі і ўваскрасення Хрыста. Можна сказаць, што святкаванне распачынаецца ўжо на тыдзень раней. Папярэднічае ўсяму Пальмовая нядзеля, якой распачынаецца ўрачыстасць Вялікага тыдня, які завяршаецца Пасхальным Трыдуумам, у які ўваходзіць Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Пасхальная вігілія ў святую ноч.

Хрысціянская вера абапіраецца на ўваскрасенні Хрыста, якое з’яўляецца довадам здзейсненага збаўлення. Уваскрасенне Пана як трыумф Хрыста над смерцю — гэта таямніца, якая надае сэнс хрысціянскай веры. Пасля смутку, роздуму, начнога чування ў Вялікую пятніцу настае час шчасця і радасці, бо ўваскрасенне Хрыста — гэта знак Яго перамогі над грахом і смерцю, і шанс на вечнае жыццё.

Ці праўда, што Вялікдзень адзначаецца ў нядзелю пасля першай вясенняй поўні месяца? Адкуль такая традыцыя?

Вялікдзень належыць да т.зв. рухомых святаў, якія гожны год прыпадаюць на іншы тэрмін. Дзень, у які святкуем Вялікдзень, не ўстанаўлівае ні Папа, ні біскуп. Ад пачатку Вялікдзень супадаў са святам габрэйскай Пасхі. Падчас Нікейскага Сабору ў 325 годзе айцы Касцёла вырашылі, што Вялікдзень будзе заўсёды святкавацца ў першую нядзелю пасля першай вясенняй поўні Месяца, але не раней за 22 сакавіка і не пазней за 25 красавіка. Калі ж першая вясенняя поўня прыпадае ў нядзелю, то Вялікдзень будзе толькі на наступную нядзелю. Такія правілы дзейнічаюць да сёняшняга дня.

Касцёльны наказ кажа, што прынамсі раз на год у велікодны перыяд неабходна прыняць Камунію. Чаму менавіта ў гэты час і колькі працягваецца гэты перыяд?

Сам Хрыстус навучаў: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку, даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў» (Mц 26, 26–28); «Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 53–54).

Касцёл таксама, ідучы за навукай Хрыста, заклікае вернікаў, даючы наказы, да ўдзелу ў святой Імшы і прыняцця святой Камуніі. Першы касцёльны наказ — у нядзелю і ва ўстаноўленыя святы ўдзельнічаць у святой Імшы — заклікае вернікаў да ўдзелу ў цэлебрацыі нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі, на якой збіраецца хрысціянская супольнасць, адзначаючы ўваскрасенне Пана.

Трэці касцёльны наказ — прынамсі раз у год у Велікодны час прыняць святую Камунію — акрэслівае мінімум у прыняцці Цела і Крыві Пана ў сувязі з велікоднымі святамі, якія з’яўляюцца крыніцай і эпіцэнтрам хрысціянскай літургіі.

Згодна з традыцыяй гэты перыяд распачынаецца нядзеляй Змёртвыхпаўстання і завяршаецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога.

Ці будзе грахом, калі чалавек не прыме Камунію ў само свята Вялікадня, але прыме на працягу велікоднага перыяду?

Першы касцёльны наказ загадвае ў нядзелі і святы прымаць удзел у святой Імшы. Кожны вернік, такім чынам, мае абавязак удзельнічаць у велікоднай святочнай Імшы і прыняць сакрамэнт Эўхарыстыі. Калі ж хтосьці перад Вялікаднем не паспеў прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання па важнай прычыне, а мае на сэрцы цяжкі грэх, то павінен у бліжэйшы час паспавядацца і прыступіць да святой Камуніі.  

Крыху дзіўна атрымліваецца: пасля Пасхальнай вігіліі, калі ўжо гучаць словы «Хрыстус уваскрос!» адбываюцца начныя чуванні пры гробе Пана.  Які сэнс такіх чуванняў?

Святая Імша Пасхальнай вігіліі, якая распачынаецца ў Вялікую суботу вечарам пасля заходу сонца, лічыцца найважнейшай літургіяй усяго літургічнага года. Менавіта ў час Пасхальнай вігіліі першы раз пасля перыяду Вялікога посту спяваем урачыстае «Аллелюя» і пачынаем святкаванне Уваскрасення Пана Езуса. Хоць гэтая святая Імша распачынаецца ў суботу, яна лічыцца нядзельнай святой Імшой — урачыстасцю Уваскрасення Пана.

Фота Аляксандры Шчыглінскай

У нашай традыцыі закараніўся звычай, што толькі рэзурэкцыйная працэсія з’яўляецца ўрачыстым абвяшчэннем уваскрасення Хрыста. Касцёл, аднак, заахвочвае не раздзяляць гэтыя дзве падзеі — вігіліі пасхальнай ночы і рэзурэкцыі, бо яны цесна злучаны між сабою, складаюць пэўную еднасць.

Праводзячы працэсію на заканчэнне Пасхальнай вігіліі, прапускаецца абрад благаслаўлення і формула рассылання народа. На заканчэнне малітвы пасля святой Камуніі дыякан або святар разам з літургічнай службай алтара пераносіць Найсвяцейшы Сакрамэнт у капліцу адарацыі, якая называецца Грабніца Пана. Пасля кароткай ціхай малітвы і акаджэння гучыць урачысты спеў, святар бярэ манстранцыю з Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ідзе ў працэсіі разам з вернікамі. Пасля працэсіі побач з алтаром ставіцца крыж і фігура ўваскрослага Хрыста, спяваецца гімн «Te Deum», пасля якога наступае малітва і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Калі ж ёсць звычай рэзурэкцыйнай працэсіі на світанні, то пасля заканчэння Пасхальнай вігіліі выстаўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт для адарацыі. Манстранцыя не накрываецца вэлюмам, як у Вялікую пятніцу. І сама адарацыя мае іншы характар. Падчас адарацыі не спяваюцца песні пра муку Пана, можна маліцца ў цішыні, спяваць велікодныя або эўхарыстычныя спевы, маліцца хвалебную частку святога Ружанца. У вызначаны час святар з літургічнай службай алтара ідзе да Грабніцы Пана. Пасля кароткай адарацыі, акаджэння, як і ў выпадку працэсіі на заканчэнне Пасхальнай вігіліі, усе выйдуць з касцёла на рэзурэкцыйную працэсію. Пасля працэсіі побач з алтаром ставіцца крыж і фігура ўваскрослага Хрыста, спяваецца гімн «Tantum ergo Sacramentum», пасля якога наступае малітва і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У святой Імшы, якая адбываецца непасрэдна пасля рэзурэкцыйнай працэсіі, прапускаецца спеў на ўваход, чын пакаяння, а распачынаецца літургія гімнам «Хвала на вышынях Богу». Пасля святой Камуніі выконваецца гімн «Te Deum».

На фота: рэзурэкцыйная працэсія

Ці праўда, што калі ўдзельнічаем у вігіліі Вялікадня, то неабавязковы ўдзел ў рэзурэкцыі, і наадварот?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба патлумачыць некаторыя паняцці і назвы: ёсць Пасхальная вігілія — святая Імша Уваскрасення Пана ў Вялікую суботу пасля заходу сонца і рэзурэкцыйная працэсія, якая можа адбыцца непасрэдна пасля Пасхальнай вігіліі або раніцай на світанні і святая Імша Уваскрасення Пана ўдзень.

Мы, як хрысціяне-католікі, маем абавязак удзелу ў Велікоднай святой Імшы. Ці гэта будзе Пасхальная вігілія, ці гэта будзе святая Імша ў сам дзень Вялікадня — не мае значэння, каму як зручна і хто якую мае магчымасць. Рэзурэкцыя ж, як працэсія, не можа замяніць святой Імшы.

Ці абавязкова ўдзельнічаць у Імшы на другі дзень свята (панядзелак)?

У традыцыі Каталіцкага Касцёла ёсць святы і ўрачыстасці, якія звязаны з асаблівымі таямніцамі нашага збаўлення. Да такой урачыстасці належыць свята Вялікадня. Каб падкрэсліць асабліва ўрачысты характар гэтага дня, літургія Касцёла заклікае да асаблівага яго святкавання. Калі мы кажам пра другі дзень святаў Вялікадня, то ён не ўзгадваецца ў каноне 1246 § 1 Кодэкса Кананічнага Права, які пералічвае абавязковыя святы, таму няма абавязку ўдзельнічаць у святой Імшы. Але ж ці хрысціянскае і рэлігійнае жыццё — гэта толькі выконванне абавязку? Святая Імша — гэта перад усім сустрэча з уваскрослым Езусам Хрыстом і нагода пядзякаваць Яму за збаўленне, асабліва ў перыяд Вялікадня, калі перажываем гэтую таямніцу. Таму Касцёл заахвочвае да ўдзелу ў святой Імшы ў другі дзень святаў.

P.S. Шаноўныя чытачы, шчыра жадаю вам плённа перажыць урачыстасць Вялікадня, няхай у гэтым дапамогуць вам парады нашых святароў. І няхай уваскрослы Збаўца напоўніць ваша жыццё сапраўднай радасцю!

Святлана Жылевіч

Пра тое, у якія дні католікаў абавязвае сціслы пост, чытайце тут >>>

Абноўлена 03.08.2017 16:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця