Пошук

30.03.2018 10:51   Кс. Дзмітрый Леўчык / Catholic.by
Pierre Mignard, Jesus Meets the Women French, 1687. Paris, Musee du Louvre

Раман задае пытанне: «Падчас Крыжовага шляху восьмая стацыя нярэдка называецца “Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын” і падаецца звязаны з гэтым момантам тэкст Святога Пісання: “…не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых”. Аднак на цяперашні лад гэта гучыць больш як суровае папярэджанне, чым суцяшэнне, бо плакаць трэба, прычым па больш блізкіх людзях — па сабе і па дзецях.

Скажыце, калі ласка, чаму ўсё ж гэты момант трактуецца як суцяшэнне».

На пытанне адказвае кс. Дзмітрый Леўчык:

Калі мы возьмем для параўнання некалькі каталіцкіх малітоўнікаў, то можам заўважыць, што назва восьмай стацыі Крыжовага шляху «Пан Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын» з’яўляецца адной з магчымых. Апрача яе, мы можам сустрэць такія, як «Пан Езус перасцерагае…», «Пан Езус сустракае…» і гэтак далей. З якім жа намерам Езус звяртаецца да ерузалемскіх жанчын?

Аб сустрэчы гэтай успамінае св. Лука: Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус звярнуўся да іх і сказаў (ειπεν): Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі. Тады пачнуць казаць гарам: упадзіце на нас; і пагоркам: накрыйце нас! Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім? (Лк 23, 27-31)

Грэчаскае слова ειπεν (тр. эйпэн) перакладаецца проста як «сказаў» і, здаецца, не перадае спецыяльна намеру Езуса адносна характару Яго звароту. Але сам зварот «дочкі ерузалемскія», хутчэй за ўсё, з’яўляецца аднясеннем да кнігі «Песня песняў», праз які Езус хоча падкрэсліць, што менавіта Ён — той самы «Жаніх», які бярэ на сябе цяжар сваёй нявесты. Таму гэты зварот нясе ў сабе пазітыўнае адценне надзеі.

Ведаючы, што станецца з Ерузалемам праз некалькі гадоў пасля Яго ўкрыжавання, Езус меў сэрца, поўнае смутку і жалю адносна маці, якія ўбачаць сваіх сыноў забітымі рымскімі салдатамі.

Але Езус ведаў таксама, што гэтае няшчасце — вынік таго, што адбываецца з Ім цяпер. Таму, акрамя моцных словаў перасцярогі да жыхароў Ерузалема, нельга абмінуць суцяшэння і жалю, якое Езус да іх кіруе.

Нават словы «Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі» (вельмі відавочнае аднясенне да прарока Осіі (пар. Ос 9.14)), можна зразумець толькі праз прызму ўсяго навучання гэтага прарока, у якім, нягледзячы на моцныя словы перасцярогі і нават кары з вуснаў Бога, усё ж пануе Божая любоў, прабачэнне і надзея аднаўлення.

Ксёндз Дзмітрый Леўчык — святар Гродзенскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

Абноўлена 30.03.2018 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця