Пошук

09.11.2012 03:17  

«Памятай дзень святы святкаваць» — кажа трэцяя Божая запаведзь. А Каталіцкі Касцёл тлумачыць, што нядзеля (Дзень Пана) — гэта дзень адпачынку і асвячэння сябе. Здаецца, усё зразумела, але ў цэлым, абагулена. Бо калі бяром нашую нядзелю, узнікае мноства пытанняў, што ж усё-такі можна рабіць, а што нельга. Сёння будзем шукаць адказы на пытанні чытачоў адносна трэцяй запаведзі.

Тым, хто сапраўды хоча разабрацца ў пытанні, а не абмежавацца фармальным падыходам, раім азнаёміцца з Апостальскім лістом Яна Паўла «Dies Domini» аб святкаванні нядзелі і пачарпнуць з яго мноства карыснай інфармацыі.

Аднак і пасля яго прачытання могуць застацца прыватныя пытанні, паколькі Кодэкс Кананічнага Права «не вызначае, якую працу можна выконваць, а якую не, ён гаворыць толькі аб устрыманні ад тых заняткаў і працы, што перашкаджаюць аддаваць Богу пашану».

Разабрацца нашым чытачам у пытаннях, звязаных са святкаваннем нядзелі, дапамагае кс. Дзмітрый Дубовік.

У Апостальскім лісце Яна Паўла ІІ чытаем: «Дзень Пана перажываецца па-сапраўднаму тады, калі ён ад пачатку і да канца прасякнуты ўдзячным і дзейсным успамінам пра збаўчыя справы Бога». Што тут маецца на ўвазе і як гэта можа выглядаць на практыцы?

У гэтых словах Пантыфік звятрае ўвагу на тое, што нельга абмяжоўваць святкаванне нядзелі толькі ўдзелам у Эўхарыстыі і заклікае, «каб супакой і радасць Уваскрослага Пана праяўлялася ў звычайных здарэннях жыцця» (Dies Domini 52). На практыцы гэты заклік рэалізуецца праз малітву, чытанне Святога Пісання і духоўнай літаратуры, сумесны адпачынак у сям’і, учынкі міласэрнасці для душы і цела бліжняга — усё тое, што ўмацоўвае нас у веры, надзеі і любові.

Ці абавязкова святкаваць менавіта нядзелю? Ці такім днём можа быць іншы вольны ад працы дзень?

«Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведванне нашае, і вера наша марная» (1 Кар 15, 14) — піша св. Павел. Інакш кажучы, святкаванне нядзелі, дня Уваскрасення Пана, з’яўляецца выразам нашай веры, якая ў адваротным выпадку «марная». Любы іншы дзень тыдня не заменіць нядзелю, у якую святкуем уваскрасенне Хрыста, і таму адпачываем. Не можа быць наадварот — адпачываем і таму святкуем уваскрасенне Хрыста.

Што значыць святкаваць нядзелю?

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Святкаванне нядзелі, якую называюць «Пасхай тыдня», з’яўляецца не проста ўспамінам факта ўваскрасення Езуса, але «святкаваннем жывой прысутнасці Уваскрослага сярод вернікаў» (Dies Domini 31). Таму гэтае святкаванне заўсёды звязана з супольнасцю Касцёла — Містычным Целам Хрыста, «калі з любові да Яго мы збіраемся разам, і, як некалі вучням, Ён адкрывае нам слова Божае і ламае для нас хлеб эўхарыстычны» (І Эўхарыстычная малітва ў розных патрэбах).

Зрэшты іншыя аспекты святкавання нядзелі таксама знаходзім у вышэй цытаванай Эўхарыстычнай малітве, у якой просім Пана: «умацуй повязь адзінства», «адкрай нашыя вочы, каб мы бачылі патрэбы братоў нашых; натхні нас, каб мы словам і справаю суцяшалі пакутуючых і абцяжараных, дай, каб мы шчыра ім служылі па прыкладзе Хрыста, які наказаў нам любіць бліжніх» і г.д. Адным словам, гэта святкаванне павінна быць дынамічным, жывым, «каб радасць нашая была поўнай» (1 Ян 1, 4).

Чым нядзельная літургія адрозніваецца ад іншых?

У вышэй узгаданым Апостальскім лісце Святы Айцец звяртае ўвагу, што нядзельная Эўхарыстыя сама па сабе нічым не адрозніваецца ад «будзённай», і не можа быць адасоблена ад сакрамэнтальнага жыцця. Але нядзельная літургія сваім асаблівым святочным характарам і абавязковым удзелам у ёй усёй супольнасці, а таксама тым, што цэлебруецца «ў дзень, калі Хрыстус перамог смерць і зрабіў нас удзельнікамі свайго вечнага жыцця», паказвае больш выразна свой эклезіяльны характар і з’яўляецца першапачатковым узорам іншых эўхарыстычных цэлебрацый. Кожная супольнасць, якая збірае сваіх членаў на «ламанні хлеба», усведамляе, што яна з’яўляецца месцам, дзе выразна выяўляецца таямніца Касцёла. У гэтай цэлебрацыі супольнасць адкрываецца на камунію з паўсюдным Касцёлам, просячы Айца «памятаць пра Касцёл, рассеяны па ўсім свеце», і дапамагаць яму ўзрастаць у еднасці (усіх вернікаў з Папам і з пастырамі паасобных Касцёлаў), пакуль любоў не стане дасканалай» (Dies Domini 34).

У чым павінна заключацца святкаванне касцёльных урачыстасцяў, калі яны выпадаюць на працоўны дзень?

Фармальна не існуе розніцы паміж святкаваннем нядзелі і абавязковых урачыстасцяў, да якіх адносяцца тыя ж самыя прадпісанні Кананічнага права (кан. 1246 §1 і кан. 1247). Аднак зразумела, што большасць вернікаў у нашай краіне не мае магчымасці ўстрымацца ад працы ў такія святы, таму Касцёл указвае, што гэты дзень павінен перажывацца як «дзень нашага збаўлення, якое дазваляе нам удзельнічаць у «святочным сходзе», «Касцёле першародных, запісаных у нябёсах» (ККК 2188). На практыцы гэта здзяйсняецца праз малітву, учынкі міласэрнасці, дапамогу бліжнім і г.д., таксама памятаем пра абавязак удзелу ў Эўхарыстыі.

Фота Віталія Палінеўскага

Ці можна казаць, што адназначна рабіць нельга, а што непажадана? Ці ўсё залежыць ад сумлення канкрэтнай асобы і сямейных традыцый?

Хутчэй гэта залежыць ад таго, як тое ці іншае дзеянне ўплывае на нашыя адносіны з Богам — верным «належыць устрымлівацца ад тых прац і заняткаў, якія перашкаджаюць адпраўленню культу Бога, а таксама радасці, уласцівай Дню Пана, і належнаму духоўнаму і цялеснаму адпачынку» (СІС кан. 1247)

Пры якіх умовах нядзельная Імша па радыё/тэлебачанню/інтэрнэту прыраўноўваецца да Імшы ў касцёле?

У каноне 1248 §2 Кодэкса кананічнага права чытаем, што такой умовай з’яўляецца адсутнасць святара альбо іншая сур’ёзная прычына. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падае прыклады такой сур’ёзнай прычыны: хваробу і дагляд за немаўляткам (ККК 2181).

Раней было прынята, што ў нядзелю нельга шыць, вязаць, прасаваць. Для некаторых, напрыклад, вязанне — гэта адпачынак. Ці можна займацца такога роду адпачынкам у нядзелю ці ўсё ж такі гэта грэх?

Тут варта звярнуць увагу не столькі на само дзеянне, колькі на яго інтэнцыю і мэту, ад якіх і будзе залежаць наяўнасць граху. Напрыклад, вязаць шкарпэткі для продажу — грэх.

Ці можна хадзіць на рынак і ў басейн у нядзелю? Пры гэтым, канечне, не забыцца пра святую Імшу?

Ілюстратыўнае фота

Фармальна шопінг, наведванне разнастайных забаўляльных месцаў і г.д. не з’яўляецца працай, але варта памятаць пра тое, што, наведваючы такія месцы, мы карыстаемся з працы іншых людзей — таксама хрысціян. І праблема тут у тым, што гэтыя хрысціяне працуюць толькі таму, што іх браты і сёстры найчасцей наведваюць гэтыя месцы (рынкі, кафэ і г.д.) менавіта ў нядзелю, а, як вядома, сфера абслугоўвання жыве на падставе прынцыпу: попыт нараджае прапанову. Таму наведванне вышэй узгаданых месцаў з’яўляецца саўдзелам у граху і схіленнем да яго.

Ці з’яўляецца грахом працаўладкоўванне на месца, дзе патрэбна будзе працаваць у нядзелю?

Каб адказаць на гэтае пытанне, варта звярнуць увагу на спецыфіку той альбо іншай сферы дзейнасці чалавека і магчымасць канкрэтнай асобы ў выбары месца працы. Па-першае трэба памятаць, што існуе шмат прафесій, дзе праца ў нядзелю з’яўляецца абавязковай і мае значную грамадскую карысць, напрыклад: медыкі, ратавальнікі, міліцыянеры, вайскоўцы і г.д. Такая праца не будзе грахом, але нельга забываць пра абавязак удзелу ў Эўхарыстыі (таксама трэба казаць аб гэтай працы падчас споведзі). У тых жа выпадках калі  неабходнасць нядзельнай працы выплывае з іншых прычын, чым вышэй ўзгаданыя, — напрыклад, прыбытак працадаўцы і мы

  • маем выбар месца працы з прыкладна аднолькавым заробкам альбо з заробкам большым за дастатковы мінімум, тады выбіраем тое, дзе зможам выконваць наш абавязак святкавання нядзелі, у адваротным выпадку будзем чыніць грэх;
  • маем выбар месца працы, але заробак на «будзёнай» працы вельмі нізкі (ніжэй дастатковага мінімуму), тады, канечне, выбіраем працу з дастойным заробкам і граху не будзе, але нельга забываць пра абавязак удзелу ў Эўхарыстыі;
  • не маем выбару месца працы — граху няма, але нельга забываць пра абавязак удзелу ў Эўхарыстыі.

Варта памятаць, што гэта не ўніверсальны адказ, бо кожная сітуацыя індывідуальна.

Няўдзел у нядзельнай Імшы па прычыне працы — гэта грэх?

Так. «У нядзелю, а таксама ў іншыя прадпісаныя ўрачыстасці верныя абавязаны ўдзельнічаць у святой Імшы» (СІС кан. 1247).

Праца на вёсцы. Ці грэх працаваць у нядзелю (напрыклад, убіраць сена, калі нядзеля выдалася адзіна сухім, спрыяльным днём)?

Граху не будзе ў тым выпадку, калі да працы нас схіляюць выключныя, форс-мажорныя сітуацыі, напрыклад, набліжаецца навальніца, якая можа знішчыць плён шматдзённай цяжкой працы.

Ілюстратыўнае фота

Жадаем апрануць сукенку, але яна не прасаваная? Ці можна яе прасаваць? Ці можна сціраць у пральцы ў нядзелю?

Гэтыя пытанні не столькі звязаны з магчымасцю здзяйснення працы ў нядзелю, колькі адносяць нас да звычыйнай разважлівасці, калі мы загадзя плануем свае дзеянні. Таму такая праца, якую можам зрабіць у іншы час, але пакідаем на нядзелю, будзе грахом — занядбаннем.

Як павінны святкаваць нядзелю дзеці (ці можна вучыць урокі?)

Зноў звернемся да Кананічнага права — верным «належыць устрымлівацца ад тых прац і заняткаў, якія перашкаджаюць адпраўленню культу Бога, а таксама радасці, уласцівай Дню Пана, і належнаму духоўнаму і цялеснаму адпачынку» (СІС кан. 1247).

Калі ж казаць аб практычным выкананні гэтага прадпісання, то варта нагадаць, што нядзельны адпачынак у сям’і павінен быць сапраўды сямейным, адпачынкам, які абядноўвае сям’ю, якая ў буднія дні часта «падзелена» разнастайнымі абавязкамі і працай. Таму трэба клапаціцца, каб свае абавязкі, звязаныя з навучаннем (маецца на ўвазе канкрэтнае выкананне хатняга задання), дзеці выконвалі ў іншыя дні. Тут кажам не толькі аб выкананні прадпісання святкаваць нядзелю, але і аб выхаванні ў дзецях пашаны да Дня Пана, «здольнасці» да адпачынку і г.д.

Ілюстратыўнае фота

Ян Павел ІІ пісаў: «Адпачынак з’яўляецца чымсьці „святым“, таму што дазваляе чалавеку вызваліцца ад нярэдка надзвычай патрабавальнага рытму зямных спраў і зноў узгадаць, што ўсё з’яўляецца Божай справай». Значыць дзень, які складаецца з удзелу ў Імшы і ляжання на канапе і прагляду фільмаў (для несямейнага чалавека) таксама правільны?

Адкажу славамі Яна Паўла ІІ: «Каб гэты адпачынак не ператварыўся ў бессэнсоўную нудную бяздзейнасць, ён павінен стаць крыніцай духоўнага ўзбагачэння, забяспечваць большую свабоду, даваць магчымасць для сузірання і спрыяць братняй еднасці. Таму сярод розных формаў чалавечай культуры і забаў, якія прапануе грамадства, вернікі павінны выбіраць тыя, якія найбольш адпавядаюць жыццю, згоднаму з евангельскімі запаведзямі». Калі ляжанне на канапе і прагляд фільмаў спрыяюць таму, аб чым кажа Святы Айцец, то такі адпачынак таксама правільны.

P.S. Ну а каб заўсёды быць, што называецца, у  курсе падзей і атрымліваць адказы на свае пытанні, часцей заходзьце на нашую старонку ў Facebook. Там вы заўсёды зможаце паўдзельнічаць у абмеркаванні матэрыялаў рубрыкі, даведацца аб яе новых тэмах і задаць пытанне.

Святлана Жылевіч

Абноўлена 10.08.2017 17:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.