Пошук


У 1861 годзе Італія была абвешчана каралеўствам са сталіцай у Турыне. З гэтага моманту з боку Святога Пасаду ўсё актыўней сталі вылучацца прэтэнзіі на Рым. Адной са спробаў прадэманстраваць незалежнасць Касцёла быў Першы Ватыканскі Сабор, які адкрыўся 8 снежня 1869 года.

Аднак ужо ў 1862 і ў 1867 гадах у Рыме праходзілі вялікія сходы біскупаў.

У 1862 годзе 255 біскупаў прысутнічалі пры кананізацыі 23 францішканаў і трох езуітаў, якія здзейснілі подзвіг мучаніцтва ў Японіі ў канцы XVI стагоддзя.

Гэтая падзея была ўнікальная тым, што на ёй прысутнічалі 13 канадцаў і адзін амерыканец пры тым, што італьянскіх біскупаў практычна не было з-за перашкодаў з боку італьянскага ўраду. Ён разглядаў гэтую падзею як дэманстрацыю міжнароднай салідарнасці з Рымам.

Сход біскупаў 1867 года быў прымеркаваны да 1800-годдзя з часу мучаніцтва апосталаў Пятра і Паўла. На яго прыехала 490 біскупаў і 14 тысяч святароў з розных краін, уключаючы Кітай і Індыю. Сход таксама стаў падзеяй палітычнай, сімвалізуючы сабой тое, што Касцёл мае міжнародны характар і дзяржава не можа ўмешвацца ў яго справы.

Пантыфік аб'явіў аб неабходнасці склікаць трэці сход да наступлення 1870-х гг., які ўжо будзе Саборам.

Гэтая ідэя з'явілася ў Пія IX у 1864 годзе незадоўга да публікацыі «Спісу важнейшых памылак нашага часу». І калі асобныя кардыналы былі за Сабор, то Рымская курыя выступіла супраць ідэі Пантыфіка, таму што разглядала Сабор як новую крыніцу ўлады і ўмяшальніцтва ў існуючыя спосабы кіравання Касцёлам.

Папа Пій IX

Папа папрасіў каля 40 біскупаў распрацаваць парадак Сабору. Справа рухалася павольна, бо Курыя зацягвала з прыняццем канчатковага рашэння, а сам Дзяржаўны Сакратар Антанэллі не хаваў адсутнасці энтузіязму.

Трыдэнцкі Сабор, які адкрыўся па ініцыятыве папы Паўла ІІІ 13 снежня 1545 года, і Першы Ватыканскі падзяляе самы вялікі прамежак часу ў гісторыі Касцёла.

Многія гісторыкі звязваюць гэты факт з тым, што, пачынаючы з XVII стагоддзя, было складана склікаць менавіта Сусветны Сабор: падарожнічаць прыходзілася праз акіяны, такія паездкі былі занадта доўгімі і даволі небяспечнымі, і толькі да XIX стагоддзя з яго бурным развіццём транспарту скліканне Сусветнага Сабору стала магчымым.

Була, якой быў скліканы Першы Ватыканскі Сабор, з'явілася ў чэрвені 1868 года. Было відавочна, што адна з функцый Сабору — прадэманстраваць неабходнасць захавання свецкай улады Папы, супраць якой выступаў, у першую чаргу, Віктар Эмануіл II, спачатку кароль Сардзінскага каралеўства, а потым — першы кароль аб'яднанай Італіі. Да таго ж, законы, па якіх функцыянавала душпастырская сістэма, састарэлі, бо засноўваліся яшчэ на канонах Трыдэнцкага Сабору і рашэннях Папаў эпохі Контррэфармацыі.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя Бэнэдыкт XIV спрабаваў мадэрнізаваць сістэму, але нават пасля гэтых спробаў прайшло цэлае стагоддзе.

Законы аб устанаўленні грамадзянскага шлюбу і, у цэлым, складанасць адносінаў Касцёла і дзяржавы ў XIX стагоддзі, праблема Усходніх Касцёлаў таксама гаварылі на карысць склікання Сабору.

Першапачаткова пытанне аб тым, ці можа Папа памыляцца ў сферы веры і маральнасці, не было ўключана ў спіс пытанняў для абмеркавання, але было зразумела, што да яго, хутчэй за ўсё, будуць звяртацца. Было прынята рашэнне, што кіраўнікі каталіцкіх дзяржаў не будуць запрошаны, хоць раней існавала такая традыцыя. Пры гэтым, па патрабаванні Дзяржаўнага Сакратара Святога Пасаду Антанэллі, яны атрымалі магчымасць даслаць сваіх прадстаўнікоў.

Выява Першага Ватыканскага Сабору

Сабор пачаў сваю працу 8 снежня 1869 года ў базыліцы святога Пятра. Гэта быў сход міжнароднага ўзроўню, нягледзячы на тое, што палова прысутных былі італьянцамі або французамі. Каля 10% біскупаў прыехалі з Аўстра-Венгрыі і германскіх земляў, 63 біскупы былі ірландцамі, 85 чалавек прадстаўлялі Іспанію і яе былыя калоніі.

Усяго поўны спіс удзельнікаў налічваў 792 імені. Біскупы групаваліся па нацыях. Найбольш неаднароднай групай былі французы, якія раздзяліліся ў меркаваннях па пытанні аб папскай беспамылковасці.

21 студзеня 1870 года айцам быў прадстаўлены праект для разгледжання «Аб Касцёле Хрыстовым». У ім гаварылася, што Хрыстус заснаваў Касцёл і прыналежнасць да Рымскага Касцёла неабходная для збаўлення. Касцёл не можа памыляцца, паколькі ім кіруе Святы Дух.

Ад Хрыста святы Пётр і яго наступнікі атрымалі прымат (першынства). Папа — не проста ганаровы біскуп, у яго звычайнай юрысдыкцыі знаходзяцца ўсе святары і вернікі, якія належаць да Касцёла. Ад Провіду ён атрымаў тэрыторыі, што дазваляе гарантаваць яго свабоду і незалежнасць ад усіх зямных сіл. У грамадзянскай супольнасці не належыць аддзяляць Касцёла ад дзяржавы.

Урады розных краін павінны прымаць пад увагу хрысціянскую этыку. Праект асудзіў абсалютысцкія дзяржавы, якія зрабілі дзяржаву крыніцай усіх законаў.

Касцёл павінен мець магчымасць навучаць веры моладзь. Семінарысты не павінны прымушацца да вайсковай службы. Манахі і манахіні могуць свабодна фарміраваць супольнасці.

Аднак іерархі, якія прысутнічалі на Першым Ватыканскім Саборы, раскрытыкавалі гэты праект за адсутнасць у тэксце балансу паміж роляй Папы і біскупаў.

«Аб Касцёле Хрыстовым» быў адкліканы для перагляду, і да яго ўжо не вярталіся ў ходзе Сабору.

З 9 мая 1870 года пачалося абмеркаванне догмату аб беспамылковасці Папы. У праекце ён называўся «прэрагатыва» беспамылковасці, якая распаўсюджвалася на пытанні веры і маралі і не мела на ўвазе беспамылковасці па іншых пытаннях.

Ён прымяняўся толькі тады, калі Папа выступаў у якасці Вікарыя Хрыста, не распаўсюджваўся на якіясьці індывідуальныя або нацыянальныя пытанні.

Галасаванне па Апостальскай канстытуцыі «Pastor aeternus», якая абвясціла догмат аб беспамылковасці, прайшло 18 ліпеня 1870 года. 533 чалавекі прагаласавалі «за», два — «супраць».

На наступны дзень пасля прыняцця канстытуцыі «Pastor aeternus» Францыя аб'явіла вайну Прусіі. Гэта азначала хутчэйшае вяртанне на радзіму многіх біскупаў. Больш за 150 чалавек пакінулі Першы Ватыканскі Сабор. Акрамя таго, у сярэдзіне жніўня 1870 года італьянская армія пачала мабілізавацца. Было відавочна, што яна вырушыць на Рым.

2 верасня 1870 года французскі імператар, на дапамогу якога Папа абапіраўся ў супрацьстаянні з Віктарам Эмануілам ІІ, быў акружаны прускімі войскамі каля Седана. Такім чынам, ціск на Святы Пасад з боку італьянскага ўраду ўзмацніўся. Папа Пій IX не верыў, што італьянская армія асмеліцца пайсці на Рым, і яму здавалася, што калі гэта і здарыцца, то Францыя або Аўстрыя выступяць на яго баку.

На фота: італьянскія войскі ўваходзяць праз Брамы Пія 20 верасня 1870 г.

Тым не менш, італьянскія войскі ўвайшлі ў Вечны горад 20 верасня 1870 г. пасля пяцігадзіннай бітвы і з'яўлення прабоіны ў Брамах Пія. Пій IX аб'явіў сябе «вязнем караля Віктара Эмануіла», «ватыканскім вязнем». Нягледзячы на ўсе гэтыя падзеі, у Рыме працягваўся Першы Ватыканскі Сабор.

Некаторыя біскупы прапанавалі працягнуць яго працу ў Бельгіі, але 20 кастрычніка 1870 года Папа прыняў рашэнне аб тым, што Сабор не можа свабодна абмяркоўваць якіясьці пытанні, і адклаў яго да даты, якая павінна была быць вызначана пазней, чаго так і не адбылося.

У выніку праекты, якія датычылі місій, дысцыпліны, апекавання душамі, адправіліся ў архіў. Такім чынам, асноўнай падзеяй Першага Ватыканскага Сабору стала абвяшчэнне догмату аб беспамылковасці Папы.

Абноўлена 03.04.2018 14:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця