Пошук

19.10.2012 11:00  

Добрага дня, шаноўныя чытачы! Сустракаемся з вамі па пятніцах, днях, калі Каталіцкі Касцёл узгадвае муку і смерць Езуса Хрыста і калі заахвочвае да пакуты і разважання. З пакаяннем і навяртаннем звязаны і сакрамэнт споведзі. Пра яго мы з вамі працягнем гутарку.

На пытанні адказвае а. Аркадзь Куляха OCD.

Раім пачытаць: Навошта спавядацца? (Лікбез, ч.1)

Што рабіць, калі споведзь не прынесла маральнай палёгкі?

Споведзь дае паяднанне з Богам — найвялікшы дар: Бог апраўдвае грэшніка, аднак не ачышчае яго памяць. Часам пасля споведзі чалавек адчувае адначасова радасць з атрыманага прабачэння і боль як натуральны вынік граху. Нельга забываць, што ў споведзі найважнейшая менавіта сустрэча з Богам, а не пачуцці. Упэўненасць прабачэння і свядомасць умілавання Богам прыносіць палёгку і ўнутраны спакой. Стан неспакою можа вынікаць і з неадпаведнай падрыхтоўкі да сакрамэнту пакаяння і паяднання з прычыны перажываных праблем асабістага характару. Але Бог можа дапусціць духоўную сухасць дзеля ачышчэння. Нават у такім стане трэба добра спавядацца.

Святая Фаўстына піша ў сваім дзённіку пра аб’яўленне Езуса адносна адной сястры, якой споведзь не прыносіла палёгкі: «Спытала ў яе, ці калі-небудзь казала пра гэта спаведніку. Адказала мне, што шмат разоў пра гэта казала спаведнікам і заўсёды яны кажуць, каб была спакойнай, аднак, вельмі пакутуе і нічога ёй не прыносіць палёгкі, і надалей здаецца, што Бог яе не прабачыў. Адказала ёй: Будзьце паслухмянымі спаведніку і прашу быць абсалютна спакойнай, бо гэта, напэўна, спакуса. Аднак яна са слязьмі на вачах прасіла, каб я спытала Езуса, ці прабачыў яе і ці добрыя яе споведзі, ці не. Адказала ёй энергічна: Спытайцеся самі, калі не верыце спаведнікам. Яна ж схапіла мяне за руку і не хацела адпусціць, пакуль не скажу, што памалюся за яе і не распавяду, што Езус кажа пра яе. Горка плачучы, не хацела мяне адпусціць, і сказала: Я ведаю, што вам Езус кажа. Не ў сілах адарвацца ад яе, бо схапіла за руку, сказала, што памалюся за яе. Увечары падчас благаслаўлення пачула такія словы: Скажы ёй, што Мяне больш раніць яе недавер, чым грахі, якія ўчыніла. Калі сказала ёй пра гэта, яна расплакалася, як дзіця, і вялікая радасць агарнула яе душу (Дзённік 628)».

Ці можа святар падчас споведзі называць пэнітэнта па імені, калі ведае яго?

Святар як духоўны айцец і той, які дзейнічае ад імя Бога, можа называць чалавека па імені падчас споведзі не толькі, калі яго ведае, але і тады, калі пэнітэнт на пачатку сакрамэнту назваў сваё імя.

Незалежна ад таго, ці святар называе пэнітэнта па імені, ці звяртаецца да яго ў другой асобе адзіночнага ці множнага ліку, споведзь не змяняе сваёй надпрыроднай вартасці. Парадак сакрамэнту пакаяння і паяднання формулу абсалюцыі (адпушчэння грахоў) падае ў другой асобе адзіночнага ліку без называння па імені. Кожны падчас хросту атрымаў выбранае бацькамі або блізкімі імя, якое выражае яго і з якім ён атаясамліваецца. Бог ведае чалавека па імені і хоча сказаць таксама падчас споведзі: «Не бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе па імені твайму: ты — Мой» (Іс 43, 1).

Ці мае права святар радзіцца з іншымі святарамі, субратамі наконт пакуты для пэўнага чалавека?

Акты пакуты маюць экспіяцыйны (далучэнне да ахвяры Хрыста за грэх), лячэбны і выхаваўчы характар. Тэарэтычна святар мог бы радзіцца адносна пакуты як сродка ў працэсе духоўнага ўзрастання сваіх пэнітэнтаў, аднак павінен гэта зрабіць такім чынам, каб, нават ускосна, не здрадзіць таямніцу споведзі. Час фармацыі ў духоўнай семінарыі, асабістая практыка, а асабліва адкрытасць на дзеяне Духа Святога робяць спаведніка здольным самастойна выбіраць і прызначаць пакуту, якая адпавядае канкрэтнаму пэнітэнту.

Ці можна расказваць іншым пра пакуту, якую прызначыў святар? Чаго святар і той, хто спавядаўся, не можа выносіць са споведзі?

Заканадаўства Каталіцкага Касцёла не забараняе пэнітэнту размаўляць з іншымі пра прызначаную пакуту і тое, што пачуў у канфесіянале. Аб устаноўленай на працягу стагоддзяў таямніцы споведзі кажа Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла: «Беручы пад увагу далікатнасць і значнасць гэтай паслугі, а таксама належную павагу да асобы, кожны спаведнік абавязаны без выключэнняў і пад вельмі суровымі карамі захоўваць сакрамэнтальную пячаць, гэта значыць абсалютную таямніцу адносна вызнаных на споведзі грахоў» (КККК 309).

Той, хто прыступаў да сакрамэнту паяднання не абавязаны захоўваць таямніцу, аднак, беручы пад увагу характар споведзі, варта задаць пытанне, дзеля якой мэты пэнітэнту расказваць пра тое, што пачуў у канфесіянале? Часам камусьці можа здавацца, што расказваючы іншым пра сваю пакуту, дапаможа ім у духоўным узрастанні. Аднак нельга забываць, што спаведнік задае акты пакуты канкрэтнаму чалавеку, улічваючы яго духоўны стан, патрэбы і магчымасці. Слушна меркаваць, што выяўленне пэнітэнтам пакуты, як і самой споведзі, супярэчыць узнёсласці сакрамэнту і вельмі асабліваму, можна сказаць, інтымнаму яе характару. Варта таксама памятаць, што абавязак захаваць таямніцу споведзі, апрача святара, мае перакладчык (калі хтосьці спавядаецца праз яго) і той, хто выпадкова пачуў ці даведаўся нешта са споведзі іншага чалавека (напр., стоячы недалёка ад канфесіянала або знаходзячы спіс грахоў, які чалавек падрыхтаваў перад споведдзю).

На якія пытанні святара падчас споведзі вернік можа не адказваць? А на якія павінен?


Спавяднік часам задае пытанні, якія могуць дапамагчы пэнітэнту добра паспавядацца, напр., пра колькасць, акалічнасці граху, але таксама пра канкрэтны грэх ці тое, што можа нагадаць пра яго. Падобна ўрачу, які задае хвораму розныя дадатковыя пытанні, бо хоча яго дабра, і святар павінен імкнуцца добра распазнаць стан пэнітэнта, каб яго споведзь была шчырай, поўнай і сапраўднай. Добра пастаўленае пытанне можа адчыніць вочы на грэх або пераадолець бар’ер страху перад названнем учыненага зла па імені. Шчырасць, якая ёсць умовай споведзі, вядзе да даверу сябе Богу і святару, які ў сакрамэнце пакаяння з’яўляецца не толькі сведкам прабачэння і ласкі, але таксама распарадчыкам, суддзёю і лекарам. Святар павінен разважліва задаваць пытанні, каб не пашкодзіць пэнітэнту, пазбягаючы празмернай дакладнасці, асабліва ў тым, што сарамліва ці датычыць самога працэсу грэшнага чыну, а пэнітэнт, калі не хоча адказваць на нейкія пытанні, можа сказаць пра гэта спаведніку.

Калі ўтаіў грэх, уся споведзь лічыцца несапраўднай?

Утойванне граху супярэчыць сутнасці і сэнсу споведзі, таму, калі датычыць сур’ёзнай матэрыі (смяротнага граху), робіць пакаянне несапраўдным. Тут варта нагадаць, што святар ёсць распарадчыкам сакрамэнту, г. зн. служыць як пасрэднік паміж Богам і чалавекам, як лекар і суддзя. На гэтым судзе, пры выкананні ўмоваў, ёсць толькі апраўданне, чаму прыклад даў Езус у сустрэчы з грэшніцай: «Езус сказаў ёй: I Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы» (Ян 8, 11).

Прычынай затойвання граху можа быць сорам, страх перад рэакцыяй святара, калі ён, напр., знаёмы. Неабходна сабе ўявіць, што ў споведзі адбываецца сустрэча з самім Богам, падчас якой святар з’яўляецца распарадчыкам ласкі прабачэння. Можа дапамагчы таксама ўсведамленне таямніцы, якая абавязвае святара, таксама перад самім пэнітэнтам. Не без значэння ёсць і ласка, якую Бог удзяляе спаведніку для слухання споведзі, а таксама радасць святара, калі становіцца сведкам моцы Бога і духоўнага адраджэння грэшніка.

Складана ўявіць сітуацыю, калі хтосьці не кажа лекару пра нейкі боль ці праблему, бо сароміцца або баіцца. Лекару кажам таксама пра тое, што непрыемна і баліць. Калі быў утоены цяжкі грэх, то споведзь лічыцца несапраўднай і святатацкай.

У чым заключаецца роля пастаяннага спаведніка?

Роля пастаяннага ці непастаяннага спаведніка — у агульным аднолькавая і вынікае з самой сутнасці сакрамэнту споведзі: сакрамэнтальная сустрэча з пэнітэнтам, слуханне вызнання грахоў і іх маральная ацэнка, настаўленне, прызначэнне пакуты, а таксама адпушчэнне грахоў, калі пэнітэнт да гэтага гатовы. Не без значэння ёсць таксама дапамога пэнітэнту ў пазнанні і зразуменні самога сябе, фарміраванне яго сумлення і адпаведных жыццёвых паставаў ці дапамога ў здзяйсненні выбараў і паказванне дарогі да святасці.

Менавіта пастаянны спаведнік можа рэалізаваць вышэй узгаданыя заданні лепш і больш паспяхова, бо падобна пастаяннаму лекару, ведае пэнітэнта і можа дапамагчы яму ў правільным духоўным развіцці, становячыся адначасова духоўным кіраўніком. Выбар пастаяннага спаведніка вельмі карысны кожнаму, хто прагне сур’ёзна не толькі прабачэння грахоў, але і дапамогі на дарозе духоўнага ўзрастання. Такога спаведніка трэба выбраць самому, рэгулярна ў яго спавядацца (пажадана прынамсі адзін раз у месяц) і быць паслухмяным яго кіраўніцтву.

Патрэбна адзначыць, што пастаянны спаведнік дапамагае, аднак не лічыцца неабходным для вернікаў, а споведзь у невядомага ці ў розных спаведнікоў таксама сапраўдная і плённая ў сакрамэнтальным значэнні.

Кажуць, што міністрантам не можа быць чалавек, які прабывае ў грахах. Ці праўда гэта? Ці ёсць яшчэ падобныя абмежаванні?

Кожны чалавек можа зграшыць, таксама міністранты, сакрыстыяне, арганісты, катэхеты, спевакі ці святары. Вельмі важна ўмець падымацца з грахоўнага ўпадку. Міністрант знаходзіцца асабліва блізка таямніцы алтара, не толькі ў фізічным, але і духоўным сэнсе, таму павінен імкнуцца да святасці, якая ёсць пакліканнем усіх вернікаў. Удзел у Эўхарыстыі вядзе да з’яднання з Хрыстом у святой Камуніі, а для гэтага трэба мець чыстае сэрца. Міністрант (як і пералічаныя вышэй) у сувязі з асаблівай службай, пакліканы заставацца ў еднасці з Хрыстом, крыніцай жыцця. Супярэчным было б апранаць белую комжу — сімвал чыстасці — і заставацца ў грахах. Не сам грэх, але трыванне ў ім і нежаданне паяднацца з Богам у сакрамэнце пакаяння — гэта пастава, нягодная не толькі міністранта, але і кожнага хрысціяніна.

Ці можа прыступаць да споведзі жанчына, якая пакінула мужа-алкаголіка, які збіваў дзяцей, краў грошы і прапіваў рэчы?

Найперш патрэбна прыпомніць, што ў Каталіцкім Касцёле няма разводаў і шлюб, сапраўдна заключаны, лічыцца непарыўным. Аднак ёсць сітуацыі, калі трыванне ў шлюбе можа аказацца немагчымым, і тады Касцёл дапускае сепарацыю, пра якую чытаем у кан. 1151–1155 Кодэкса Кананічнага Права.

Благаслаўлёны Ян Павел II у адгартацыі «Familiaris Consortio» піша: «розныя матывы, такія, як недахоп узаемапаразумення, няздольнасць адкрыцца на міжасобасныя і іншыя адносіны, могуць прыкрым чынам давесці годна заключанае сужэнства да распаду, якое ў выніку часта нельга адрадзіць. Канечне, сепарацыю неабходна прызнаць апошнім сродкам, калі ўжо астатнія сродкі марныя».

Сепарацыя не разрывае сужэнскую сувязь, а толькі разлучае сужонкаў, якія могуць вярнуцца да сябе, калі спыняцца прычыны гэтага акту. Хто знаходзіцца ў такой сітуацыі, можа прыступаць да споведзі і прымаць Камунію.

Узгаданы дакумент кажа таксама пра разведзенага сужонка, які не заключае новы сужэнскі саюз, прысвячае сябе выкананню сямейных абавязкаў і таму, што вынікае з адказнасці за хрысціянскае жыццё.

Асоба, якая апынулася ў прыведзенай у пытанні сітуацыі, можа прыступаць да споведзі і Камуніі, калі не жыве ў новым фармальным ці нефармальным саюзе. Агульна кажучы, да сакрамэнту паяднання і Эўхарыстыі не можа прыступаць той, хто застаецца ў стане смяротнага граху (гэта значыць не хоча парваць з грахом і выправіцца).

Адносна тых, хто пасля разводу заключыў новы саюз і не можа прыступаць да сакрамэнтаў, Касцёл прагне, каб яны не адчувалі сябе адлучанымі і ўдзельнічалі ў яго жыцці праз слуханне Божага слова, удзел у святой Імшы, трывалую малітву, справы міласэрнасці, выхаванне дзяцей у хрысціянскай веры ці пакаяльныя чыны; сам жа Касцёл моліцца за такіх людзей, дадае адвагі і, як міласэрная маці, падтрымлівае ў веры і надзеі (тамсама 84).

Ці можна католіку спавядацца ў праваслаўнага святара ў выпадку, калі каталіцкага асяродку няма (чалавек жыве ў эміграцыі), а праваслаўны прыход ёсць?

Кодэкс Кананічнага Права сцвярджае: «Усялякі раз, калі гэтага патрабуе неабходнасць ці да гэтага схіляе сапраўдная духоўная карысць, прычым адсутнічае небяспека памылковага погляду ці абыякавасці, тым верным Хрысту, якія фізічна ці маральна не могуць звярнуцца да служыцеля-католіка могуць прыступаць да сакрамэнту споведзі, Эўхарыстыі і намашчэння хворых ад служыцеляў-некатолікаў, у Царкве якіх вышэйназваныя сакрамэнты існуюць сапраўдным чынам (ККП кан. 844 § 2).

Каталіцкі Касцёл прызнае, што паколькі праваслаўныя хрысціяне (Усходнія Касцёлы) маюць праўдзівыя сакрамэнты святарства i Эўхарыстыі, дзякуючы якім яны вельмі цесна злучаны з католікамі, то «сумесны ўдзел у сакральных дзеяннях (communicatio in sacris) у адпаведных акалічнасцях i са згоды касцёльнай улады не толькі магчымы, але і пажаданы» (Другі Ватыканскі Сабор, Дэкрэт пра экуменізм «Unitatis Redintegratio» 15).

Слушна лічыць, што акалічнасці, прадстаўленыя ў пытанні, у святле дакументаў Каталіцкага Касцёла дазваляюць католіку прыступаць да сакрамэнтаў споведзі і Эўхарыстыі ў праваслаўнай свяныні, аднак дапушчэнне да іх будзе залежаць ад праваслаўнага святара.

Як пераадолець нежаданне спавядацца ў знаёмых святароў?

Касцёл разумее сакрамэнт як бачны знак нябачнай ласкі, а таксама вучыць, што святар не дзейнічае ад свайго імя, але ў асобе Хрыста Галавы (in persona Christi Capitis), заўсёды прысутнага ў Касцёле.

Споведзь не з’яўляецца сустрэчай са святаром у чалавечым вымярэнні, але ўваходам у сакрамэнтальную рэчаіснасць, у якой дзейнічае сам Хрыстус. Канечне, чалавек, які вызнае ўсю праўду пра сябе, можа адчуваць сорам, а нават страх перад святаром, і яшчэ большы страх, калі яго ведае. Пэнітэнт задае сабе пытанне: што ён пра мяне падумае, як будзе пазней на мяне глядзець?..

Пераадолець нежаданне спавядацца перад знаёмым святаром дапамагае ўсведамленне праўды пра споведзь як спатканне з Богам — Любоўю, дзе святар з’яўляецца слугою і пасрэднікам паяднання, а таксама, што ад гэтага сакрамэнту залежыць жыццё, не толькі зямное, але і вечнае. Вельмі важна разумець таямніцу споведзі. Калі б нават святар памятаў, што знаёмы пэнітэнт казаў на споведзі, то яго абавязвае таямніца, якая ахоўвае інтымнасць споведзі таксама перад пэнітэнтам.

Пасля споведзі не трэба разважаць, як рэагуе святар, але паводзіць сябе так, быццам споведзі не было, і нават калі б хтосьці, напрыклад, хацеў вярнуцца да праблемы са споведзі, то яму трэба ўсе расказаць нанова, бо святар пра гэта не ведае. Варта таксама памятаць, што ў споведзі не грэх, але Божае прабачэнне найважнейшае. Калі маці бачыць «цуд навяртання» свайго дзіцяці, то не думае пра зло, ім учыненае. Святар, сведка Божага цуду ў сакрамэнце споведзі, радуецца перамене чалавека і бачыць яго прыгажосць. Менавіта праз навяртанне і пакаянне чалавек аднаўляе і павялічвае сваю прыгажосць. Варта ў гэтым месцы прыпомніць, што кожны мае права на свабодны выбар спаведніка.

Дапамогай у правільным стаўлені да споведзі могуць быць словы Пана Езуса, сказаныя св. Фаўстыне: «Калі прыступаеш да святой споведзі, да гэтай крыніцы Маёй міласэрнасці, заўсёды сплывае на тваю душу Мая кроў і вада, якая выйшла з Майго сэрца і ўзбагачае тваю душу. Кожны раз, калі набліжаешся да святой споведзі, акунайся ўся ў Маю міласэрнасць з вялікім даверам, каб мог выліць на тваю душу шчодрасць сваёй ласкі. Калі збіраешся да споведзі, памятай пра тое, што Я сам у канфесіянале чакаю цябе, засланяюся толькі святаром, але сам дзейнічаю ў душы. Тут галеча душы сустракаецца з Божай міласэрнасцю. Скажы душам, што з гэтай крыніцы міласэрнасці душы чэрпаюць ласкі толькі начыннем даверу. Калі давер іх будзе вялікім, Мая шчодрасць не будзе мець межаў. Струмень Маёй ласкі залівае пакорныя душы. Пыхлівыя заўсёды ва ўбогасці і патрэбе, бо ласка мая адварочваецца ад іх пакорных душаў» (Дзённік 1602).

У каго спавядаюцца біскупы?


У Кампендыі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла чытаем, што «Хрыстус даручыў паслугу паяднання сваім Апосталам, іх наступнікам — біскупам, і супрацоўнікам біскупаў — прэзбітэрам, якія такім чынам становяцца прыладамі Божай міласэрнасці і справядлівасці. Яны здзяйсняюць уладу прабачэння грахоў у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (КККК 307). Як свецкія вернікі, так Папа Рымскі, біскупы, святары ці кансэкраваныя асобы атрымліваюць дар прабачэння грахоў і паяднання праз паслугу спаведнікоў (біскупаў або святароў), якіх самі свабодна выбіраюць.

Ці магчыма споведзь па скайпу?

Касцёл бачыць вялікія магчымасці, звязаныя з Інтэрнэтам. Папская рада па сродках масавай камунікацыі пацвярджае, што Інтэрнэт між іншым «выкарыстоўваецца ў многіх відах дзейнасці і касцёльных праграмах евангелізацыі, у тым ліку рэевангелізацыі, новай евангелізацыі, так і традыцыйным місійным служэнні «ad gentes», катэхезе і іншых відах адукацыі, навінах і інфармацыі, апалагетыцы, кіраванні і адміністрацыі, а таксама ў пэўных формах душпастырскага кансультавання і духоўнага кіравання». Узгаданы дакумент кажа таксама, што «віртуальная рэчаіснасць кіберпрасторы не можа замяніць сапраўдную чалавечую супольнасць, уцелаўлёную рэчаіснасць сакрамэнтаў і літургіі ці таксама беспасрэдную пракламацыю Евангелля», аднак можа «яе дапоўніць, прыцягнуць людзей да поўнага досведу жыцця веры і ўзбагаціць рэлігійнае жыццё».

Адказ на пытанне пра магчымасць споведзі па скайпу знаходзім у наступных словах: «Віртуальная рэчаіснасць не з’яўляецца заменай рэальнай прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі, сакрамэнтальнай рэчаіснасці іншых сакрамэнтаў і саўдзелу ў кульце жывой супольнасці. У Інтэрнэце няма сакрамэнтаў, а нават рэлігійны досвед, магчымы ў ім дзякуючы Божай ласцы, недастатковы ў адрыве ад саўдзелу з іншымі вернікамі ў рэальным свеце» (таксама 9).

Няма магчымасці спавядацца па скайпу ці праз тэлефон. Для здзяйснення гэтага важнага сакрамэнту неабходны асабісты кантакт са святаром. Электронныя сродкі камунікацыі ёсць добрай магчымасцю для перадавання інфармацыі, аднак ніколі не заменяць асабістага кантакту, які неабходны для кожнага сакрамэнту. Па скайпу, напр., можна даведацца, чым займаюцца дзеці, магчыма таксама перадаць ім нейкую інфармацыю або паразмаўляць з імі, але ўжо для выхавання патрэбны асабісты кантакт.

Святлана Жылевіч

Абноўлена 10.08.2017 17:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.