Пошук

12.10.2012 03:00  

Неяк на адным з хрысціянскіх сайтаў прачытала азначэнне споведзі, паводле якога гэта час, калі чалавек называе грахі сваімі імёнамі і прызнае, што вінаваты ў іх. Як вядома, прызнаць сябе вінаватым чалавеку бывает складаней за ўсё, але менавіта гэта дае магчымасць выправіцца, стаць лепшым, удасканаліцца і рухацца наперад. На гэты раз прапануем паразважаць менавіта над сакрамэнтам споведзі.

На пытанні адказвае а. Аркадзь Куляха OCD.

1. З гісторыі споведзі

З якога часу ў Касцёле існуе практыка споведзі?

Практыка споведзі, г. зн. вызнавання грахоў існуе ў супольнасці Касцёла ад самага пачатку, хоць змянялася сама форма. Пра даручэнне Езусам Хрыстом паслугі яднання апосталам чытаем у Евангеллі: «Спакой вам! Як паслаў  Мяне  Айцец,  так  і  Я  пасылаю  вас». І, сказаўшы  гэта,  дыхнуў,  і сказаў: «Прыміце  Духа  Святога.  Каму  адпусціце  грахі,  таму  будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 21–23).

Святы Павел піша карынцянам пра паслугу паяднання, якую Езус удзяліў апостолам (пар. 2 Кар 5,18), а св. Якуб заахвочвае да вызнавання грахоў у супольнасці Касцёла (пар. Яб 5, 16). Аб практыцы вызнавання грахоў даведваемся таксама з паслання св. Яна: «Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці» (1 Ян 1, 9).

У першыя стагоддзі хрысціянства за цяжкія грахі (напр. ідалапаклонства, забойства, чужалоства) трэба было пакаяцца публічна, а сам працэс паяднання трываў даволі працяглы час.

«Дыдахэ» ці «Вучэнне дванаццаці апосталаў», дакумент з канца I стагодзя наказвае: «На сходзе спавядайся ў правінах сваіх і не прыступай да малітвы сваёй з кепскім сумленнем. Такі шлях жыцця» (4,14). Аўтар «Дыдахэ» вучыць, што перад Эўхарыстыяй трэба вызнаць грахі: «Сабраўшыся разам у дзень Панскі, пераламіце хлеб і падзякуйце, прызнаўшыся перад гэтым ў правінах вашых, каб чыстая была ахвяра вашая» (14,1).

Святы папа Клімент Рымскі (пам. каля 101 года) у лісце да карынцянаў піша пра ролю біскупаў і прэзбітэраў (г. зн. святароў) у працэсе паяднання з Касцёлам: «паддайцеся паслухмяна прэзбітэрам і прыміце дакаранне дзеля пакаяння» (57, 1). У творы «Пастыр Ермы» з II стагодзя гаворыцца пра магчымасць пакаяння пасля хросту, аднак толькі адзін раз у жыцці.

З першых стагогодзяў хрысціянства захаваліся звесткі пра пакаянне, у якіх чытаем, што за публічныя і цяжкія грахі можна толькі адзін раз атрымаць прабачэнне. Дзеля гэтага неабходна спавядацца перад біскупам ці прэзбітэрам (святаром), які прымае прызнанне верніка ў грахах і прызначае пакаяльныя акты, а пасля далучае да супольнасці Касцёла (звесткі пра гэта знаходзім між іншым у Тэртуліяна, св. Кіпрыяна, св. Амброзія, св. Аўгустына). Ужо ў VI стагодзі ўсталявалася практыка пакаяння (споведзі), якое можна паўтараць. Яна існуе па сённяшні дзень.    

Чаму яна ўзнікла? Ці недастаткова агульнага вызнання віны?

Пан Езус прадбачыў, што чалавеку будзе складана не грашыць, таму ўстанавіў сакрамэнт пакаяння і паяднання і даручыў апосталам паслугу яднання дзеля апраўдання і ўзмацнення грэшнікаў на дарозе асвячэння. Толькі ў непасрэднай сустрэчы святар можа пазнаць стан пэнітэнта (таго, хто спавядаецца), яго грахі і гатоўнасць прыняць дар прабачэння і аздараўлення.

Пра гэта вельмі даступна піша бл. Ян Павел II: «Вызнанне ўласных грахоў неабходна для таго, каб грэшніка мог пазнаць той, хто ў сакрамэнце спаўняе ролю суддзі, і каб спавяднік мог ацаніць як цяжар грахоў, так і скруху панітэнта і, як урач, пазнаць стан хворага, каб вылечыць яго і аздаравіць. Індывідуальная споведзь мае таксама каштоўнасць знаку: знаку сустрэчы грэшніка з пасрэдніцтвам Касцёла ў асобе святара; знаку яго выяўлення як грэшніка ў адносінах да Бога і Касцёла, знаходжання сябе ў праўдзе перад абліччам Бога» (Reconciliatio et paenitentia 31, III).

Агульнае вызнанне грахоў (споведзь) дапускаецца ў Касцёле ў выпадку пагрозы для жыцця, калі няма магчымасці індывідуальнай споведзі.  

2. Сутнасць споведзі

Для чаго існуе споведзь, што яна дае?

Мэтай і вынікам споведзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і супольнасцю, а таксама аднаўлення праўдзівага вобразу Бога ў сабе. Праз споведзь грэшнік праяўляе сябе ўмілаваным Божым дзіцём, г. зн. чалавекам у поўні. Благаслаўлёны Ян Павел II піша, што паяднанне з Богам нараджае «далейшае паяднанне, якое выпраўляе іншыя выкліканыя грахом разлады: пэнітэнт, які атрымаў прабачэнне, яднаецца з самім сабой у глыбіні ўласнага „я“, знаходзячы ўнутраную праўду; яднаецца з братамі, пэўным чынам ім пакрыўджанымі і зняважанымі; яднаецца з Касцёлам, яднаецца з усім стварэннем. З гэтай свядомасці пасля абраду паяднання ў пэнітэнце нараджаецца пачуццё ўдзячнасці Богу (да якога заахвочвае Касцёл) за атрыманы дар міласэрнасці (Reconciliatio et paenitentia 31, IV).

Працэс паяднання і яго вынік ілюструе вядомая прыпавесць Езуса пра марнатраўнага сына. Ключом для яе разумення ёсць любоў, якую чалавек па сваёй віне, праз непаслухмянасць траціць і дзякуючы ініцыятыве Бога нанова атрымлівае. Гэта сустрэча дзвюх свабодных асоб: бязмерна міласэрнага Бога і чалавека, які Яго прагне пры пасрэдніцтве слугі — святара.

Як неабходна ўспрымаць споведзь? Ці правільна, калі для верніка гэта магчымасць выгаварыцца і спадзяванне знайсці адказ на свае праблемы?

У энцыкліцы «Deus caritas est» папа Бэнэдыкт XVI піша, што «імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак». Разважаючы пра споведзь, Святы Айцец сцвярджае, што праз вызнанне грахоў вернік адкрывае сваё сэрца на дзеянне Духа Святога і такім чынам праз паслугу Касцёла гэтае спатканне з Богам — Асобай становіцца магчымым.

Хоць падчас споведзі ёсць магчымасць выгаварыцца, што часам чалавеку неабходна, было б памылкай зводзіць споведзь толькі да чыста чалавечай размовы са святаром, чакаючы ад яго дапамогі ў вырашэнні праблем, якія датычаць напр. псіхалагічных перажыванняў. Сакрамэнт пакаяння і паяднання — гэта заўсёды сустрэча з Богам — Збаўцам, які дзейнічае ў Касцёле і, калі захоча, то таксама падчас споведзі спашле таму, хто спавядаецца, адпаведнае святло праз паслугу святара.

3. Умовы споведзі


Для чаго існуе падзел грахоў на смяротныя і лёгкія? Пра якія з іх трэба казаць на споведзі?

Кожны грэх — гэта зло, аднак не аднолькавае. Святы Ян піша пра грахі, якія вядуць да смерці (пар. 1 Ян 5, 16 – 17). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «смяротны грэх знішчае любоў у сэрцы чалавека праз сур’ёзнае парушэнне Божага закона, прапаноўваючы чалавеку ніжэйшыя даброты, адварочваючы яго ад Бога, які ёсць канчатковай мэтай і шчасцем» (ККК 1855).

Традыцыя Касцёла лічыць смяротным грэх, які адносіцца да сур’ёзнай матэрыі і быў здзейснены з поўнай свядомасцю і згодай. Цяжкую матэрыю ўдакладняюць Божыя запаведзі. Назва «смяротны» паказвае на аддаленне ад Бога, без якога чалавек не можа нічога зрабіць і памірае духоўна. Сам Езус на прыкладзе вінаграднай лазы паказвае, што толькі той прыносіць плён, хто застаецца ў Ім: «Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае» (Ян 15, 5 – 6).

Лёгкі грэх не парывае еднасці з Богам, а паслабляе яе, раніць і абражае. Цяжкі грэх можа быць адпушчаны звычайна толькі падчас споведзі, таму яго неабходна вызнаць, удакладняючы колькасць і акалічнасці. За лёгкія  грахі дастаткова прасіць у Бога прабачэння ў акце пакаяння, які здзяйсняецца на пачатку кожнай святой Імшы ці нейкім іншым чынам, напр. на заканчэнне штодзённага рахунку сумлення; іх можна таксама вызнаць на споведзі. Традыцыя Касцёла вучыць, што неабходна вызнаваць усе цяжкія грахі, якія яшчэ не былі вызнаныя і якія ўспомніліся пасля належнага рахунку сумлення. Вызнаванне цяжкіх грахоў з’яўляецца адзіным звычайным спосабам для атрымання прабачэння.

Што дае цвёрды намер больш не грашыць, калі ведаем сваю грэшную натуру і можам прадбачыць, што пасля споведзі не перастанем быць грэшнымі?

Чалавек пакліканы змагацца з грахом з дапамогай Божай ласкі, а цвёрды намер больш не грашыць ёсць пацвярджэннем добрай волі чалавека. Часам здараецца так, што, ідучы да споведзі, пэнітэнт не ўпэўнены, ці зможа стрымаць дадзенае слова аб выпраўленні. Важна, каб пастанаўленне паправы было актуальным, г. зн. каб чалавек, ідучы да споведзі, сапраўды прагнуў перамены жыцця. Ніхто ж не можа быць упэўнены ў сабе адносна будучыні, таму трэба даверыцца Богу і спадзявацца на Яго ласку, робячы ўсё, што магчымае, каб у далейшым пазбегчы грэху. Інакш кажучы, трэба звярнуцца да Бога з малітвай: Пане Божа, не хачу далей так жыць, тут і цяпер прашу Твайго прабачэння за мінулае, ласкі на будучае і спадзяюся на Цябе.

Як вызначыць, колькі разоў неабходна спавядацца? Ці ёсць залатая сярэдзіна?

Заканадаўства і традыцыя Касцёла патрабуюць ад католікаў прыступаць да споведзі прынамсі адзін раз у год. Гэта неабходны мінімум, які адхіляе вялікую небяспеку для душы верніка — адлучыцца ад жыццядайнай крыніцы, якою ёсць Бог. Памыляецца той, хто лічыць, што не трэба хадзіць на споведзь часцей, спасылаючыся на навучанне Касцёла як на абмежаванне гэтага сакрамэнту. Нельга толькі адзін раз у год памыцца — гэта залежна ад стану «забруджанасці».

Чалавек, які прагне жыць у еднасці з Богам, павінен спавядацца заўсёды, калі мае няшчасце здзейсніць цяжкі грэх, а таксама дзеля хрысціянскага ўдасканалення. Стан чысціні душы неабходны і для прыняцця Хрыста ў Святой Камуніі. Адзін чалавек патрабуе спавядацца адзін раз у тыдзень, а іншаму будзе дастаткова раз у месяц. Сакрамэнт пакаяння і паяднання — гэта справа асабістага спаткання з міласэрным Богам, які ў сваёй любові прабачае грэшніку і аднаўляе яго.

Важна яшчэ нагадаць, што нельга трактаваць споведзь як чыста фармальны абрад, зведзены толькі да ачышчэння ад граху — гэта не лазня, але асабовая сустрэча, частатой якой кіруе любоў. Кармэліт босы св. Рафал Каліноўскі заахвочваючы да частай споведзі, падкрэсліваў таксама яе якасць: «Спавядайся часта, але добра. Хочаш велікадушным сэрцам выконваць гэтыя свае абавязкі, часта занадта цяжкія і супраціўныя твайму характару? Хочаш быць мужным, каб не ўпасці духам, калі адолее якая-небудзь журба? Спавядайся часта і добра! Калі хочаш урэшце стаць святым і ісці дарогай да неба — спавядайся часта і добра!»

Ці трэба ісці на споведзь, калі працяглы час не заўважаеш у сабе цяжкага граху?


Святое Пісанне вучыць, што справядлівы сем разоў на дзень падае (пар. Прып 24, 16), а «калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, адпусціць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці» (1 Ян 1, 8). Дзякуючы Божай ласцы чалавек можа жыць у святасці, аднак па прычыне сваёй натуры схільны да недасканаласці, лёгкіх грахоў і заганаў. Святы Аўгустын піша: «Як доўга чалавек ходзіць у целе, так не можа пазбегнуць усіх грахоў, нават лёгкіх. Але грахі, якія называем лёгкімі, не ігнаруй. Бойся, калі іх лічыш».

Калі чалавек моліцца аб святле Духа Святога і робіць дакладны рахунак сумлення, то заўсёды знойдзе нешта, што раніць Божую Веліч, Яго любоў, бліжніх, або сваю асабістую годнасць. Вялікую духоўную карысць прыносіць споведзь таксама тады, калі няма смяротных грахоў.

4. Парадак споведзі


Ці абавязкова прывітацца?


Існуе ўсталяваны парадак з сакрамэнту пакаяння і паяднання, які распачынаецца знакам крыжа і хрысціянскім прывітаннем. Пасля пэнітэнт (той, хто спавядаецца) прадстаўляе сябе, кажа колькі яму гадоў, у якім стане жыве, чым займаецца, калі быў папярэдні раз на споведзі, ці выканаў прызначаныя святаром пакаяльныя чыны. Як кожны сакрамэнт, так і споведзь — гэта вялікая падзея і важны ўзнёслы літургічны акт, які належыць годна цэлебраваць.

Ці абавязкова казаць, калі спавядаўся апошні раз, і што рабіць, калі не памятаеш канкрэтную дату папярэдняй споведзі?

Час ад папярэдняй споведзі, хоць прыблізны, дае спаведніку інфармацыю пра інтэнсіўнасць і сур’ёзны падыход да сакрамэнтальнага жыцця, падобна як звесткі пра вызнанне ўсіх грахоў (неабходна сказаць пра нявызнаныя ці забытыя на апошняй споведзі грахі), а таксама выкананне актаў пакуты.

Ці акрэслены пэўны цырыманіял споведзі (ці абавязкова павінна быць спавядніца, стула)?

Паводле заканадаўства і традыцыі Касцёла ўласцівым месцам ўдзялення сакрамэнту споведзі ёсць канфесіянал, змешчаны ў бачнай, дазваляючай захаваць дыскрэцыю частцы касцёла або капліцы. Звычайна святар павінен быць апрануты ў сутану (габіт), комжу і стулу фіялетавага колеру. У выпадку неабходнасці споведзь можа адбыцца ў любым месцы (напр. хворага чалавека ў хаце ці шпіталі).

Ці абавязкова святар павінен даваць духоўныя настаўленні альбо можа абмежавацца толькі назначэннем пакуты?

Настаўленне ёсць часткай сакрамэнту споведзі, аднак ад яго не залежыць важнасць споведзі. Святар можа абмежавацца назначэннем пакуты, але заўсёды карысна звярнуцца да пэнітэнта хоць з кароткім павучэннем, умацаваннем ці падтрымкай.

Што рабіць, калі забыў пакуту, якую прызначыў святар?

Паколькі споведзь ёсць важным актам, трэба пазбягаць няўважлівасці і рассеянасці, аднак бываюць сітуацыі, калі той, хто спавядаецца, мае праблемы з памяццю і забывае зададзеную пакуту. Тады можа сам выбраць і выканаць які-небудзь чын (напр. малітву), а пры наступнай споведзі сказаць пра гэта святару. Споведзь — годная, і святар не задае пакуту за папярэдні раз.

У якіх выпадках святар можа не адпусціць грахі?

Дзеля атрымання прабачэння грахоў пэнітэнту неабходна быць гатовым і здольным яго прыняць. Часам святар вымушаны адмовіць ў адпушчэнні грахоў, што не азначае нейкага пакарання, але сцвярджэнне (у выніку распазнання стану пэнітэнта), што ён у дадзены момант яшчэ не гатовы прыняць сакрамэнтальную ласку. Лепш у такім выпадку казаць пра аднясенне адпушчэння грахоў у часе. Прычынай гэтаму можа быць неадпаведная падрыхтоўка да споведзі, адсутнасць раскаяння ў грахах ці намеру больш не грашыць ці сам грэх, замацаваны за Апостольскай Сталіцай або біскупам. 

Ці ёсць грахі, якія святар можа адпусціць толькі з дазволу біскупа?

Кожны святар заўсёды спавядае і здзяйсняе іншае служэнне з дазволу біскупа, але ёсць выпадкі, калі права адпушчэння некаторых асабліва цяжкіх грахоў замацавана за Апостальскай Сталіцай або за мясцовым біскупам ці за ўпаўнаважанымі ім прэзбітэрамі (святарамі). Да такіх грахоў належаць напр. фармальны адыход ад веры, аборт, збіццё або забойства біскупа, намаганне цэлебраваць святую Імшу або адпушчэнне грахоў асобай, якая не мае важнага пасвячэння, спроба заключэння сужэнства святаром або манаскай асобай ці прыналежнасць да аб’яднання, якое змагаецца з Касцёлам.

Кожны святар можа адпускаць кожны грэх і здымаць экскамуніку з таго, хто знаходзіцца ў небяспецы смерці.

У чым спецыфіка Першай споведзі і генеральнай споведзі? Як да іх рыхтавацца?

У жыцці кожнага чалавека ёсць адносна ўсяго першы раз: дзіця прамаўляе слова «мама», ідзе ў садзік, у школу, у касцёл. Калі чалавек ужо здольны свядома і дабравольна здзяйсняць учынкі, то можа прыступіць да святой Камуніі, а перад гэтым ісці да споведзі. Да гэтай важнай падзеі дзяцей (бываюць і дарослыя) рыхтуюць бацькі і родныя ў супрацоўніцтве з супольнасцю Касцёла, які навучае праз сваіх святароў або катэхетаў.

Генеральную споведзь, якая ахоплівае ўсё жыццё або значны яго перыяд, дазволіў у XIV стагодзі папа Бэнэдыкт XI канстытуцыяй «Inter cunctas». Такая споведзь неабходная, калі хтосьці раней спавядаўся няшчыра ці без выканання ўсіх умоў. Можна прыступіць да генеральнай споведзі таксама з нагоды вельмі важнай жыццёвай падзеі, заўсёды памятаючы, што папярэднія грахі ўжо прабачаны Богам, а іх паўторнае вызнанне дапамагае ўбачыць веліч Божай міласэрнасці, якая праявілася ў жыцці верніка. Падрыхтоўка да генеральнай споведзі такая ж, як і да звычайнай, толькі адносіцца да большага адрэзку часу.

Нагадваем, што пытанні па гэтай тэме, а таксама прапановы тэм можна дасылаць на нашу рэдакцыйную скрыню info@catholic.by. Працяг тэмы — праз тыдзень.

Святлана Жылевіч

Абноўлена 10.08.2017 17:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа