Хрост, шлюб, пахаванне — тры сітуацыі, калі ў касцёл ці царкву «мусяць» звяртацца ўсе: практыкуючыя і непрактыкуючыя хрысціяне, па сваім жаданні і па настаўленні родных. З хростам мы з вамі крыху ўжо разабраліся, цяпер пяройдзем да шлюбу.
Здавалася б, усё проста: прыйшоў да святара, дамовіўся і чакай, пакуль надыдзе святочны дзень. Але які сэнс ад сакрамэнту сужэнства, калі ўспрымаць яго як традыцыю ці абавязак, як усяго толькі адзін з элементаў вяселля нароўні са святкаваннем у рэстаране ці фотасесіяй?
Дарагія нарачоныя, памятайце, што сакрамэнт — гэта бачны знак нябачнай Божай ласкі. Сакрамэнт сужэнства ўдзяляе вам не святар, а вы ўзаемна адно аднаму. У ім мужчына і жанчына заключаюць саюз для супольнага жыцця, а таксама атрымліваюць Божую ласку для належнага выканання сужэнскіх абавязкаў, а асабліва для добрага выхавання патомства. Ад пачатку гісторыі чалавецтва сужэнства было святым саюзам, а Хрыстус нават узвысіў яго да годнасці сакрамэнту.
А для тых, хто хоча «перастрахавацца» (хаця з такімі адносінамі да жыцця трэба яшчэ падумаць над сваёй падрыхтаванасцю да шлюбу), нагадаю: у Касцёле няма разводу, бо, як чытаем у Святым Пісанні: «што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае...»
Цяпер аб усім гэтым падрабязней. На пытанні адносна сакрамэнту сужэнства адказвае кс. Аляксандр Сапель SDS.
Што трэба, каб атрымаць сакрамэнт сужэнства ў Касцёле? Куды звяртацца і што рабіць?
Нарачоныя павінны звярнуцца да свайго пробашча не пазней, як за тры месяцы перад вызначанай датай шлюбу. Нарачоным варта параіць, каб у час падрыхтоўкі да сужэнства яны прынялі сакрамэнт пакаяння, калі гэта патрэбна, і прыступілі да Найсвяцейшай Эўхарыстыі, асабліва на самой цэлебрацыі сужэнства.
Якія дакументы патрэбны для атрымання сакрамэнту (католіку і праваслаўнаму/пратэстанту)?
Для атрымання сакрамэнту сужэнства ў Касцёле патрэбна:
- прайсці перадшлюбны курс (дакладную інфармацыю атрымаеце ад святара).
- прынесці пасведчанне аб хросце (для ўсіх хрысціянскіх канфесій), пасведчанне аб першай святой Камуніі, сакрамэнце канфірмацыі, а таксама пашпарты.
Ці могуць нарачоныя рыхтавацца да сакрамэнту сужэнства паасобку (напрыклад, калі пражываюць у розных краінах?)
Вельмі важна адказна падыйсці да перадшлюбнай падрыхтоўкі. Для многіх яна можа быць момантам, калі зусім інакш змогуць паглядзець на гэты сакрамэнт, уявіць, якую адказнасць прымаюць на сябе, абіраючы ролю жонкі/мужа, маці/бацькі. Таксама гэта час, калі нарачоныя павінны размаўляць ці нават вучыцца размаўляць на тэмы, прадугледжаныя на перадшлюбнай катэхезе.
Калі нарачоныя не маюць магчымасці разам рыхтавацца, могуць праходзіць катэхезу ў розных месцах. Але пажадана было б, каб сустрэчы ў сямейнай кансультацыі ўсё ж такі нарачоныя наведвалі разам.
Хто можа быць сведкам сакрамэнту сужэнства?
Канон 1108 Кодэкса Кананічнага Права кажа аб двух сведках, без дадання якіх-небудзь іншых патрабаванняў да іх рэлігійнага ці маральнага жыцця. Сведкам можа быць любая асоба, старэйшая за 18 гадоў. Іншых патрабаванняў няма.
Калі бацькі павінны благаслаўляць дзяцей на сужэнства?
Благаслаўленне жаніха і нявесты з боку бацькоў з’яўляецца папярэднім этапам сакрамэнту сужэнства, уводзіць у атмасферу цырымоніі, якая ў хуткім часе павінна адбыцца. Гэта неабходна не толькі дзецям, якія ўступаюць у новы саюз, але і іх бацькам, бо забяспечвае трывалую аснову для адносінаў.
Парадак правядзення благаслаўлення знойдзеце ў малітоўніку «Ойча наш».
Ці можа святар адмовіць ва ўдзяленні сакрамэнту сужэнства? Калі так, то па якіх прычынах?
Так, можа. Перашкодамі для сужэнства ў Каталіцкім Касцёле з’яўляюцца некаторыя спецыфічныя характарыстыкі асобы і абставіны рэчаіснасці, якія не дазваляюць асобам заключыць сужэнскі саюз.
Перашкоды класіфікуюцца наступным чынам:
- паводле Божага права (напрыклад, імпатэнцыя, адносіны ў першай ступені кроўнай роднасці (бацька-дзіця).
- паводле касцёльнага права (узгаданыя ў Кодэксе Права Кананічнага 1983 года).
- перашкоды абсалютныя (не дапускаюць заключэння сужэнскага саюзу з кім заўгодна (напрыклад, у выпадку святарскага пасвячэння)
- перашкоды адносныя (не дапускаюць шлюбу з пэўнымі асобамі).
Перашкоды, узгаданыя ў Кодэксе Кананічнага Права 1983 г.:
- перашкода ўзросту (мінімальны ўзрост для мужчын — 16 гадоў, для жанчын — 14. Кожная канферэнцыя біскупаў можа павысіць гэты ўзрост).
- перашкода імпатэнцыі — не можа заключыць сужэнскі саюз той, хто няздольны да палавых зносінаў. Але трэба адзначыць, што бясплоднасць (калі не ўтойвалася) перашкодай не з’яўляецца.
- перашкода сужэнства — пакуль юрыдычна не будзе вядома, што папярэдні шлюб (нават несапраўдны) перастаў існаваць, нельга заключаць новае сужэнства.
- перашкода рознай рэлігіі — без дазволу ардынарыя ахрышчаны католік не можа заключыць сужэнства з неахрышчанай асобай. Тут трэба адрозніць перашкоду рознай рэлігіі і змешанага сужэнства. Такім чынам, хрысціяне розных канфесій могуць заключаць сужэнства пры выкананні адпаведных умоў, а паміж ахрышчанай і неахрышчанай асобай сужэнства магчыма толькі з дазволу ардынарыя.
- перашкода пасвячэння духоўнага сану — асобы ў лацінскім Касцёле, якія прынялі пасвячэнне дыяканату альбо святарства, не могуць заключыць сужэнства, паколькі прынялі шлюб цнатлівасці. Гэтая перашкода датычыць святароў, дыяканаў, законнікаў і законніц.
- перашкода выкрадання — у выпадку, калі асобу сілай змушаюць і ўтрымліваюць у няволі, каб заключыць сужэнства.
- перашкода злачынства — калі хтосьці непасрэдна альбо пасрэдна прымае ўдзел у забойстве сужонка, каб пасля заключыць новае сужэнства.
- перашкода крыўнай роднасці — забаронены сужэнствы родных у прамой лініі на кожнай ступені, а ў бакавой лініі да чацвёртай ступені ўключна, н. п. дваюрадныя браты і сёстры.
- перашкода сваяцтва — сужэнства забаронена паміж роднымі аднаго сужонка і другога ў прамой лініі на кожнай ступені.
- перашкода юрыдычнай роднасці — узнікае пры ўсынаўленні паміж роднымі бацькамі і ўсыноўленай асобай. Сужэнства несапраўднае ў першай ступені прамой лініі і ў другой ступені бакавой лініі.
- перашкода духоўнай роднасці для католікаў усходняга абраду — узнікае паміж асобай ахрышчанай і яго хроснымі.
Ці можа сакрамэнт сужэнства быць удзелены ў пятніцу?
Заключэнне сакрамэнту сужэнства ў Каталіцкім Касцёле можа адбывацца кожны дзень, акрамя Вялікай пятніцы і Вялікай суботы. Аднак зразумела, што вельмі рэдка сакрамэнт адбываецца без гучнага вяселля. Характар гэтай падзеі вельмі ўрачысты і радасны, бо рыхтуюцца да яе не толькі нарачоныя, а і сям’я, сваякі, сябры. Аднак ёсць і іншыя ўрачыстасці, якія абуджаюць у нас павагу, смутак і роздум над жыццём — хвароба блізкай асобы, смерць, пахаванне. Хіба вы арганізуеце дыскатэку ў гадавіну смерці блізкай асобы?
Таксама і з верай. Для людзей веруючых гэты дзень павінен асацыіравацца з днём мукі і смерці Езуса Хрыста. На ўспамін аб гэтых збаўчых здарэннях Касцёл устанавіў кожную пятніцу днём пакуты і пакаяння, аб чым запісана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла і ў Кодэксе Кананічнага Права. Да пакуты заахвочваў Бог у Старым Запавеце, а Пан Езус сам даў прыклад у Новым Запавеце. Вяселле — гэта час радасці, а пятніца зацьмявае гэтую радасць.
У надзвычайных сітуацыях ардынарый месца (пробашч) можа удзяліць дазвол на правядзенне вяселля.
Ці ўдзеляць сакрамэнт сужэнства пары, у якой дзяўчына цяжарная?
Так, цяжарнасць не з’яўляеца перашкодай для заключэння сужэнства.
Ці можна прымаць сакрамэнт не ў святыні, а на адкрытым паветры?
У 1118 каноне Кодэкса Кананічнага Права сказана, што біскуп можа даць дазвол на правядзенне шлюбу ў іншым месцы, акрамя касцёла і таксама толькі біскуп можа вырашыць, ці гэтае месца з’яўляецца адпаведным.
Ці праваслаўныя аўтаматычна пераходзяць у каталіцтва пасля сакрамэнту сужэнства ў Касцёле?
Не. Каб перайсці ў Каліцкі Касцёл, трэба праявіць волю пераходу. Таксама патрэбны адпаведны час падрыхтоўкі (катэхезы). Абрад пераходу з хрысціянскага вызнання адбываеца асобна ад шлюбу. У прысутнасці святара асоба, якая пажадала перайсці ў каталіцтва, чытае вызнанне веры, пасля чаго ставіць подпіс і атрымлівае бласлаўленне на новы шлях жыцця.
Ці праўда, што абрад сужэнства паміж асобай каталіцкага веравызнання і ахрышчаным некатолікам здзяйсняецца выключна па-за Імшой?
У 36-м пункце ўводзінаў да «Парадку цэлебрацыі сужэнства» чытаем: «Калі заключаецца сужэнства паміж асобай каталіцкага веравызнання і ахрышчаным некатолікам, неабходна здзейсніць абрад сужэнства па-за Імшой».
Аднак паколькі шлюб — гэта вельмі важны момант у жыцці нарачонных «і калі да таго схіляюць абставіны са згоды мясцовага ардынарыя, можна выкарыстоўваць абрад цэлебрацыі сужэнства падчас Імшы».
Калі заключаецца шлюб паміж католікам і асобай праваслаўнага веравызнання падчас святой Імшы і калі такая асоба выражае жаданне прыняцця Эухарыстыі (а мясцовыя звычаі і практыка пацвярджаюць прыняцце святой Камуніі згодна з нормамі Камісіі па хрысціянскаму адзінству ў Каталіцкім Касцёле і Праваслаўнай Царкве) пры пэўных абставінах (а такім з’яўляецца момант заключэнне шлюбу для праваслаўнага ў Каталіцкім Касцёле) і калі няма пярэчанняў, можа прыступіць да Эўхарыстыі (гл. канон 844 § 3).
Паслядоўнікі іншых Касцёлаў і хрысціянскіх супольнасцяў, якія падзяляюць веру ў Эўхарыстыю, з дазволу мясцовага ардынарыя могуць прыняць святую Камунію (гл. канон 844 § 4. FC 67) пры заключэнні сакрамэнту сужэнства.
Як Касцёл ставіцца да грамадзянскіх шлюбаў?
Адказаць на гэтае пытанне можна ў некалькі словах, але такі адказ, калі і задаволіць кагосьці, то не паспрыяе разуменню ўсёй важнасці справы. Прычына крыецца ў неразуменні саміх паняццяў і няведанні асноў сваёй веры.
Маю надзею, што кожны разумее, што грамадзянскі шлюб — гэта шлюб, аформлены у ЗАГСе, а не той, якімі ў Беларусі памылкова лічаць фактычны/незарэгістраваны/нефармальны шлюб/сужыццё.
Трывалая супольнасць жыцця і сужэнскай любові ўстаноўлена Творцам і ўнармавана Яго законамі, фарміруецца праз шлюбны саюз, г.зн. праз канчатковую асабістую згоду. Гэты святы саюз дзеля дабра як мужа і жонкі, іх нашчадкаў, так і грамадства, не залежыць ад людскога меркавання, бо сам Бог ёсць творцам сужэнства, адоранага рознымі дабрадзействамі і мэтамі... Хрыстус Пан шчодра благаславіў гэтую шматгранную любоў, якая нарадзілася з Боскай крыніцы любові і была ўстаноўлена па вобразу Яго еднасці з Касцёлам.
«Асобны сакрамэнт умацоўвае і як бы кансэкруе хрысціянскіх сужэнцаў для абавязкаў і годнасці іх сужэнства» (КПК 48).
Сужэнскі саюз, праз які мужчына і жанчына ствараюць паміж сабой супольнасць на ўсё жыццё і які па сваёй прыродзе скіраваны на дабро мужа і жонкі, а таксама на нараджэнне і выхаванне патомства, паміж ахрышчанымі, узнесены Хрыстом Панам да годнасці сакрамэнту.
«Такім чынам, паміж ахрышчанымі не можа быць сапраўднай шлюбнай дамовы, акрамя сакрамэнту» (КПК кан.1055).
Еднасць любові паміж Богам і людзьмі знаходзіць свой яскравы выраз у шлюбным саюзе, заключаным паміж мужчынам і жанчынай. Повязь іх кахання становіцца вобразам і знакам саюза, які аб’ядноўвае Бога з яго народам.
«Як з сакрамэнту сужэнства вынікае дар і абавязак мужа і жонкі штодзённа жыць атрыманым асвячэннем, таксама з таго ж сакрамэнту паходзяць ласка і маральны абавязак перамены ўсяго іх жыцця ў няспынную духоўную ахвяру» (FC 56).
Ці можна атрымаць шлюб у Касцёле, калі ёсць дзеці ад іншага мужчыны (жанчыны), з якім была(ў) у грамадзянскім саюзе?
Калі ні адзін з бакоў не заключаў сужэнскі саюз у Каталіцкім Касцёле альбо ў Праваслаўнай Царкве і няма іншых перашкод, то можна заключыць сужэнскі саюз у Каталіцкім Касцёле.
Якая пазіцыя Касцёла ў адносінах да фіктыўных шлюбаў?
Касцёл стаіць на абароне сужэнства і сям’і, таму сужыццё ахрышчаных мужчыны і жанчыны без заключэння шлюбу ў Касцёле заўсёды будзе называць грэшным, парушэннем шостай запаведзі.
Іншая справа, калі заключаеца грамадзянскі шлюб з мэтай атрымаць карысць альбо абыйсці грамадзянскае права. З пункту гледжання Касцёла такое сужэнства, калі акрамя грамадзянскага натупства не было кананічнага, не лічыцца сапраўдным. Але застаецца маральная ацэнка такой сітуацыі: падман і махлярства не з’яўляюцца хрысціянскімі цнотамі. І нельга сужэнства, якое з’яўляецца святою справай, выкарыстоўваць з падманам да атрымання карысці.
У некаторых дзяржавах за выяўленне такога сужэнства пагражае турма.
Ці можна ў Касцёле атрымаць развод?
Не, у Касцёле нельга атрымаць развод.
Нельга, калі былі споўнены ўсе кананічныя нормы пры падрыхтоўцы да сакрамэнту сужэнства і падчас літургіі выражана згода пры двух сведках і пастыры. Канон 1114 кажа, што сужэнства заключанае і дапоўненае (праз сужэнскі акт) не можа быць разарвана ніякай людской уладай і ні па якой прычыне, акрамя смерці.
Згодна з нормамі Кананічнага Права разлучэнне сужонкаў можна здзейсніць у трох выпадках: атрымаць дазвол ад Папа Рымскага, калі сужэнства было недапоўненае (гэта значыць калі між сужонкамі не адбылося сужэнскага акту).
Другая магчымасць — гэта так званы «Прывілей св. Паўла» запісаны ў Пасланні да Карынцянаў (7, 12 – 13, 15) інакш «Прывілей Веры», які азначае права (прызнанае таму сужонку, які прыняў хрост) разарвання сужэнскага саюзу, заключанага з асобай неахрышчынай, перад навяртаннем, і заключэння новага сужанскага саюзу, пры умове, што другі сужонак не хоча навярнуцца альбо прынамсі жыць у згодзе (глядзі канон 1143 КПК).
Трэцяя магчымая форма — гэта сепарацыя (разлучэнне сужэнцаў). З’яўляецца разрывам супольнага жыцця паміж мужам і жонкай пасля заключэння сужэнскага саюзу ва ўстаноўленай законам форме. У каноне 1151 чытаем, што муж і жонка маюць абавязак і права на захаванне сужэнскага сужыцця (convictum coniugalem), хіба што ёсць прававая прычына, каб яно была разарванае.
Элементамі сужэнскай супольнасці з’яўляюцца: супольнае пражыванне, супольны стол і ложак. Але часам бываюць акалічнасці (прычыны), якія дазваляюць або патрабуюць выдалення гэтай супольнасці. Справа ў тым, што сепарацыя дазваляе толькі асобнае пражыванне, якое звязана са спыненнем шлюбу. Іншымі словамі, падзел вызваляе ад абавязку жыць разам і выканання шлюбнага абавязку (сужэнскі акт). Сужэнскі саюз існуе далей.
Як ужо была сказана вышэй каб сужэнства магло існаваць, неабходны некалькі элементаў, якія ў першую чаргу ўплываюць на стварэнне сужэнства — гэта згода бакоў (КПК, каноны 1095–1107), кананічная форма заключэння сужэнства, наяўнасць сведак сужэнства, святара (КПК, каноны 1108–1123), а таксама нарачоныя павінныя быць вольныя ад перашкод, якія не дазваляюць заключыць сужэнскі саюз (КПК, каноны 1083–1094).
Таму, калі было выкрыта, што аднаго з гэтых элементаў не было альбо была якая-небудзь перашкода, то такое сужэнства ўвогуле не было заключана. Каб афіцыйна сцвердзіць неіснаванне сужэнства ў Касцёле, існуе касцёльны суд, які, між іншым, займаецца справамі несапраўдных сужэнскіх саюзаў.
Сужэнства лічыцца несапраўдным, калі вышэйпералічаныя прычыны існуюць перад і ў момант складання сужэнскай прысягі. У выпадку, калі яны выявіліся за час існавання саюзу, то тады яны не могуць быць прычынай несапраўднасці. Мэтай касцёльнага працэсу з’яўляецца доказ існавання прычыны несапраўднасці сужэнства ў момант выказвання прысягі.
Вызначэнне несапраўднасці сужэнства датычыць незаснавання сужэнства ўвогуле. У адрозненне ад грамадзянскага разводу, які вызначае, што кожнае сужэнства існуе, трывае, а на падставе выдадзенага прысуду перастае існаваць, у касцёльным працэсе не можа весціся размова пра развод, бо несапраўднае сужэнства ніколі не існавала, нягледзячы на праведзеную касцёльную цырымонію, супольнае пражыванне, народжаных дзяцей і г.д. Праведзеная цырымонія не выклікала ніякіх прававых вынікаў і не была сакрамэнтам. Аднак яна, як публічная цырымонія, падлягае асуджэнню кампетэнтнай улады — касцёльнага суда.
Святлана Жылевіч