Пошук

15.05.2012 16:18  

У рэдакцыю нашага парталу часта прыходзяць лісты з пытаннямі адносна сакрамэнтаў. Усе пытанні — індывідуальныя і асабістыя, аднак даюць зразумець, што нашых чытачоў, як практыкуючых католікаў, так і тых, хто рэдка заглядваюць у касцёл, цікавяць адны і тыя ж пытанні ў адносінах да першасных рэчаў. Таму мы вырашылі правесці так званы лікбез. Спадзяёмся, інфармацыя будзе для вас карыснай.

Свае заўвагі і пытанні дасылайце на наш рэдакцыйны адрас info@catholic.by.

Такім чынам, пачнём спачатку. І гэта, канечне, сакрамэнт хросту. Сваіх дзяцей не маю і хроснай маці не даводзілася быць, таму пытанняў адносна хросту ўзнікала не надта шмат. На форумах жа ў Інтэрнэце — пытанняў гаць гаці. Большасць з іх для мяне проста смешныя. Але калі разабрацца, узнікаюць яны не з паветра: многія з іх датычаць праваслаўнай канфесіі і яе традыцый, дзе, напрыклад, хроснымі бацькамі не могуць быць законнікі і сужэнская пара або нарачоныя. Аднак у Каталіцкім Касцёле іншыя правілы, і ўсе яны змешчаны ў Катэхізісе і Кодэксе Кананічнага Права.

Як узнік сакрамэнт хросту?

«Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (пар. Мц 28, 19) — гэтымі словамі Пан Езус устанавіў першы з сямі сакрамэнтаў — сакрамэнт святога хросту.

Для чаго патрэбен хрост?


Праз святы хрост Пан ачышчае нас ад заганы першароднага граху, адпускае ўсе правіны, учыненыя да хросту, удзяляе надпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця дзяцей Божых, акрамя таго, праз хрост асоба далучаецца да супольнасці народу Божага — Касцёла. Толькі пасля прыняцця хросту можам прымаць іншыя сакрамэнты (канфірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне, намашчэнне хворых, пасвячэнне, сужэнства).

Звычайна ўдзяляе сакрамэнт хросту святар альбо дыякан, а ў выпадку небяспекі смерці, калі няма святара, ахрысціць можа кожны чалавек.

Пажадана, каб імя, якое даецца пры хрышчэнні, было імем святога альбо святой, каб ахрышчаны меў прыклад для наследавання і свайго заступніка ў Бога.

Хрост — гэта толькі пачатак, які патрабуе далейшага развіцця веры і жыцця паводле яе. Гэта — абавязак бацькоў, хросных і самаго ахрышчанага.

Як падрыхтавацца да хросту?

Бацькі абавязаны прыйсці ў касцёл на размову са святаром, каб абмеркаваць усе пытанні адносна хросту дзіцяці. Бацькі павінны прынесці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і свае пашпарты і прадставіць кандыдатаў на хросных бацькоў. Хросту папярэднічае спецыяльная падрыхтоўка — заняткі па рэлігіі.

Навошта хросныя бацькі?

Для кожнага дзіцяці бацькі выбіраюць хросных маці і бацьку. Яны дапамагаюць бацькам у выхаванні дзіцяці ў веры і паводле хрысціянскай маралі. Падчас хросту вызнаюць веру, таму ў якасці хросных бацькоў не могуць выступаць асобы, якія не могуць шчыра вызнаць сваю веру.

Хто можа быць хросным?

Выконваць заданні хроснага ў Каталіцкім Касцёле можа той, хто:

  • вызначаны прымаючым хрост або праз яго бацькамі (выхавацелямі), а калі іх няма — пробашчам ці ўдзяляючым сакрамэнт, і мае адпаведныя да таго здольнасці, а таксама намер выконваць гэтае заданне;
  • мае 16 гадоў (калі няма іншай пастановы біскупаў дыяцэзіі) або, па слушнай прычыне, пробашч ці ўдзяляючы сакрамэнт можа зрабіць выключэнне;
  • католік, пасля прыняцця Першай Камуніі і сакрамэнту канфірмацыі (бежмавання), які вядзе жыццё, згоднае з верай і адпаведнае функцыі, якую мае выконваць;
  • свабодны ад кананічнай кары;
  • не з’яўляеццца бацькам або маці прымаючага хрост.

Кожны іншы не можа быць хросным (пар. Can. 874 §1 СІС).

Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя сваім абавязкам, павінны давесці дзіця да пазнання Бога, навучыць маліцца, прыводзіць на заняткі рэлігіі і падрыхтаваць да Першай святой Камуніі і сакрамэнту канфірмацыі.

На найбольш частыя пытанні адносна сакрамэнту хросту адказвае кс. Анджэй Юхневіч ОМІ:

Ці трэба хрысціць чалавека, які не ведае, ці быў ахрышчаны ў дзяцінстве?

Сакрамэнт хросту, здзейснены адзін раз, не можа быць паўтораны для ўжо ахрышчанага чалавека (пар. Can. 845 §1 СІС ). Калі існуе сумненне ў тым, ці нехта быў ахрышчаны або ці годна быў ўдзелены хрост, і калі сумненне застаецца і пасля правядзення сумленных даследаванняў у гэтай справе, трэба ўдзяліць «умоўны хрост» (пар. Can. 869 §1 СІС). У такім выпадку форма хросту гучыць так: «N., калі ты не быў/была ахрышчаны/-ая, я цябе хрышчу ў імя Айца і Сына, і Духа Святога».

Чаму ў каталіцызме неабходна хрысціць у дзяцінстве?


Бацькі хочуць даць дзецям найлепшае. Хрост — гэта найцудоўнейшы падарунак: дзіця становіцца «ўшчэпленым» у жывы арганізм Хрыста, пачынае жыць Яго «сокамі», маленькае зярнятка веры засейваецца і пачынае прарастаць. Ужо першыя хрысціяне цэлымі сем’ямі хрысціліся, напрыклад «дом Карнэлія» (пар. Дз 10, 48), значыцца і дзеці таксама.

У колькі месяцаў хрысціць дзіця?

Раней, калі смяротнасць нованароджаных была высокай, хрысцілі ў некалькі дзён пасля нараджэння (3–5 дзён). Цяпер, калі ўзровень жыцця палепшыўся, бацькі чакаюць даўжэй. Касцёл узгадвае, што бацькі абавязаны хрысціць сваё дзіця «ў першыя тыдні» жыцця. І нават перад нараджэннем яны павінны прыйсці да пробашча сваёй парафіі і папрасіць хросту, каб адпаведна да яго падрыхтавацца (Can. 867 §1 СІС).

Ці можа быць ахрышчана дзіця сужонкаў, якія не маюць сакрамэнту шлюбу?

Бацькі і хросныя бяруць адказнасць за веру дзіцяці і яе развіццё, таму яны павінны жыць адпаведным спосабам. У час хросту (ад імя дзіцяці) адракаюцца ад граху, ад усялякай прычыны граху і ад сатаны. Калі яны працягваюць жыць у граху, то выходзіць, што хлусяць! Практыка стварылася наступная: дзіця невінаватае, таму мае права і павінна быць ахрышчана. Але, калі няма да таго перашкод, бацькі інтэнсіўна заахвочваюцца да прыняцця сакрамэнту сужэнства. Можа, нават і на адной урачастасці: шлюб бацькоў і хрост дзіцяці.

У якім выпадку святар можа адмовіць у хросце?

У выпадку, калі няма ўпэўненасці ў рэлігійным выхаванні дзіцяці — г.зн. ні бацькі, ні хросныя не могуць забяспечыць рэлігійнага выхавання дзіцяці.

Ці могуць быць хроснымі вернікі іншых іншых канфесій, рэлігій?

Ахрышчаны, які прыналежыць да некаталіцкай касцёльнай супольнасці, мажа быць дапушчаны толькі разам з хросным католікам і гэта толькі ў характары сведкі хросту. Вернік іншай рэлігіі (нехрысціянін) не можа быць хросным (пар Can. 874 §2 СІС).

Ці могуць быць хроснымі муж і жонка?

Могуць, калі гэта не бацькі прымаючага хрост.

Ці можна ахрысціць без хросных ці з адным хросным?

У абставінах пагрозы смерці можна ахрысціць без хросных (пар. Can. 867 §2 СІС). У звычайных абставінах належыць выбраць хроснага або хросную, або абоіх разам (пар. Can. 873 СІС).

Ці могуць быць хроснымі самі бацькі?

Як узгадана вышэй, бацькі прымаючага хрост не могуць быць хроснымі.

Ці можна быць хросным некалькіх дзяцей?


Калі няма іншай магчымасці, можна. Важна, каб была магчымасць спадарожнічаць хрысціянскаму жыццю ахрышчанага, каб ён мог весці хрысціянскае жыццё, адпаведнае прынятаму сакрамэнту, і верна выконваў звязаныя з ім абавязкі (пар. Can. 872 СІС).

Я чуў ад старэйшай жанчыны, што пасля бальшавіцкіх рэпрэсій і пасля вайны у Мінску не было святароў. Святар прыязджаў рэдка і толькі на адзін або два дні. Тады ён хрысціў ад раніцы да ночы. Было і так, што закрыстыянін і нейкая бабуля былі хроснымі для натоўпу людзей, якія пасля вайны не мелі магчымасці ахрысціцца. Аднак жа гэта ў асаблівым выпадку.

Ці можна адмовіцца ад хросных і абраць новых, калі першыя пачалі весці амаральнае жыццё?

Хросны не выбіраецца нанова. Ён сведка моманту хросту.

Што падарыць хрэсніку?

Найлепшы падарунак — прысутнасць у жыцці і прыклад добрага, здаровага хрысціянскага жыцця, радасных суадносін з Езусам. Гэтага нішто (цацкі, камп’ютар, ровар) не заменіць.

Падрыхтавала Святлана Жылевіч

Абноўлена 10.08.2017 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.