Сёння мы працягваем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць удзяленне сакрамэнту хросту. Кодэкс гаворыць, што здольным прыняць святы хрост з’яўляецца кожны яшчэ не ахрышчаны чалавек. Гэтая здольнасць засноўваецца на Божай волі, якая палягае на тым, каб усе людзі былі збаўлены, і на неабходнасці нарадзіцца нанова з вады і Духа Святога, каб увайсці ў Божае Валадарства.
Калі гаворка ідзе аб дарослым чалавеку (а нагадаю, што ў выпадку сакрамэнту хросту гэта таксама і дзіця, старэйшае за 7 гадоў), то для яго хросту неабходна, каб ён выказаў жаданне прыняць хрост, атрымаў дастатковыя настаўленні аб праўдах веры і аб хрысціянскіх абавязках, а таксама быў выпрабаваны падчас катэхуменату; ён таксама павінен быць павучаны аб скрусе аб сваіх грахах. Гэтае патрабаванне вельмі важнае, таму што падчас хросту ў дарослага чалавека адпускаюцца грэх першародны і ўсе іншыя грахі, г.зн. адбываецца адпушчэнне грахоў без споведзі (бо неахрышчанага нельга спавядаць), таму вельмі важна павучыць чалавека аб скрусе за грахі, каб ён пасля не баяўся прыступаць да сакрамэнту пакаяння. Таксама дарослы, які прымае хрост, калі няма вялікіх перашкод, павінен адразу прыняць канфірмацыю і ўдзельнічаць у эўхарыстычнай цэлебрацыі, прымаючы святую Камунію — гэта вынікае з адзінства гэтых трох сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання.
Калі гаворка ідзе аб хросце дзіцяці, то бацькі павінны паклапаціцца аб тым, каб іх дзеці былі ахрышчаны ў першыя тыдні жыцця; як мага хутчэй пасля нараджэння дзіцяці, а таксама перад нараджэннем, бацькі павінны звярнуцца да пробашча, каб папрасіць аб сакрамэнце для свайго дзіцяці, і належным чынам да яго падрыхтавацца, а калі так здарыцца, што дзіця знаходзіцца ў небяспецы смерці, то яго неадкладна трэба ахрысціць. Для таго, каб дзіця было годна ахрышчана, неабходна, каб бацькі былі згоднымі на хрост, а таксама каб існавала абгрунтаваная, хаця б мінімальная надзея, што дзіця будзе выхавана ў каталіцкай веры. На жаль, здараюцца сітуацыі, калі такой надзеі зусім няма, тады святары адмаўляюць ва ўдзяленні хросту. Усе такія сітуацыі вельмі сумныя, але ўсё ж такі трэба ведаць, што хрост — гэта не проста прыгожы рытуал, які трэба прайсці, а найважнейшы сакрамэнт хрысціянскага жыцця.
Здараюцца таксама сітуацыі, і ў Беларусі даволі часта, калі невядома, быў чалавек ахрышчаны ці не. Усе мы добра ведаем нашу гісторыю, тое, якая небяспека пагражала многім за хрост дзіцяці, і часта гэтыя факты ўкрываліся. Дык што ж рабіць у такой сітуацыі? Касцёл прадугледжвае магчымасць умоўнага хросту, калі існуе сумненне ў тым, ці адбыўся хрост або ці хрост быў удзелены сапраўдным чынам, пры гэтым сумненне застаецца і пасля сур’ёзнага даследвання дадзенага пытання. У такім выпадку ў формуле хросту дадаюцца словы: «Калі ты не быў ахрышчаны, то я цябе хрышчу…»
Зараз разгледзім яшчэ адно важнае пытанне, якое ўзнікае пры цэлебрацыі сакрамэнту хросту, — аб хросных бацьках. Хто можа быць хросным? Навошта яны патрэбныя? Ці можа адбыцца хрост без хросных і г.д. Варта заўважыць, што існуе даволі шмат мясцовых народных павер’яў, звязаных з магчымасцю быць хроснымі, але даволі часта яны не маюць нічога супольнага з навукай Касцёла ў гэтай матэрыі. Таму зараз я пастараюся растлумачыць, што права Касцёла гаворыць на тэму хросных. 872-і канон гаворыць, што пры магчымасці таму, хто прымае хрост, трэба даць хроснага, задача якога — суправаджаць дарослага, які прымае хрост, у хрысціянскай ініцыяцыі, і прадстаўляць дзіця разам з бацькамі да хросту, а таксама дапамагаць ахрышчанаму весці хрысціянскае жыццё, якое адпавядае прынятаму хросту, і верна выконваць абавязкі, якія выцякаюць з хросту. Дапускаюцца толькі адзін хросны або адна хросная, або хросны з хроснай разам, і больш ніякіх варыянтаў быць не можа (2 хросных, 2 хросныя, 5 хросных бацькаў і маці і г.д.). Таксама хрост можа ўдзяляцца і без хросных. Для таго, каб хтосьці быў дапушчаны да выканання абавязкаў хроснага, неабходна, каб ён быў прызначаны тым, хто прымае хрост, або яго бацькамі, і хацеў прыняць гэты абавязак, дасягнуў шаснаццацігадовага ўзросту, з’яўляўся католікам, які ўжо прыняў канфірмацыю і Эўхарыстыю, а таксама вёў жыццё, згоднае з верай і з тым абавязкам, які ён павінен выканаць, не быў звязаны ніякім кананічным пакараннем і не з’яўляўся бацькам або маці таго, хто прымае хрост. Такім чынам, мы бачым, што згодна з правам Касцёла, сапраўдным хросным можа быць толькі католік. А што ж з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, напрыклад, ці могуць праваслаўны ці пратэстант выконваць гэтую функцыю? Кодэкс гаворыць, што ахрышчаны, які належыць да некаталіцкай касцёльнай супольнасці, можа быць дапушчаны толькі разам з хросным католікам, і толькі ў якасці сведкі хросту, а не хроснага. Але для праваслаўных у 1994 годзе было зроблена вылючэнне — дырэкторый аб экуменізме дазваляе, каб праваслаўны разам з католікам быў хросным.
Калі няма хросных, то той, хто ўдзяляе хрост, павінен паклапаціцца аб тым, каб меўся хаця б адзін сведка, які мог бы пацвердзіць факт удзеленага хросту. Факт хросту павінен быць занатаваны ў парафіяльных метрыкальных кнігах — гэта абавязак пробашча.