Пантыфікат Пія IX працягваўся амаль 32 гады і часта разглядаецца гісторыкамі праз прызму пытання пра свецкую ўладу Папаў Рымскіх, якое тады было асабліва актуальным.
Аднак ёсць яшчэ цэлы шэраг фактараў, якія сведчаць пра вялікую ролю, якую ў гісторыі ХІХ стагоддзя адыграў Пій IX.
Сярод найбольш важных падзей яго Пантыфікату можна назваць абвяшчэнне догмату пра Беззаганнае Зачацце Панны Марыі булай Ineffabilis Deus і з’яўленне т.зв. «Сілабуса» — пераліку галоўных памылак нашага часу.
Апошні атрымаў неадназначную ацэнку сярод ліберальна настроеных католікаў: з аднаго боку, напрыклад, яны асуджалі рэлігійную індыферэнтнасць і атэізм, а з іншага, ім была не чужой ідэя аддзялення Касцёла ад дзяржавы, якую прадставілі ў пераліку памылковых поглядаў.
Пій IX вядомы і тым, што спрыяў распаўсюджванню культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса, урачыстасць у гонар якога ён распаўсюдзіў на ўвесь Касцёл у 1856 годзе.
Пры гэтым Пантыфікаце адбыўся Першы Ватыканскі Сабор. Планы па яго скліканні існавалі ўжо ў пачатку 1860-х гадоў. Было прынята рашэнне, што на Саборы будуць разглядацца пытанні, звязаныя з Кананічным правам, дзейнасцю місій і рэлігійных ордэнаў. Аднак пры яго правядзенні стаў шырока абмяркоўвацца таксама догмат пра беспамылковасць Пантыфікаў, які ў выніку быў прыняты рашэннем Сабору.
Пантыфікат Пія IX праходзіў у сапраўды складанай абстаноўцы. Папа страціў свецкую ўладу і разам з ёй многія свае правы. Так, пасля аб’яднання Італіі дзяржава стала зацвярджаць кандыдатаў на біскупскія пасады, на што часам былі патрэбныя гады.
Кардынал Пароккі, напрыклад, прызначаны арцыбіскупам Балоньі, быў зацверджаны толькі праз пяць гадоў. Прыбытак ад вакантных пасадаў ішоў італьянскаму ўраду, а не Святому Пасаду. З гэтай прычыны ў 1871–1872 гадах Папа выбраў 102 новых італьянскіх біскупаў з улікам іх набожнасці і пастырскага вопыту. Многія з іх былі маладыя і энергічныя.
Пазбаўленне Касцёла яго ранейшых правоў праходзіла і ў незадоўга да гэтага аб’яднанай Германіі. Пры канцлеры Ота фон Бісмарку праводзілася жорсткая антыклерыкальная палітыка. Афіцыйныя адносіны паміж Святым Пасадам і Германскай імперыяй былі разарваны ў канцы 1872 года.
У 1873 годзе ў Германіі была прынята серыя законаў, якія ставілі пад строгі дзяржаўны кантроль рэлігійную адукацыю і прызначэнне на касцёльныя пасады. Тым не менш католікі моцна супраціўляліся мерам, ініцыяваным Бісмаркам, і Партыі каталіцкага Цэнтра нават удалося падвоіць сваю прысутнасць у парламенце.
Пій IX, як і многія яго папярэднікі, з’яўляўся апекуном мастацтва. У перыяд яго праўлення была адрэстаўравана брама Пія, пабудаваная ў эпоху Адраджэння, а падлога базылікі святога Пятра стала мармуровай. На аднайменнай плошчы з’явіліся статуі святых Пятра і Паўла. У Ватыкане была праведзена маштабная рэстаўрацыя вядомых твораў мастацтва, а фонды Ватыканскай бібліятэкі былі папоўнены новым тамамі.
Пій IX распарадзіўся ўмацаваць будынак Калізея. Значныя сумы былі выдаткаваныя на стварэнне археалагічнай камісіі, якая займалася адкрыццём хрысціянскіх катакомбаў.
Папа садзейнічаў таму, каб яго міністры пераехалі ў размешчаны ў цэнтры Рыма палац дэла Канчэлерыя. Гэты было зроблена з мэтай спрашчэння сувязі паміж простым людам і папскімі прадстаўнікамі.
На Пантыфікат Пія IX прыпала шмат юбілейных датаў. Пры ім, напрыклад, шырока святкавалася 300-годдзе правядзення Трыдэнцкага Сабору і 1800-годдзе мучаніцтва Апосталаў Пятра і Паўла. Было кананізавана 52 святых, уключаючы японскіх мучанікаў і Язафата Кунцэвіча. Сам Пій IX быў беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ 3 верасня 2000 года. Лічыцца, што менавіта гэты Пантыфік зрабіў першыя крокі да сучаснага папства.