Пошук

26.02.2016 00:00   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Сёння мы пачынаем разважанні над новым для нас раздзелам кананічнага права, а канкрэтна пагаворым аб нормах, якія рэгулююць удзяленне і прыняцце розных сакрамэнтаў.

Гэтыя пытанні даволі часта ўзнікаюць у нашай практыцы, і, на жаль, даволі часта ўзнікаюць пэўныя памылкі, якія часам могуць датычыць таксама сапраўднасці ўдзялення ці прыняцця сакрамэнтаў. У нашых разважаннях я пастараюся закрануць найбольш частыя пытанні, якія ўзнікаюць пры цэлебрацыі сакрамэнтаў.


Спачатку варта прыгадаць сабе, што святыя сакрамэнты – гэта не проста нейкая прыгожая цырымонія: праз сакрамэнты праяўляецца канкрэтнае дзеянне Божай ласкі. 840-ы канон кодэксу прыгадвае кожнаму з нас, што сакрамэнты Новага Запавету, устаноўленыя Панам Хрыстом і давераныя Касцёлу, як дзеянні Хрыста і Касцёла, з’яўляюцца знакамі і сродкамі, дзякуючы якім выражаецца і ўмацоўваецца вера, аддаецца культ Богу і здзяйсняецца асвячэнне людзей, менавіта таму яны ў найвышэйшай ступені садзейнічаюць заснаванню, умацаванню і знешняму праяўленню касцёльнага адзінства; таму пры іх цэлебрацыі як святыя распарадчыкі, так і іншыя вернікі павінны аказваць найвышэйшую пашану і належную стараннасць.

Існуе агульнае правіла, што святыя распарадчыкі не могуць адмовіць у сакрамэнтах тым, хто належным чынам аб іх просіць, адпаведна падрыхтаваны і каму права не забараняе іх прымаць. Тут мы бачым тры ўмовы, неабходныя для прыняцця любога сакрамэнту: па-першае, сакрамэнты ўдзяляюцца тым, хто належным чынам просіць аб іх удзяленні, гэта значыць, што нельга “насілу” ўдзяліць камусьці святых сакрамэнтаў. На жаль, здараюцца сітуацыі, калі чалавек усім сваім жыццём паказвае, што ён не патрабуе сакрамэнтаў, не патрабуе Пана Бога, але ў час хваробы ці старасці яго родныя сілай хочуць прымусіць яго да гэтага. Пэўным выключэннем з гэтага правіла з’яўляецца хрост дзяцей, якія, зразумела, не могуць прасіць аб хросце для саміх сябе, але ў гэтай сітуацыі ад яго імя просяць бацькі, і Касцёл, верачы ў тое, што веруючыя бацькі перададуць веру свайму дзіцяці, удзяляе сакрамэнт хросту.


Па-другое, сакрамэнты трэба ўдзяляць тым, хто належным чынам падрыхтаваны да іх прыняцця. Гэта вельмі важнае патрабаванне – чалавек павінен мець хаця б мінімальныя веды наконт таго, які сакрамэнт ён прымае. Напэўна, большасць з нас памятае часы, калі не было святароў, і калі які-небудзь святар заехаў у нейкую мясцовасць ці туды на адпачынак прыехалі дзеці і ўнукі, сакрамэнты ўдзяляліся “оптам”. На жаль, і сёння ў многіх людзей застаецца такі падыход, але сёння, дзякуй Богу, ёсць магчымасць адпаведным чынам падрыхтавацца да прыняцця сакрамэнтаў, і не трэба баяцца таго, што гэтая падрыхтоўка патрабуе пэўнага часу.

І, па-трэцяе, сакрамэнты можна ўдзяліць таму, каму права не забараняе іх прымаць. На жаль, у жыцці чалавека здараюцца такія сітуацыі, калі ён сам сябе ставіць па-за правам і не можа прымаць святыя сакрамэнты. У такіх сітуацыях чалавек даволі часта пачынае абвінавачваць святара, што ён дрэнны і не хоча ўдзяляць сакрамэнты, замест таго, каб падумаць, як выправіць сваё жыццё.

Сітуацыя ў Беларусі склалася такім чынам, што ў нас даволі шмат змешаных сужэнстваў, заходняя і ўсходняя традыцыі вельмі моцна перапляліся ў нашай культуры, і даволі часта ў многіх узнікае пытанне: калі я католік, ці магу прымаць нейкія сакрамэнты ў Праваслаўнай Царкве і наадварот? Зараз я адкажу на гэтае пытанне з пункту гледжання Каталіцкага Касцёла.

Агульнае правіла гаворыць, што каталіцкія распарадчыкі годна ўдзяляюць сакрамэнты толькі вернікам католікам, якія са свайго боку годна прымаюць іх толькі ад распарадчыкаў католікаў, але заўсёды, калі існуе неабходнасць або да гэтага схіляе сапраўдная духоўная карысць і адсутнічае небяспека памылкі або абыякавасці, дазваляецца вернікам, якія фізічна або маральна не могуць звярнуцца да распарадчыка католіка, прымаць сакрамэнты пакаяння, Эўхарыстыі і намашчэння хворых ад распарадчыкаў некатолікаў, у Царкве якіх сапраўдным чынам існуюць вышэй названыя сакрамэнты. Іншымі словамі, у адносінах паміж праваслаўнымі і католікамі, калі існуе неабходнасць і нельга звярнуцца да каталіцкага святара, католікі могуць прымаць сакрамэнты пакаяння, Камуніі і намашчэння хворых ад праваслаўнага святара – напрыклад, у шпіталі ці там, дзе няма каталіцкага святара. З іншага боку, распарадчыкі католікі годна ўдзяляюць сакрамэнты пакаяння, Эўхарыстыі і намашчэння хворых членам Усходніх Касцёлаў, якія не маюць поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам, калі члены гэтых Касцёлаў самі аб гэтым папросяць і будуць падрыхтаваны адпаведным чынам, гэта значыць праваслаўны вернік можа папрасіць у каталіцкага святара аб удзяленні сакрамэнту пакаяння, Камуніі і намашчэння хворых.

Кс. Дзмітрый Пухальскі
Фота Віталія Палінеўскага

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця