Пошук


Прапануем 12 велікапосных лайфхакаў ад Маі Моллер, якая распавядае, як не рабіць у сваім жыцці духоўнай рэвалюцыі, а дазволіць зрабіць яе Богу.

Часам кажуць, што Вялікі пост — гэта час больш інтэнсіўнай працы над сабой. Сапраўды, можна паглядзець на гэты перыяд менавіта такім чынам. Хоць я зусім не заклікаю да пасіўнасці ці да адмаўлення ад духоўных практыкаванняў, аднак мне не зусім падабаецца такі погляд.

Працаваць над сабой — добрая справа. Але значна лепш дазволіць Богу працаваць нада мной. У першым выпадку я магу імкнуцца толькі да дасканаласці. У другім жа, нягледзячы на падзенні і слабасці, я магу адчуваць, што побач са мною ёсць Хтосьці, хто вядзе мяне да святасці праз усё, што я перажываю. У першым выпадку я буду рэалізоўваць свой уласны план самаўдасканалення. У другім — спытаюся ў Бога, што Ён запланаваў для мяне, і буду гатовая да неспадзяванак, нават такіх, да якіх магу зусім не імкнуцца.

Касцёл нязменна падказвае нам, што дапамогаю ў тым, каб адкрыцца для Бога, з’яўляюцца пост, малітва і міласціна. Часам нам бывае няпроста перакласці гэта з мовы пабожных намераў на мову штодзённых спраў, таму што зручней проста «для птушачкі» ў спісе велікапосных пастаноў схадзіць на набажэнства Крыжовага шляху.

Аднак нішто не можа нас лепш заахвоціць да адкрыцця ва ўсім гэтым Любові, чым пост, які распачаўся… на святога Валянціна! Таму я хачу даць некалькі падказак, як можна крэатыўна пражыць гэты перыяд, што дапаможа майму сэрцу не столькі самаўдасканаліцца, колькі навучыцца больш любіць.

Малітва

  1. Пашукаю цішыні. Кожны дзень запланую для сябе хоць 5 хвілін, калі адключу тэлефон, заплюшчу вочы, перастану размаўляць (таксама і сама з сабой) і ўслухаюся ў цішыню. У гэты час спытаюся ў Бога, якія ў Яго планы на бліжэйшы час. І буду слухаць: Ён абавязкова адкажа.
  2. Падрыхтуюся да неспадзяванак, нават да такіх, якія не прыносяць мне асаблівага задавальнення, напрыклад, да спазнення аўтобуса, затораў на дарозе і іншых непрыемнасцяў. Якім чынам у іх можна знайсці Божую прысутнасць? Можа, у такіх сітуацыях Ён кажа мне штосьці асаблівае?
  3. У наш час некаторыя вядомыя людзі прапануюць супольнасці пэўныя выклікі. Я таксама прапаную выклік на Вялікі пост: 40 псальмаў на 40 дзён посту. Гэта можа дапамагчы, калі мне бывае цяжка маліцца. У псальмах можна знайсці патрэбныя словы на кожны выпадак жыцця. Я магу штодзённа запісваць адзін сказ з псальмаў, які мяне найбольш узрушыў.
  4. Хто з нас можа кожны дзень знайсці час на тое, каб пайсці ў касцёл на хвіліну адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце? Думаю, няшмат. Добра, калі гэта атрымаецца хоць раз на тыдзень, і ніякія намаганні не дапамогуць гэтага змяніць. Аднак я маю магчымасць кожны дзень сустракацца з Езусам у іншым чалавеку. А калі кожнага сустрэтага чалавека пачаць успрымаць як нагоду памаліцца? Нават вельмі коратка: «Благаславі яго (яе), Божа»?
  5. Распавяду каму-небудзь пра Езуса, не робячы з гэтага «акцыю» ў краме або ў метро. Пагляджу навокал: можа, заўважу спрыяльную нагоду, каб паразмаўляць пра Бога з дзецьмі, з мужам, з сяброўкай? Можа, для гэтага будзе дастаткова толькі некалькіх простых словаў і хвіліны супольнай малітвы?

 

Міласціна

  1. Народная мудрасць кажа, што з пустога нават Саламон не налье. Не ведаю, ці таксама адбываецца з любоўю, але ж мы любім бліжняга, як самога сябе… На першы погляд можа здавацца, што гэтае практыкаванне не звязана з міласцінай, дзяленнем чымсьці з бліжнім, аднак непасрэдна вядзе да гэтага. Паспрабую кожны дзень знаходзіць у сабе адну добрую рысу. 40 добрых якасцяў, моцных бакоў, якія сведчаць пра мой патэнцыял, — гучыць добра, ці не праўда? Цалкам магчыма, што ўжо праз некалькі дзён пошукаў у сабе добрых якасцяў я вырашу рабіць тое самае ў адносінах да тых, каго сустракаю. А такая перамена погляду на іншых, імкненне заўважаць у іх лепшае — гэта першы крок да таго, каб дзяліцца любоўю.
  2. Міласціна — гэта не толькі даць грошы на добрыя мэты або падзяліцца з кімсьці матэрыяльнымі дабротамі. Гэта таксама добрыя словы і выхад з таго, што нам зручна. Чарговая прапанова на Вялікі пост — падумаць пра людзей, з якімі даўно не бачыўся. Варта купіць некалькі прыгожых паштовак і напісаць на іх некалькі словаў ад сэрца, што, магчыма, камусьці падыме настрой. У час сацыяльных сетак і смартфонаў напісаныя ад рукі радкі выклікаюць прыемнае здзіўленне, а ліст у паштовай скрынцы становіцца цудоўнай неспадзяванкай.
  3. Перагледжу сваё адзенне, аксесуары, кнігі. Калі я чагосьці не апранала ўжо пару гадоў, малаверагодна, што гэта мне калісьці яшчэ спатрэбіцца. Гэтыя рэчы можна занесці туды, дзе іх перадуць людзям, якія маюць у іх патрэбу. Вядома, гаворка ідзе толькі пра якасныя, несапсаваныя і чыстыя рэчы.

Пост

  1. Пачну з класікі, або з… посту. Не, я не прапаную адмовіцца ад шакаладу на час Вялікага посту. Я хачу заахвоціць адмовіцца на гэты перыяд ад нейкай адной канкрэтнай рэчы і прызначыць гэтыя сродкі на канкрэтныя патрэбы бедных. Найпрасцей зрабіць гэта, як са скарбонкай: адкладаць 40 дзён дробныя сумы, а потым з лёгкім сэрцам і шырокаю ўсмешкаю падараваць гэта таму, хто мае патрэбу.
  2. Зраблю спіс маіх жыццёвых прыярытэтаў. Якія адносіны для мяне самыя важныя? Якія абавязкі я найчасцей занядбоўваю, якія высокія мэты пакідаю з-за таго, што засяроджваюся на дробязях? Што будзе на першым месцы ў маім спісе? Дзе ў ім змесціцца малітва, адносіны з блізкімі, праца або вучоба? Запішу гэта на паперцы па пунктах. Кожны дзень буду пачынаць з пастановы прытрымлівацца гэтага спісу, а ўвечары разам з Езусам пагляджу, як мне гэта ўдавалася. Часам трымацца гэтых прыярытэтаў будзе няпроста (напрыклад, пабыць з блізкімі замест таго, каб сядзець «у кантакце», або вучыцца замест таго, каб адпачываць). Але на тое і пост, каб зрабіць высілак, ці ж не так?
  3. Буду разважліва траціць грошы: двойчы падумаю перш, чым штосьці купіць. Пастараюся купляць толькі тое, што сапраўды патрэбна, адмовіўшыся ад хвілінных пажаданняў.
  4. Пастараюся не скакаць з каналу на канал або з сайту на сайт, хоць ведаю, як добра гэта дапамагае пазбавіцца ад суму. А можа, цяпер якраз такі час, каб крышачку пасумаваць?.. Часам здаецца, што прыемнае гультайства перад камп’ютарам або са смартфонам — гэта вольны час, але ж насамрэч — гэта трыманне сваіх думак на прывязі. Прычым, вельмі кароткай, таму што яна абмяжоўваецца толькі тым, што найбольш яркае і прыцягвае ўвагу…

Перада мною — 40 дзён, кожны з якіх становіцца шанцам не толькі ад чагосьці адмовіцца, але і засяродзіцца на чымсьці добрым. Я жадаю і сабе, і ўсім вам, каб гэта быў час не толькі для выканання духоўных практыкаванняў з мэтаю самаўдасканаліцца, але перадусім час адкрыцца для Любові.

Абноўлена 03.04.2018 10:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа