Мы працягваем гаворку аб арганізацыі парафіяльнага жыцця і аб правах і абавязках пробашча — як уласнага пастыра парафіі, прызначанага біскупам.
З часоў Трыдэнцкага Сабору (XVI ст.) для пробашчаў існуе абавязак рэзідэнцыі — гэта значыць, што пробашч павінен пражываць у парафіяльным доме блізка ад касцёла, і гэта натуральна, бо ў любой сітуацыі чалавек можа непасрэдна звярнуцца да святара, аднак у асобых выпадках пры наяўнасці справядлівай прычыны мясцовы ардынарый можа дазволіць яму пражываць у іншым месцы, асабліва ў агульным доме для некалькіх святароў такім чынам, што будзе забяспечана правільнае і належнае выкананне парафіяльных абавязкаў — напрыклад, у нейкім буйным горадзе ёсць дом, дзе пражываюць некалькі святароў, кожны з якіх — можа, штодзённа, можа, раз на тыдзень — у залежнасці ад абставін, — ездзіць у свае маленькія парафіі.
Але пробашч таксама мае час на адпачынак, і 2-і параграф 533-га канону прадпісвае, што пробашчу дазваляецца, карыстаючыся правам на штогадовы адпачынак, знаходзіцца па-за межамі парафіі на працягу месяца без перапынку або з перапынкамі, але ў час адпачынку не залічваюцца тыя дні, калі пробашч раз у год удзельнічае ў рэкалекцыях.
На пробашча пасля ўступлення ў валоданне парафіяй ускладаецца абавязак у кожную нядзелю і прадпісаныя святы ў яго дыяцэзіі адслужыць святую Імшу за даручаны яму народ, таксама як і біскуп пасля ўступлення ў кананічнае валоданне дыяцэзіяй мае такі абавязак, аб чым мы ўжо гаварылі.
У кожнай парафіі павінны быць парафіяльныя метрыкальныя кнігі, г.зн. кнігі хростаў, сужэнстваў, пахаванняў і іншыя, і менавіта пробашч павінен сачыць за тым, каб гэтыя кнігі дакладна спісваліся і беражліва захоўваліся. У кнізе хростаў на працягу жыцця кожнага верніка павінен рабіцца запіс аб удзяленні сакрамэнту канфірмацыі, а таксама аб усім, што мае дачыненне да кананічнага статусу верніка: аб сужэнстве, аб адопцыі, аб прыняцці пасвячэння, аб складанні вечных шлюбаў у манаскім інстытуце, а таксама аб змене абраду. Таксама кожная парафія павінна мець уласную пячатку — пасведчанні, якія выдаюцца аб кананічным статусе вернікаў, таксама як і ўсе акты, якія могуць мець юрыдычнае значэнне, павінны падпісвацца самім пробашчам або яго ўпаўнаважаным і ўмацоўвацца парафіяльнай пячаткай. Старыя парафіяльныя кнігі таксама трэба старанна захоўваць. На жаль, у Беларусі з-за розных гістарычных абставін не так шмат месцаў, дзе мы можам бачыць старыя парафіяльныя кнігі, але там, дзе яны захаваліся, яны з’яўляюцца сапраўднай каштоўнасцю.
У парафіі можа існаваць пастырская рада, якую ўзначальвае пробашч, дзе вернікі разам з тымі, хто ўдзельнічае ў пастырскай апецы ў парафіі з моцы сваёй пасады, аказваюць сваю дапамогу ў падтрымцы пастырскай дзейнасці, але гэтая рада мае права толькі кансультатыўнага голасу і ніколі не можа замяніць пробашча ў кіраванні парафіяй. У адрозненне ад пастырскай рады, якая можа існаваць або не існаваць, у кожнай парафіі павінна існаваць рада па эканамічных пытаннях, у якой вернікі, выбраныя па нормах спецыяльнага права, дапамагаюць пробашчу ў распараджэнні маёмасцю парафіі. Вельмі пажадана, каб у гэтую раду былі ўключаны вернікі з эканамічнай адукацыяй.
Пробашч спыняе выкананне сваіх абавязкаў пры звальненні яго з пасады або пры пераносе, здзейсненым дыяцэзіяльным біскупам, пры адстаўцы, пададзенай самім пробашчам па справядлівай прычыне і прынятай біскупам, а таксама пасля заканчэння тэрміну, калі ён быў прызначаны на акрэслены тэрмін. Але пры дасягненні сямідзесяціпяцігадовага ўзросту пробашчу прапаноўваецца падаць прашэнне аб адстаўцы дыяцэзіяльнаму біскупу, які, разгледзеўшы ўсе абставіны асобы і часу, прыме рашэнне, ці належыць прыняць ці адхіліць прашэнне.
Калі парафія становіцца вакантнай, а таксама тады, калі пробашчу перашкаджаюць выконваць пастырскае служэнне ў парафіі зняволенне, спасылка або выгнанне, непрацаздольнасць, хвароба або іншыя прычыны, дыяцэзіяльны біскуп павінен як мага хутчэй прызначыць парафіяльнага адміністратара, г.зн. святара, які будзе замяшчаць пробашча. Адміністратар мае тыя самыя абавязкі і карыстаецца тымі самымі правамі, што і пробашч, хіба што біскуп пастановіць інакш.
Калі здарыцца так, што парафія становіцца вакантнай, а таксама ў тым выпадку, калі пробашчу нешта перашкаджае ў ажыццяўленні пастырскага служэння, да моманту прызначэння парафіяльнага адміністратара кіраванне парафіяй часова прымае парафіяльны вікарый; калі іх існуе некалькі, то кіраванне пераходзіць да старэйшага намінацыяй, а калі вікарыя няма, то да пробашча, акрэсленага мясцовым правам, часцей за ўсё — да дэкана.
Кс. Дзмітрый Пухальскі
Фота Віталія Палінеўскага