Пошук

17.12.2015 00:00  

Сёння мы працягваем гаворку аб арганізацыі парафіяльнага жыцця і аб правах і абавязках пробашча — як уласнага пастыра парафіі, прызначанага біскупам.

Парафію дыяцэзіяльны біскуп даручае таму святару, каго, пасля разважання ўсіх абставін, палічыць здатным да ажыццяўлення апекі над дадзенай парафіяй, выключаючы ўсялякія асабістыя перавагі. Наогул, пробашч павінен мець пастырскую апеку толькі аб адной парафіі, і гэта відавочна, аднак сёння, на жаль, даволі часта здараюцца сітуацыі недахопу святароў, таму ў такіх ці нейкіх іншых падобных абставінах апека аб некалькіх суседніх парафіях можа быць даручана аднаму пробашчу. Але гаворка ідзе не аб тым, што аб’ядноўваюцца самі парафіі, а што толькі пробашч з’яўляецца пробашчам адразу ў дзвюх парафіях.


Святар становіцца пробашчам не адразу пасля дэкрэту біскупа, а пасля ўступлення ў валоданне парафіяй. Гэты ўрачысты абрад часцей за ўсё адбываецца падчас святой Імшы, на якой прысутнічаюць ардынарый або дэкан, а таксама шматлікія вернікі.

Галоўным заданнем пробашча парафіі з’яўляецца тое, каб Божае слова абвяшчалася тым, хто пражывае ў парафіі, і не толькі католікам; таму ён павінен клапаціцца аб тым, каб свецкіх вернікаў настаўлялі ў праўдах веры, асабліва праз гаміліі ў нядзелі і прадпісаныя святы; ён павінен арганізаваць катэхезу ў парафіі і іншую дзейнасць, якая дапамагае ў зацвярджэнні евангельскага духу, у тым ліку і ў сферы сацыяльнай справядлівасці; асаблівую апеку пробашч павінен праяўляць у каталіцкім выхаванні дзяцей і моладзі — канешне, не ўсё залежыць ад пробашча, вельмі важным з’яўляецца таксама клімат у сям’і, але пробашч павінен арганізаваць магчымасці для каталіцкага выхавання. Пробашч таксама павінен, у тым ліку ў супрацоўніцтве з вернікамі, імкнуцца да таго, каб евангельская вестка дайшла і да тых, хто адышоў ад рэлігійнага жыцця або не вызнае сапраўднай веры. Як мы бачым, поле для працы ў пробашча вельмі вялікае, таму ў парафіі вельмі важнай з’яўляецца таксама дапамога іншых святароў, манаскіх асобаў і свецкіх вернікаў.

Яшчэ пробашч павінен клапаціцца аб тым, каб найсвяцейшая Эўхарыстыя — святая Імша — была цэнтрам жыцця парафіяльнай супольнасці; працаваць над тым, каб годна і з належнай падрыхтоўкай цэлебраваліся іншыя сакрамэнты, і асабліва павінен клапаціцца аб тым, каб вернікі часта прыступалі да сакрамэнту пакаяння і прымалі святую Камунію. Ён павінен імкнуцца прыводзіць вернікаў да таго, каб яны стваралі малітву ў сем’ях, а таксама свядома і дзейна ўдзельнічалі ў святой літургіі, кіраваць якой у сваёй парафіі павінен пробашч пад уладай дыяцэзіяльнага біскупа; пробашч таксама павінен сачыць за тым, каб ў літургію не закрадваліся злоўжыванні.


Як мы ўжо казалі, пробашч з’яўляецца пастырам парафіі, таму натуральна, што ён павінен ведаць сваіх вернікаў. Таму ён павінен імкнуцца пазнаць вернікаў, даручаных яго апецы, наведваць сем’і (і каляда — душпастырскае наведванне сем’яў у час Божага Нараджэння — з’яўляецца вельмі добрай нагодай для гэтага), па магчымасці павінен удзельнічаць у клопатах вернікаў, асабліва суцяшаючы ў іх смутках, умацоўваць іх у Пану, разважліва папраўляць іх, калі яны зграшылі; хворых, асабліва тых, якія знаходзяцца пры смерці, ён павінен падтрымліваць сапраўднай хрысціянскай любоўю, клапатліва ўмацоўваючы іх сакрамэнтамі і даручаючы іх душы Богу; асаблівую ўвагу павінен удзяляць бедным, прагнучым, адзінокім, выгнаным з айчыны, а таксама тым, хто мае асаблівыя цяжкасці. Акрамя гэтага, яму належыць працаваць дзеля таго, каб сужонкам і бацькам аказвалася дапамога ў выкананні іх абавязкаў, і садзейнічаць узрастанню хрысціянскага жыцця ў сям’і.

На вялікіх парафіях можа працаваць некалькі святароў (аб гэтым мы будзем гаварыць пазней), але менавіта пробашчу, як уласнаму пастыру, Касцёл дае першынство перад іншымі святарамі ва ўдзяленні хросту сваім парафіянам, ва удзяленні сакрамэнту канфірмацыі тым, хто знаходзіцца ў небяспецы смерці (больш дакладна аб удзяленні гэтага сакрамэнту мы будзем гаварыць пазней), ва удзяленні Віятыку і намашчэння хворых, у асіставанні пры сужэнстве і благаслаўленні сужонкаў, у цэлебрацыі пахаванняў, у благаслаўленні хрысцільнай крыніцы ў пасхальны час, правядзенні працэсій па-за касцёлам, урачыстых благаслаўленняў па-за касцёлам, у асабліва ўрачыстых эўхарыстычных цэлебрацыях ў нядзелю і прадпісаныя святы.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця