Пошук

Ілюстратыўнае фота

Бэтлеемскую ноч мы называем ціхай; першы крык Божага Дзіцяці прынёс зямлі супакой, які адчуваецца ў апісаннях падзей, постацях сведкаў, іх словах і ўчынках.

Але была і іншая ноч. У Евангеллі паводле Мацвея чытаем: «Езус жа зноў ускрыкнуў моцным голасам і аддаў духа» (Мц 27, 50). Тады, у момант смерці Хрыста, «заслона ў святыні разарвалася надвое з верху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся» (Мц 27, 51-52а). Марыя, Божая Маці, была побач з Сынам у першыя і ў апошнія хвіліны зямнога жыцця. Якімі ж адрознымі яны былі...

На Галгоце мы бачым «таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк». Там былі маці некаторых вучняў, Марыя Магдалена, безыменныя жанчыны, якія ішлі за Езусам з Галілеі.

Аднойчы далучыўшыся да грамады вучняў, яны дапамагалі, спадарожнічалі, засталіся з Ім да канца.

Увесь Крыжовы шлях жанчыны намагаліся быць як найбліжэй, з болем назіраючы, як Хрыста, якога яны любілі, вялі на здзекі і смерць. На іх вачах Езус, пазбаўлены адзення, быў узняты на крыжы, задыхаўся, прагнуў, двойчы голасна крычаў, «аддаў духа».

Як глыбока Яго смерць трапіла ў іх сэрцы… Гэтак, як падае ў глыбіню адкрытай зямлі малое зярнятка і знікае там. Да пары. Каб потым узысці і даць вялікі плён. Але хто з жанчын думаў пра плёны, стоячы пад крыжам? Ды не зблізку, а недзе на ўзбоччы, «здалёк», але ўсё ж — пры Езусе на гэтым апошнім прыстанку зямнога шляху. Яны не мелі магчымасці нічога зрабіць для Яго, а толькі прыняць тое, што даў Ён. І нават ля заваленай каменем магілы, калі сама надзея, здаецца, адступіла, яны застануцца, ужо не глядзець, але сузіраць.

Іх вернасць вытрывала землятрусы, расколатыя скалы, цемру, параскрываныя магілы, агульнае замяшанне.

Калісьці ў Бэтлееме Марыя спазнала цяжар дарогі, няўтульнасць, холад зачыненых дзвярэй, убогай стайні. Але як Яна вынесла смерць Сына на крыжы, ці можа хтосьці ўявіць?

«Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса» (Мц 27, 57). Як і Юзаф у Бэтлееме, ён мала гаварыў, але рабіў усё патрэбнае і магчымае.

На месца, падрыхтаванае для яго, паклалі Цела Божага Сына. Юзаф зачыніў магілу вялікім каменем, магчыма, дзеля таго, каб больш ніхто не патрывожыў спакой Езуса, не ўчыніў Яму больш ніякай крыўды. Адыдзіцеся ўжо. Усё скончана.

Жанчыны засталіся. Нібы прадчуваючы, што Цела Езуса, пакладзенае ў магіле, знаходзіцца на парозе новага нараджэння, якім стане Уваскрасенне. На досвітку першага дня тыдня – пры першай магчымасці – яны вярнуліся. Не вучні, а жанчыны. І таксама не вучні, а яны сустрэлі анёла. І Езус выйшаў ім насустрач.

«І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: “Вітайце”. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады Езус сказаў ім: “Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць”» (Мц 28, 9-10)

«Езус узнагародзіў вернасць жанчын, давяраючы ім місію аднаўлення ў вучнях памяці пра Яго абяцанне. Адзінаццаць атрымлівае місію “ісці і навучаць усе народы”, але патрэбная ім была вернасць жанчын, якая вытрывала ноч» (Даміян Марцота, «Пётр і Магдалена»)

Абноўлена 07.02.2018 14:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця