Пошук

17.10.2015 00:00  

Мы працягваем гаварыць аб тым, як дзейнічае канкрэтная дыяцэзіі ў выпадку вакантнасці біскупскай катэдры. Мы ўжо казалі аб тым, што ў выпадку, калі няма дапаможнага біскупа, на працягу васьмі дзён ад атрымання паведамлення аб тым, што біскупская катэдра стала вакантнай, калегія кансультантаў, гэта значыць спецыяльным чынам выбраная група святароў, павінна выбраць дыяцэзіяльнага адміністратара, які будзе часова кіраваць дыяцэзіяй.

Дапаможны біскуп, а калі яго няма, калегія кансультантаў, павінны як мага хутчэй паведаміць Апостальскі Пасад аб смерці біскупа, тое самае ў адносінах да свайго выбрання павінен зрабіць новаабраны дыяцэзіяльны адміністратар. Раней здараліся сітуацыі, калі выбіралася некалькі дыяцэзіяльных адміністратараў, сёння ж нормы Кодэкса гавораць выразна, што павінен быць прызначаны толькі адзін дыяцэзіяльны адміністратар, і пры гэтым трэба памятаць, што дыяцэзіяльны адміністратар не можа адначасова быць эканомам; таму, калі дыяцэзіяльны эканом будзе выбраны на пасаду дыяцэзіяльнага адміністратара, то рада па эканамічных справах павінна выбраць іншага часовага эканома.

Ці кожны святар можа быць абраны дыяцэзіяльным адміністратарам? Кодэкс гаворыць, што дыяцэзіяльным адміністратарам можа быць выбраны толькі святар, які дасягнуў трыццаціпяцігадовага ўзросту і які не быў перад гэтым абраны, прызначаны або прадстаўлены на гэтую вакантную катэдру, таксама кандыдат павінен адзначацца ведамі і разважлівасцю.
Як адбываюцца выбары дыяцэзіяльнага адміністратара? Усе члены калегіі кансультантаў павінны сабрацца разам у вызначаны дзень і ў вызначаным месцы. Перад тым, як распачнуцца выбары, са складу калегіі трэба прызначыць хаця б дзве асобы для падліку галасоў. Асобы, якія падлічваюць галасы, павінны сабраць галасы і ў прысутнасці старшыні праверыць, ці адпавядае колькасць картак колькасці выбаршчыкаў, разгледзець адданыя галасы і абвясціць, колькі галасоў атрымаў кожны кандыдат. Калі здарыцца так, што колькасць галасоў перавышае колькасць выбаршчыкаў, лічыцца, што выбары не адбыліся. Усе акты выбараў павінны быць дакладна занесены ў пратакол асобай, якая спаўняе функцыі справаводцы, і гэты пратакол павінен быць падпісаны хаця б справаводцам, старшынёй і тымі, хто падлічваў галасы, і надзейна захоўвацца ў архіве калегіі. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі за адну асобу прагаласавала абсалютная большасць прысутных (больш за палову выбаршчыкаў); пасля двух безвыніковых галасаванняў трэба выставіць на галасаванне дзве кандыдатуры, якія набралі большасць галасоў, або, калі такіх будзе больш, кандыдатуры двух старэйшых узростам; калі і пасля трэцяга галасавання захоўваецца раўнавага, то выбраным трэба лічыць старэйшага ўзростам. Такім чынам адбываюцца выбары дыяцэзіяльнага адміністратара калегіяй кансультантаў.


Наогул, у кіраванні дыяцэзіяй дыяцэзіяльны адміністратар выконвае абавязкі і карыстаецца ўладай дыяцэзіяльнага біскупа, за выключэннем тых пытанняў, якія з натуры рэчы або з моцы права выключаюцца з яго кампетэнцыі. Сярод абмежаванняў, якія мае дыяцэзіяльны адміністратар, на першым месцы знаходзіцца тое, што пры вакантнай катэдры не трэба ўводзіць нічога новага, а таксама тым, хто маюць часовую апеку над кіраваннем дыяцэзіі, забараняецца рабіць тое, што можа прынесці шкоду дыяцэзіі або біскупскім правам; у прыватнасці, ім забараняецца, таксама як і ўсім астатнім, асабіста або праз іншых выносіць якія-небудзь дакументы з дыяцэзіяльнай курыі, знішчаць іх або ўносіць у іх якія-небудзь змены. Таксама натуральна, што калі дыяцэзіяльным адміністратарам выбіраецца святар, то ён не можа ажыццяўляць тыя дзеянні, якія ажыццяўляе біскуп – напрыклад, не можа ўдзяляць прэзбітэрскіх пасвячэнняў.

Таксама дыяцэзіяльны адміністратар, як і дыяцэзіяльны біскуп, мае абавязак пражываць у дыяцэзіі і служыць Імшы за народ. Абавязкі дыяцэзіяльнага адміністратара спыняюцца пры ўступленні новага біскупа ў валоданне дыяцэзіяй.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.