Пошук


З 1997 года 2 лютага ў Касцёле святкуецца таксама Дзень кансэкраванага жыцця, прысвечаны малітве за асобаў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх супольнасцях і ў свецкіх інстытутах.

Прапануем вашай увазе артыкул з архіву рэдакцыі, які падрыхтаваў кс. Андрэй Рылка, сённяшні рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Манаства — гэта...

У свядомасці людзей, далёкіх ад сур’ёзнага хрысціянства, манах — гэта той, хто, хутчэй за ўсё, «уцёк у кляштар ад ...». І тут цэлы спіс прычын у залежнасці ад уяўлення таго, хто шукае «рэальную матывацыю».

Вы даведаецеся, што, аказваецца, юнак або дзяўчына пайшлі ў кляштар, таму што іх пакінулі каханыя або яны перажылі жахлівую трагедыю, таму што яны — недарэкі, інваліды, таму што не было іншай магчымасці рэалізаваць сябе, таму што шукалі бяспечнага жыцця і г.д.

Людзі спрабуюць знайсці звычайнае жыццёвае тлумачэнне таму, што цалкам нармальны хлопец або дзяўчына ў іх вачах раптам узялі і «саслалі» сябе ў манаства. Чаму?

Праўда ў тым, што такія «бытавыя» прычыны часам сапраўды суправаджаюць тых, хто ідзе ў кляштар. Аднак наколькі яны вызначаюць іх выбар? Ёсць законнікі, якіх хтосьці пакінуў, але ёсць і тыя, якія з-за кляштара пакінулі не менш любімых і любячых.

Ёсць такія, якія не вызначаліся асаблівымі здольнасцямі, але ёсць і тыя, хто на момант прыняцця гэтага рашэння быў на вяршыні кар’еры, славы, бізнесу. Калі прааналізаваць знешнія ўмовы жыцця тых, хто ідзе ў кляштар, то мы не знойдзем ніякай «бытавой» заканамернасці. Ці азначае гэта, што знешнія ўмовы не абумоўліваюць выбар манаства? Хутчэй за ўсё, уплываюць, але не вызначаюць.

Прыходзячы ў кляштар, чалавек трапляе ў даволі закрытае таварыства, якое функцыянуе па сваіх правілах. Само прыйсце ў кляштар звязана з размовамі кандыдата з вопытным духоўнікам і псіхолагамі. Таму трапіць у кляштар з сур’ёзнымі псіхічнымі адхіленнямі проста немагчыма. Нават калі дапусціць, што ў кляштар трапіць кандыдат пад уплывам неўрозу, то ён не вытрымае манаскіх будняў.

Строгі расклад дня, перапоўнены малітвамі, медытацыяй, працай, вучобай не па сілах слабой псіхіцы. Тым больш, «залежны» чалавек паўсюль носіць залежнасць у сабе. Праблемы застаюцца ў чалавеку, іх немагчыма пакінуць за сценамі кляштара.

Шмат малітвы, маўчання, медытацыі над тэкстамі Святога Пісання, канферэнцый і размоў з духоўнікамі ўжо ў першыя дні манаскага жыцця прывядуць да выбуху нездаровай псіхікі.

Практыка паказвае, што людзі нават са здаровай псіхікай перажываюць у кляштары ўнутраную «мясарубку», калі працэс духоўнага росту (які пачынаецца з самапазнання) выкрывае іх заганы, дрэнныя звычкі, нявырашаныя ўнутраныя канфлікты і г.д.

Такое можа вытрымаць толькі той, хто мае настолькі моцную матывацыю, што яна нашмат глыбей бытавых, псіхічных або біялагічных патрэбаў.

Манаскае жыццё становіцца лагічным і зразумелым, калі на яго паглядзець з пункту гледжання хрысціянства. Калі прызнаць факт існавання Бога (з усімі вынікаючымі наступствамі), які кліча вызначаных людзей да асаблівай формы дзейнасці, то ў Яго намерах неабходна шукаць прычыну з’яўлення манаства.

З пункту гледжання «здаровага розуму» здзіўляе рашэнне цалкам нармальнага чалавека, які раптам усё кідае і жадае толькі аднаго — Бога, Яго Валадарства. Гэтае «раптам» мае сваю перадгісторыю менавіта ў духоўных перажываннях асобы.

Чалавек раптам адкрывае тое, чаго не бачаць іншыя, і пачынае жадаць таго, да чаго яго блізкія абыякавыя. Яму мала таго, што можа даць гэты свет. Чалавек настолькі адкрывае Бога, Яго Асобу, Задуму адносна свету і свайго лёсу, што гатовы пакінуць усё дзеля таго, каб уступіць у духоўную барацьбу з тым, што стаіць паміж Богам і чалавекам. А гэта ўжо пачатак манаскага жыцця.

У манастве чалавек адважваецца на штосьці, што мацнейшае за інстынкты. Усведамленне аднаго гэтага факту абвяргае ўсё прыродазнаўства, усе імкненні матэрыялістаў звесці чалавека да біямасы.

Факт існавання манаства абвяргае матэрыялістычную псіхалогію, таму што відавочным з’яўляецца небывалы асобасны рост.

Аказваецца, можна быць не толькі чалавекам-жывёлінай, але і чалавекам-стварэннем, якое выходзіць далёка за межы біялогіі.

Манаскае жыццё, здавалася б, найбольш адарванае ад звычайнага жыцця людзей (закрытыя кляштары), на самай справе існуе толькі таму, што наш свет няправільны, ён патрабуе намаганняў, каб выправіцца.

Таму важна памятаць, што ідэал чалавека — гэта не законнік. Бог не задумаў Адама як законніка. Але Ён кліча вызначаных людзей на актыўную працу па выпраўленні скажэнняў гэтага свету, аднаўленні ў ім гармоніі паміж Стварыцелем і стварэннем.

Кожны законнік — гэта выклік, кінуты свету. Гэта бачны знак таго, што ёсць людзі, якіх Пан так пацягнуў за сабой, што яны пакідаюць усё і накіроўваюць усе свае сілы на тое, каб адбудаваць Яго Валадарства ў сабе і ў іншых.

Сілу манаства мы адкрываем у малітоўнай дапамозе, найвялікшым подзвігу духу, звышнатуральнай мудрасці. Сэнс існавання манаства не ва ўцёках ад свету, а ў барацьбе на перадавой са злом гэтага свету.

Праўда ў тым, што манаства — гэта шлях, працэс. Гэты шлях вымяраецца не гадамі, а інтэнсіўнасцю кантактавання з Богам. Таму незалежна ад узросту ёсць законнікі і законніцы больш глыбокія духоўна, адкрытыя на рэалізацыю Божай задумы збаўлення чалавека праз чалавека.

Аднак ёсць тыя, якія заблыталіся ў сваіх або чыіх-небудзь перажываннях, духоўна аслабленыя, якія мала кантактуюць з Богам.

Разумеючы, колькі можа зрабіць чалавек, які стаў празрыстаю прыладай у руках Бога, кожны хрысціянін павінен дапамагаць духоўным воінам выстаяць у змаганні. Таму што ад іх поспеху і ўнікальнага супрацоўніцтва з Панам у многім залежыць лёс гэтага свету.

Абноўлена 18.03.2018 22:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.