Пошук

19.08.2015 00:00  

Сёння мы пагаворым яшчэ аб адной структуры, якая існуе ў Каталіцкім Касцёле, а менавіта аб Сінодзе Біскупаў. Гэта адносна новая структура ў Касцёле, яна была ўстаноўлена ў 1965 годзе Папам Паўлам VI. 

Што такое Сінод Біскупаў? 342 канон гаворыць, што Сінод Біскупаў – гэта сход біскупаў, якія, будучы выбранымі з розных рэгіёнаў свету, ва ўстаноўлены час сустракаюцца для таго, каб садзейнчаць цеснаму адзінству паміж Рымскім Пантыфікам і біскупамі, а таксама дапамагаць Рымскаму Пантыфіку ў справе захавання цэласнасці і памнажэння веры і добрых нораваў, захавання і ўмацавання касцёльнай дысцыпліны, а таксама для таго, каб разглядаць пытанні, якія датычаць дзейнасці Касцёла ў свеце. Трэба заўважыць, што Сінод Біскупаў не з’яўляецца адным з праяўленняў калегіяльнасці ў кіраванні Касцёлам, але формай супрацоўніцтва біскупаў з Рымскім Пантыфікам, і менавіта з гэтай перспектывы з’яўляецца адной з формаў супольнасці і калегіяльнасці біскупаў паміж сабой і Рымскім Пантыфікам.

Задачай Сінода Біскупаў з’яўляецца абмяркоўваць прадстаўленыя яму пытанні і выказваць свае пажаданні, але не вырашаць гэтыя пытанні і не выдаваць у гэтых справах дэкрэты. Сінод Біскупаў мае толькі дарадчую функцыю, ён павінен прадставіць Рымскаму Пантыфіку свой пункт гледжання на прадстаўленыя пытанні, але гэта не памяншае яго значэнне, таму што галоўнай мэтай кожнай справы ў Касцёле з’яўляецца пошук праўды і праца для дабра супольнасці Касцёла.

Сінод Біскупаў непасрэдна падлягае ўладзе Рымскага Біскупа, які мае права склікаць Сінод заўсёды, калі гэта палічыць патрэбным, вызначаць месца, дзе Сінод будзе адбывацца, зацвярджаць выбар членаў, якія паводле прадпісанняў спецыяльнага права павінны быць выбраны, а таксама прызначаць іншых членаў. Таксама Рымскі Біскуп акрэслівае пытанні, якія Сінод павінен разгледзець, акрэслівае парадак пасяджэнняў, старшынствуе на Сінодзе – асабіста або праз іншых, а таксама вырашае справы, звязаныя з закрыццём, перанясеннем, адкладваннем і распусканнем Сінода.

Існуюць некалькі магчымых відаў сінадальных сходаў – генеральны звычайны, генеральны надзвычайны і спецыяльны.

Генеральны звычайны сход Сінода Біскупаў адбываецца, як правіла, кожныя тры гады. Спецыяльнае права акрэслівае склад Сіноду – найбольшую групу ўдзельнікаў прадстаўляюць лацінскія і ўсходнія біскупы, выбраныя сваімі Канферэнцыямі Біскупаў. Канферэнцыя Біскупаў, у якой менш за 25 членаў, выбірае аднаго прадстаўніка, у якой ад 26 да 50 членаў – двух, ад 51 да 100 членаў – трох, і калі ў Канферэнцыі Біскупаў больш чым 100 членаў, яны прадстаўляюць чатыры дэлегаты на Сінод. Згодна з гэтым правам, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі павінна выбраць аднаго дэлегата. Апрача гэтага, у такім Сінодзе ўдзельнічаюць старшыні ведамстваў Рымскай Курыі, некаторыя законныя настаяцелі і іншыя духоўныя асобы, якіх мянуе Папа. На такіх сходах разглядаюцца асабліва важныя пытанні, якія датычаць жыцця і дзейнасці ўсяго Касцёла.

Надзвычайны генеральны сход Сінода Біскупаў Папа склікае, калі ўзнікае патрэба разгледжання пытанняў, якія датычаць дабра Паўсюднага Касцёла і патрабуюць хуткага вырашэння. Папа Францішак склікаў такі Сінод на кастрычнік 2014 года. Членамі такога сходу з’яўляюцца старшыні Канферэнцыі Біскупаў асобных краін або груп краін, прадстаўнікі іерархіі Усходніх Касцёлаў, кардыналы прэфекты або старшыні ведамстваў Рымскай Курыі і тры прадстаўнікі інстытутаў манаскага жыцця.

Спецыяльны сход Сінода Біскупаў разглядае пытанні, якія датычаць дабра аднаго або некалькіх касцёльных рэгіёнаў. Удзельнічаюць у ім біскупы тых месцаў, якіх датычаць дадзеныя пытанні, і кардыналы, якія кіруюць ведамствамі Рымскай Курыі, звязанымі з праблематыкай Сінода.

Таксама як і ў выпадку з Паўсюднымі Саборамі, калі ў часе трывання Сінода Біскупаў Апостальскі Пасад становіцца вакантным, то з моцы самога права праца Сінода прыпыняецца, пакуль новы Папа не вырашыць яго далейшы лёс.

Звычайна пасля заканчэння абрадаў Сінода Рымскі Пантыфік праз нейкі час выдае спецыяльны дакумент – постсінадальную апостальскую адгартацыю, прысвечаную пытанням, якія былі разгледжаны на Сінодзе.

 

Кс. Дзмітрый Пухальскі

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця