Аляксандр пытае: «Зусім нядаўна, падчас Адвэнту, мы знаёміліся з урыўкам са Святога Пісання аб тым, як Захарыя і Альжбета ў сталым узросце даведаліся праз анёла Габрыэля, што стануцца бацькамі (Лк 1, 5-7). Калі ж Захарыя спытаўся “*…па чым пазнае гэта?”* (Лк 1, 18), то не змог гаварыць да дня народзінаў дзіцяці (Лк 1, 19-22).
У адпаведным фрагменце Старога Запавету (Быц 17, 16) Абрагам даведаўся, што Сарра народзіць яму сына. Ён таксама спытаўся (Быц 17, 17) “*…няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць*?” А Сарра нават засмяялася праз сябе (Быц 18, 12). Чаму наступствы недаверу Пану былі рознымі для Захарыі і Альжбеты, Абрагама і Сарры?»
Смех Сарры (Быц 18, 12) і маўчанне Захарыі (Лк 1, 20) як наступствы недаверу да абяцання Богам нашчадка сапраўды выклікаюць не столькі пытанне, чаму гэты недавер узнік (прычына вядомая: старыя людзі паводле законаў прыроды не могуць зачаць і нарадзіць дзіця), але чаму настолькі па-рознаму апісваецца ў Бібліі гэты недавер і яго наступствы.
Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне, аналізуючы адпаведныя фрагменты Старога і Новага Запавету.
З кнігі Быцця (Быц 18, 11) мы даведваемся пра стан Сарры: «і звычайнае ў Сарры спынілася». А яшчэ раней у кнізе Быцця (Быц 17, 17) сказана пра яе дзевяностагадовы ўзрост, аднак гэта магло не пераканаць чытача (для Бібліі 90 гадоў не так і шмат: Ной жыў 500 гадоў (Быц 5, 32), тым больш што ў кнізе Быцця (Быц 12, 11) Сарра апісана як «жанчына, прыгожая з выгляду», што пазней пацверджана ў Быц 20, калі Абімэлек высылае пасланцоў да Сарры з мэтай ажаніцца з ёй).
Таму ўдакладненне ў кнізе Быцця (Быц 18, 11) патрэбна для разумення, чаму жанчына заўсміхалася, калі Бог запэўніваў у атрыманні нашчадка, бо па-чалавечы зачацце дзіцяці было ўжо немагчымым. Сарра заўсміхалася не па прычыне самаўпэўненай пыхі, а з безнадзейнасці, якая стала асновай яе недаверу.
Нельга не заўважыць ключавое слова гэтай сцэны bəqirbāḥ, якое можна перакласці «сама да сябе», «у сваёй унутранай частцы». Сарра ўсміхнулася, паводле яе, незаўважна ні для каго. Магчыма, і яе стан менапаўзы быў незаўважальны ні для каго (чаго варта хоць бы ўзгадванне вышэй пра яе прыгажосць), аднак дадзеная сцэна сустрэчы з Богам адкрывае перад ёй і Божае веданне ўсяго, і Божую ўсемагутнасць.
Такі спосаб Божага аб’яўлення быў патрэбны для жанчыны, каб даць ёй зразумець, што Бог глядзіць на яе не так, як іншыя: фараон, а пазней Абімэлек не бачылі яе таямніцы, Бог жа ведаў усё пра яе, а нават яе думкі.
Таму напрыканцы размовы, калі Сарра пярэчыць: «я не смяялася» (Быц 18, 15) аўтар тэксту дадае каментар: «бо яна спалохалася» (Быц 18, 15), а ў дадзеным кантэксце страх з’яўляецца ўсведамленнем перажытай тэафаніі: Сарра сапраўды размаўляла з самім Богам. Акрамя гэтага, яе пярэчанне lō’ ṣāḥaqtî kî («я не смяялася, бо…») Бог паўтарае, змяняючы парадак словаў і тым самым ставячы апошнюю кропку ў дадзенай справе: lō’ kî ṣāḥaqt («не, бо ты смяялася»).
Гэтым самым Бог паказаў Сарры, што Ён адзіны, хто ведае і нават можа змяняць звычайны парадак людскіх лёсаў.
Апісанне недаверу Захарыі і яго наступстваў у Новым Запавеце мае крыху іншую функцыю. Лк 1, 20 кажа пра siōpōn («будзеш маўчаць») як вынік таго, што Захарыя не паверыў словам Арханёла. Навукоўцы прапануюць убачыць у гэтым маўчанні патройную ролю.
Па-першае, гэта сродак пакарання для дадзенай асобы. Па-другое, гэта можа быць знакам стварэння чагосці новага (месіянскія часы). Урэшце, маўчанне Захарыі можа быць успрынята як «апакаліптычны сакрэт», з мэтай захаваць яго перад чалавецтвам да вызначанага часу.
Падкрэсліванне св. Лукой недаверу Захарыі патрэбна таксама яшчэ для адной мэты: паказаць давер Марыі (Лк 1, 45). Сапраўды, кантраст дзвюх сцэн звеставання ў першым раздзеле Евангелля паводле Лукі відавочны. Таму не выключана, што гэтая сцэна з Захарыяй была змешчана тут менавіта для разумення вялікай ролі поўнага даверу Богу Марыі: «Вось я, Слуга Панская» (Лк 1, 38).
Такім чынам, прааналізаваныя сцэны недаверу са Старога і Новага Запавету маюць свае функцыі, асаблівасці і заданні. Супольным у іх можна назваць усведамленне чалавекам, што Бог у сваіх збаўчых планах пераўзыходзіць не толькі ўсялякае людское разуменне рэчаіснасці, а нават людскую логіку: «Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю, так шляхі Мае — над шляхамі вашымі, і думкі Мае — над думкамі вашымі» (Іс 55, 9).
Ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.
Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».