Пошук

11.08.2015 16:15  

Сёння мы з вамі працягваем гаворку аб арганізацыі і функцыянаванні дыяцэзіяльнай курыі. Мы паразважалі над фігурамі генеральных і біскупскіх вікарыяў, сёння пагаворым аб заданнях іншых працаўнікоў курыі.

Вельмі важная фігура ў курыі – гэта канцлер. Галоўным абавязкам і заданнем канцлера з’яўляецца тое, каб усе акты курыі былі складзены законна, а таксама захоўваліся ў курыяльным архіве. Ранейшы кодэкс абавязваў, каб канцлерам курыі быў святар, сёння канкрэтна аб гэтым у кодэксе не гаворыцца, але ў большасці выпадкаў канцлерам біскуп прызначае святара. Толькі дакумент, падпісаны канцлерам, набывае юрыдычную сілу. Канцлеру ў дапамогу можа быць прызначаны віцэканцлер, а таксама іншыя натарыусы. Канцлер, віцэканцлер і натарыусы павінны быць людзьмі бездакорнай рэпутацыі.

Прызначае канцлера, як і ўсіх іншых працаўнікоў курыі, дыяцэзіяльны біскуп, і толькі ён можа вызваліць канцлера з гэтай пасады. Дыяцэзіяльны адміністратар можа вызваліць канцлера з пасады толькі са згоды калегіі кансультантаў.

Таксама біскуп у курыю можа прызначыць мадэратара – святара, які пад кіраўніцтвам біскупа павінен каардынаваць усе справы курыі, а таксама клапаціцца аб тым, каб усе працаўнікі курыі належным чынам выконвалі свае абавязкі. Вельмі часта мадэратарам курыі прызначаецца адзін з генеральных вікарыяў.

Тут хацелася б крыху адыйсці ад разважання над курыяльнымі пасадамі і звярнуць увагу на даволі важную рэч у курыі – а менавіта на яе архівы. Кодэкс акрэслівае, што ў кожнай курыі ў надзейным месцы павінен быць заведзены дыяцэзіяльны архіў або сховішча, дзе павінны захоўвацца размешчаныя ў адпаведным парадку і старанна захаваныя дакументы і акты, якія датычаць як духоўных, так і матэрыяльных спраў дыяцэзіі. Архіў павінен быць заўсёды старанна замкнёны, а ключ ад яго павінен быць толькі ў біскупа і канцлера; нікому не дазваляецца ўваходзіць у архіў без дазволу біскупа або мадэратара курыі разам з канцлерам, таксама не дазваляецца выносіць дакументы з гэтага архіва.

Акрамя такога агульнага дыяцэзіяльнага архіва, у курыі павінен знаходзіцца тайны архіў або, па меншай меры, у звычайным архіве – поўнасцю зачыненая на ключ шафа або сэйф, які немагчыма скрануць з месца і ў якім належыць вельмі беражліва захоўваць дакументы, якія падлягаюць захоўванню ў таямніцы. Раз у год трэба знішчаць дакументы крымінальных спраў, адказчыкі па якіх памерлі, а таксама тых, прысуд па якіх быў вынесены дзесяць гадоў таму, аднак трэба захаваць кароткае апісанне справы з тэкстам канчатковага судовага рашэння. Ключ ад тайнага архіва можа знаходзіцца толькі ў біскупа. Таксама дыяцэзіяльны біскуп павінен паклапаціцца аб тым, каб у дыяцэзіі быў гістарычны архіў, дзе б дакладна і сістэматычна захоўваліся дакументы, якія прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць.

Такім чынам мы ўбачылі, з каго складаецца дыяцэзіяльная курыя, якія пасады там абавязковыя, а якія – не. Але апрача курыі, у дыяцэзіі існуюць таксама іншыя арганізмы, якія дапамагаюць біскупу ў выкананні яго абавязкаў. Сёння пагаворым аб адным з такіх арганізмаў – аб радзе па эканамічных справах і аб функцыі дыяцэзіяльнага эканома.

492-ы канон гаворыць, што ў кожнай дыяцэзіі павінна быць заснавана рада па эканамічных справах, старшынёй якой павінен быць сам дыяцэзіяльны біскуп або яго прадстаўнік, і гэтая рада павінна складацца па меншай меры з трох вернікаў, прызначаных дыяцэзіяльным біскупам, якія сапраўды з’яўляюцца спецыялістамі ў эканоміцы і ў дзяржаўным праве і адрозніваюцца разважлівасцю ў вядзенні справаў. Не могуць уваходзіць у склад рады па эканамічных справах асобы, звязаныя з біскупам радством або сваяцтвам аж да чацвёртай ступені. Члены гэтай рады прызначаюцца на пяць гадоў, але пасля заканчэння гэтага тэрміну яны могуць быць прызначаны на наступныя пяць гадоў. Рада павінна штогадова паводле прадпісанняў дыяцэзіяльнага біскупа рыхтаваць каштарысы плануемых паступленняў і выдаткаў на наступны год для ўсёй дыяцэзіі, а таксама ў канцы года зацвярждаць каштарысы паступленняў і выдаткаў.

Акрамя гэтага, у кожнай дыяцэзіі біскуп, выслухаўшы меркаванне калегіі кансультантаў і рады па эканамічных пытаннях, павінен прызначыць эканома, які павінен быць сапраўдным знаўцам эканомікі і вылучацца бездакорнай сумленнасцю. Эканом таксама павінен прызначацца на пяць гадоў, але пасля заканчэння гэтага тэрміну ён можа быць прызначаны на наступныя пяць гадоў; выконваючы свае абавязкі, ён не можа быць выдалены з пасады, хіба што з вельмі паважнай прычыны, якую павінен ацаніць дыяцэзіяльны біскуп, выслухаўшы меркаванне калегіі кансультантаў і рады па эканамічных справах. Эканом павінен паводле каштарысу, акрэсленага радай па эканамічных справах, кіраваць маёмасцю дыяцэзіі, а таксама за кошт сталага даходу дыяцэзіі пакрываць выдаткі, законным чынам зацверджаныя біскупам або іншымі прызначанымі асобамі, а ў канцы года павінен прадставіць радзе па эканамічных справах справаздачу аб даходах і выдатках.

Кс. Дзмітрый Пухальскі


Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.