Пошук

Помнік Вінцэнца Джаберці ў Турыне

У 1815 годзе завяршыўся Венскі кангрэс, які даў пачатак эпохі аднаўлення еўрапейскіх манархій, знішчаных падчас напалеонаўскіх войн. Рашэнні кангрэса датычыліся і Апенінскага паўвострава, дзе найбольш буйнымі тэрытарыяльнымі ўтварэннямі былі Папская вобласць, П’емонт і Каралеўства абедзвюх Сіцылій.

Паводле слоў аўстрыйскага канцлера Клеменса фон Метэрніха, Італія засталася «геаграфічным паняццем», г.зн. была па-ранейшаму раздроблена, да таго ж Венецыя і Ламбардзія перайшлі пад кантроль Аўстрыйскай імперыі.

У гэтых умовах у першай палове XIX ст. з’явіліся асноўныя праекты аб’яднання Італіі. Аўтарам аднаго з іх стаў п’емонцкі абат Вінчэнцо Джаберці.

Ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1825 годзе і стаў вядомы як прафесар тэалогіі Турынскага ўніверсітэта. У 1830-я гг. Джаберці пачаў актыўна падтрымліваць ідэю аб’яднання Італіі і лічыў, што новая дзяржава павінна быць рэспублікай. У часопісе «Маладая Італія» Джаберці апублікаваў ліст, прысвечаны становішчу хрысціян пры рэспубліканскай форме праўлення.

У 1843 годзе была выдадзена яго самая вядомая праца — «Аб духоўным і грамадзянскім першынстве італьянцаў». Асноўная ідэя кнігі — Італія павінна прыйсці да аб’яднання праз стварэнне канфедэрацыі на чале з Папам Рымскім.

Яе абгрунтаваннем служылі тэзісы Джаберці пра тое, што Касцёл «заўсёды быў універсальным грамадствам». Толькі ў звароце да «голасу Бога, да тых поглядаў, да якіх звярталіся продкі», яму бачылася магчымасць аб’яднаць Італію і не дапусціць хаосу падчас гэтага працэсу. Каталіцтва з’яўлялася, на яго погляд, адзіным сапраўдным прынцыпам італьянскага адзінства.

Рым, як месца, дзе размяшчаўся Папскі Пасад, павінен быў стаць цэнтрам аб’яднання нацыі, а таксама цэнтрам аднаўлення адзінства каталіцкай Еўропы. Вінчэнцо Джаберці казаў пра тое, што італьянцам патрэбна звярнуцца да ўсеагульнай гісторыі і, у прыватнасці, да гісторыі Еўропы.

Жадаючы бачыць Папу главой федэрацыі італьянскіх дзяржаў, Джаберці лічыў, што патрэбна запазычыць некаторыя свецкія інструменты, якія выкарыстоўваліся ў Сардзінскім Каралеўстве (П’емонце). Асабліва тыя, што датычыліся бяспекі грамадзян і абароны межаў.

Меркавалася, што будзе створаны рух, які выкарыстае каталіцтва і яго прынцыпы і пазней пераўтворыцца ў нацыянальную каталіцкую партыю. Федэрацыя павінна была з’явіцца дзякуючы сіле грамадскага меркавання, якое выражалася буржуазіяй. Яна, на думку Джаберці, аб’яднана б у сабе рысы вышэйшага саслоўя і простага народа.

У працы «Аб духоўным і грамадзянскім першынстве італьянцаў» было, як мінімум, два мінусы: з’явіўся ён пры Грыгорыі XVI (выява ўнізе — рэд.), які выступаў супраць ліберальнай думкі, у тым ліку ў энцыкліцы Mirarivos.

Атрымлівалася, што менавіта ён павінен быў стаць прэзідэнтам федэрацыі. Акрамя таго, Вінчэнцо Джаберці прымаў пад увагу тое, што ў федэрацыю не будуць уключаны ламбарда-венецыянскія землі, якія заставаліся пад уладай Аўстрыйскай імперыі.

Праца «Аб духоўным і грамадзянскім першынстве італьянцаў» аказала значны ўплыў на духавенства. Найбольшы рэзананс ідэі Джаберці атрымалі ў 1846 годзе, калі кардынал Мастаі-Феррэцці стаў папам Піем IX.

У многім падчас яго пантыфікату палітыка Святога Пасаду арыентавалася на працу Джаберці. У цэлым, гэтая праца стала на гэты час настолькі папулярнай, што ўзнікла так званая партыя неагвельфаў, якая спрыяла ўдзелу розных італьянскіх дзяржаў у Першай вайне за аб’яднанне Італіі. Самога ж Папу за яго сімпатыю да прапаноў Джаберці называлі «Папам Джаберці».

Тым не менш, пасле рэвалюцыйных падзей 1848 года, уключаючы Пяць дзён Мілана, аўтар «Аб духоўным і грамадзянскім першынстве італьянцаў» прыйшоў да высновы, што Сардзінскае Каралеўства стане на чале аб’яднання Італіі. Ідэя ж італьянскай федэрацыі страціла сваю папулярнасць, бо многія асцерагаліся, што Святы Пасад будзе супраць канстытуцыйнай формы праўлення і любой ініцыятывы еўрапейскай палітыкі, накіраванай на тое, каб Аўстрыйская імперыя пакінула Апенінскі паўвостраў.

Пры тым, што п’емонцкі абат Джаберці змяніў свае погляды на тое, хто будзе з’яўляцца лідарам у працэсе аб’яднання Італіі, а яго папярэдні праект не стаў асноўным праектам італьянскага адзінства, гэты інтэлектуальны і харызматычны лідар каталіцкага неагвельфізму аказаў значны ўплыў на агульнае становішча ў эпоху аб’яднання Італіі.

Акрамя таго, прапановы Джаберці знаходзілі адлюстраванне ў палітыцы Святога Пасаду на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў пасля публікацыі «Аб духоўным і грамадзянскім першынстве італьянцаў».

Абноўлена 29.01.2018 10:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця