Мінска-Магілёўская дыяцэзія, якую ўзначальвае Мітрапаліт, з’яўляецца архідыяцэзіяй, а суффрагальнымі дыяцэзіямі з’яўляюцца Віцебская, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі, і, адпаведна, біскупы гэтых дыяцэзій з’яўляюцца суффраганамі Мітрапаліта.
Кодэкс гаворыць, што для сумеснай пастырскай дзейнасці суседніх дыяцэзій, а таксама больш паспаховага падтрымання ўзаемаадносін паміж дыяцэзіяльнымі біскупамі, мясцовыя Касцёлы, якія суседнічаюць адзін з адным, могуць аб’ядноўвацца, ствараючы касцёльныя правінцыі, абмежаваныя акрэсленай тэрыторыяй.
Больш за тое, сёння такім чынам арганізоўваецца жыццё мясцовых Касцёлаў, каб кожная дыяцэзія ўваходзіла ў склад нейкай касцёльнай правінцыі, каб не было адзінокіх дыяцэзій, ні з чым не звязаных. У тых краінах, дзе мясцовыя Касцёлы вельмі шматлікія (напрыклад, Польшча ці Італія), касцёльныя правінцыі, якія суседнічаюць адна з адной, па прапанове Канферэнцыі Біскупаў могуць аб’ядноўвацца ў касцёльныя рэгіёны.
Але касцёльныя правінцыі не арганізоўваюцца самі па сабе — толькі вярхоўная ўлада Касцёла, выслухаўшы зацікаўленых біскупаў, можа засноўваць, скасоўваць і пераўтвараць касцёльныя правінцыі.
На чале касцёльнай правінцыі стаіць Мітрапаліт. У Беларусі, як мы ведаем, існуе чатыры дыяцэзіі, і яны злучаны ў адну правінцыю, на чале якой стаіць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Мітрапаліт з’яўляецца арцыбіскупам дыяцэзіі, якую ён узначальвае. Іншымі словамі, арцыбіскуп стаіць на чале галоўнай дыяцэзіі касцёльнай правінцыі. І гэтая дыяцэзія называецца архідыяцэзіяй.
Іншыя дыяцэзіі, якія ўваходзяць у склад касцёльнай правінцыі, называюцца суффрагальнымі, і іх дыяцэзіяльныя біскупы — біскупамі-суффраганамі (гэты тэрмін нам ужо сустракаўся некалькі разоў). Зноў звернемся да прыкладу нашай краіны — Мінска-Магілёўская дыяцэзія, якую ўзначальвае Мітрапаліт, з’яўляецца архідыяцэзіяй, а суффрагальнымі дыяцэзіямі з’яўляюцца Віцебская, Пінская і Гродзенская дыяцэзіі, і, адпаведна, біскупы гэтых дыяцэзій з’яўляюцца суффраганамі Мітрапаліта.
Трэба заўважыць, што ў адрозненне ад усходняй традыцыі, дзе Мітрапаліт мае даволі значную ўладу ва ўсёй Мітраполіі, у лацінскім Касцёле Мітрапаліт не мае нейкай спецыяльнай юрысдыкцыйнай улады ў суффрагальных дыяцэзіях, і толькі ў вельмі рэдкіх справах можа ўваходзіць у жыццё гэтых дыяцэзій, як, напрыклад, ён павінен чуваць над тым, каб дакладна захоўваліся вера і касцёльная дысцыпліна ва ўсёй правінцыі і аб злоўжываннях, калі існуюць, паведамляць Рымскаму Пантыфіку; таксама, калі суффраган занядбаў візітацыю сваёй дыяцэзіі, Мітрапаліт павінен здзейсніць яе, а таксама ў некаторых выпадках, як мы ўжо казалі раней, можа прызначыць адміністратара суффрагальнай дыяцэзіі, якая па нейкіх прычынах сталася вакантнай.
Апрача гэтага, ніякай іншай уладай у суффрагальных дыяцэзіях Мітрапаліт не валодае; аднак ён можа ва ўсіх касцёлах, папярэдзіўшы дыяцэзіяльнага біскупа ў тым выпадку, калі касцёл з’яўляецца катэдральным, выконваць святое служэнне, як біскуп ва ўласнай дыяцэзіі.
Мітрапаліта таксама адрознівае адна невялікая рэч у яго адзенні — а менавіта палій. Палій — гэта белая баваўняная палоска ў форме каўнера, на якой вышыта шэсць чорных крыжоў. Мітрапаліт павінен на працягу трох месяцаў ад атрымання біскупскага пасвячэння, або, калі ён ужо быў пасвечаны, пасля атрымання кананічнага прызначэння, асабіста або праз прадстаўніка прасіць у Рымскага Пантыфіка палій, праз які абазначаецца ўлада, якой, у супольнасці з Рымскім Касцёлам, Мітрапаліт надзяляецца згодна з правам у сваёй правінцыі.
Гэты палій Мітрапаліт можа ўжываць у любым касцёле касцёльнай правінцыі, якую ён узначальвае; і ніколі, аднак, за яе межамі, нават са згоды дыяцэзіяльнага біскупа. Калі так станецца, што Мітрапаліт будзе пераведзены на іншую мітрапалітальную катэдру, ён павінен атрымаць новы палій.
Гістарычна так склалася, што ў некаторых краінах пэўныя Мітрапаліты маюць ганаровыя тытулы Прымаса ці Патрыярха (тут варта памятаць, што мы гаворым менавіта пра Касцёл лацінскага абраду). Сёння гэтыя тытулы, апрача ганаровай прэрагатывы, не надзяляюць у лацінскім Касцёле ніякай уладай кіравання таго, хто іх мае, хіба што ў адносінах да некаторых з іх з моцы апостальскага прывілею або звычаю невядома іншае.