Пошук

22.07.2015 00:10  

У мінулы раз мы размаўлялі пра ўмацаванне сужэнскай любові праз “ноч пачуццяў”, калі здаецца, што больш не адчуваеш былых пачуццяў, а блізкая прысутнасць сужонка не выклікае ніякіх эмоцый. Мы заўважылі, што ў такім стане любоў можа па-сапраўднаму паглыбіцца і ачысціцца.

У той жа час існуе і іншая, яшчэ больш радыкальная і таму балючая, форма ачышчэння любові. Можна не толькі не “адчуваць”, што кахаеш, але таксама не “разумець”, што кахаеш. Можа наступіць такі момант, калі больш не бачыш сэнсу ўласнага сужэнства, прычын, якія прывялі да яго заключэння. Так паступова пачынаеш думаць, што зрабіў памылку: выбраў “не таго” чалавека або нават не тое пакліканне. Узнікаюць сумнівы адносна сапраўднасці заключанага сужэнства і яго неабходнасці. Так “ноч” закранае не толькі сферу пачуццяў і эмоцый, але таксама і розуму.


Наступае найвышэйшае выпрабаванне росту любові, якое можа вытрываць толькі дзякуючы рашучай волі ў святле абяцанай калісьці вернасці. Розум больш не разумее ці адмаўляецца разумець, і ўсё большую ролю пачынае граць чыстая сіла валявой любові. Гэта сапраўднае выпрабаванне кахання. Выпрабаванне, якое прыводзіць да яго жыцця або смерці. Гэта сапраўдная духоўная барацьба, якая ў першую чаргу патрабуе выкарыстання зброі, якая называецца малітвай.    

Святы Ян Павел ІІ казаў пра важнасць малітвы падчас агульнай аўдыенцыі 27 чэрвеня 1984 г., каментуючы біблійную гісторыю пра Тобія і Сару. З прычыны праклёну, які ляжаў на Сары, іх сужэнства было акрэслена выпрабаваннем: яно павінна было прынесці ім жыццё або смерць. Маладыя сужонкі знаходзіліся ў сітуацыі, у якой сілы дабра і зла змагаліся паміж сабой.

Як яны вышлі пераможцамі ў гэтай барацьбе? Толькі дзякуючы малітве, да якой Тобій запрасіў Сару ў іх першую пасля шлюбу сумесную ноч. Малітва выказвала іх супольнае жаданне і імкненне паставіць Пана ў цэнтр і фундамент іх саюзу і такім чынам умацаваць яго сілай Божай. Каханне сужонкаў – Тобія і Сары – не было ўмацавана салодкімі словамі, але канкрэтнымі выбарамі і ўчынкамі, у якіх яны прынялі ўвесь цяжар саюзу паміж мужчынам і жанчынай. У гэтым выпрабаванні – жыцця або смерці – перамагло жыццё, таму што любоў, умацаваная малітвай, мацнейшая за смерць.

Выпрабаванне ноччу пачуццяў і розуму падштурхоўвае сужонкаў аднавіць сэнс і значэнне сваіх сужэнскіх абяцанняў: “вернай любові ў шчасці і няшчасці, здароўі і хваробе”. Я працягну любіць цябе, нягледзячы ні на што: нават калі не буду ведаць, ці кахаю цябе; нават калі не буду ведаць, ці ты мяне кахаеш; нават калі больш не буду разумець сэнсу нашага сужэнства...


Застаецца толькі абсалютная вернасць, нічым не абумоўленая. Гэтая вернасць захоўваецца не “дзеля дзяцей”, не па прычыне страху перад плёткамі, якія могуць узнікнуць, не па прычыне сямейнага ці сацыяльнага канфармізму... але толькі па прычыне дару самога сябе, поўнага і незваротнага прысвячэння сябе бліжняму, якое было прынята і паабяцана ў канкрэтны дзень і назаўсёды. У гэтым знаходзіцца самае высокае ачышчэнне любові і самае сур’ёзнае выпрабаванне яе праўдзівасці. Гэта момант, калі сужэнства трывае толькі дзякуючы волі, якая працягвае казаць “так”, у той час як розум не знаходзіць больш прычын для захавання сужэнскага саюзу.

Менавіта ў гэты момант спакусіцель выкарыстоўвае ўсю сваю хітрасць, каб прымусіць сужонкаў расчаравацца ў веры ў сэнс абяцання поўнага дару самога сябе. Падобную “ноч” спазнаў таксама Езус Хрыстус у кульмінацыйны момант спаўнення сваёй адкупленчай ахвяры на крыжы: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” (Мц 27, 46). Менавіта на Кальварыі Хрыстус любіў больш за ўсё, Яго самапрысвячэнне дасягнула найвышэйшай сілы.

Сёння Езус можа прасіць у некаторых сужонкаў суправаджаць Яго на гэтым шляху абсалютнай любові, таксама як Ён просіць у некаторых, пакліканых асаблівым чынам, любіць Яго любоўю чыстай і без прычыны. Таксама і сужонкаў Хрыстус можа папрасіць любіць, патаемна, як Ён сам любіць. Гэтае патрабаванне можа быць скіравана да некаторых, “прывілеяваных”, пра гатоўнасць якіх прыняць удзел у збаўленчай ахвяры Ён ведае сам.

Страх перад гэтым радыкальным ачышчэннем любові – нармальны. Таксама і Езус перажываў моцную трывогу, знакам якой быў крывавы пот падчас малітвы ў Аліўным садзе. Магчыма, гэты непакой быў выкліканы не столькі бояззю перад фізічнымі пакутамі, колькі перад духоўнай “ноччу”, якая чакала Яго на Кальварыі.

Гэтае выпрабаванне ўводзіць на шлях хрысціянскага ўдасканалення, умацоўваючы сужонкаў у тэалагічных цнотах веры, надзеі і любові. Вера, калі захоўваецца нават нягледзячы на цемру сумніваў, дасягае сваёй самай высокай чысціні. У кантэксце сужэнскага жыцця тут можа ісці гаворка пра вернасць “саюзу ў веры”. Удасканальваецца таксама цнота надзеі: дар з самога сябе больш не грунтуецца на пачуццях, эмоцыях ці чалавечай матывацыі, але толькі на ласцы Божай, неадваротна падараванай падчас сакрамэнту і якая пастаянна абнаўляецца. Нарэшце, удасканальваецца любоў, якая, калі трывае, нягледзечы ні на што, становіцца падобнай да любові Бога, які любіць вечна, бескарысна, не маючы для гэтага ніякіх прычын.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа