Калі сужэнства разумеецца як поўны дар з самога сябе і сапраўднае хрысціянскае пакліканне, то ўсё жыццё сужонкаў павінна асэнсоўвацца і будавацца на аснове гэтага разумення. У такім ключы неабходна разважаць пра розныя аспекты свайго жыцця, у тым ліку пра адносіны паміж прафесійнай дзейнасцю і сужэнствам.
У наш час шмат прыносіцца ў ахвяру патрабаванням прафесійнай дзейнасці. Аб працы часта гаворыцца як аб сапраўдным пакліканні! І гэта праўда, таму што многія прафесіі патрабуюць большай адданасці, чым проста прысутнасці на працоўным месцы восем гадзін у дзень. Падумаем, напрыклад, пра працу медыкаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, рэпарцёраў ці палітыкаў. Нездарма кажуць пра ўрачоў ці палітыкаў па пакліканні! І тут варта задумацца: як усталяваць раўнавагу паміж сваёй прафесійнай дзейнасцю і сужэнскімі абавязкамі, асабліва калі праца імкнецца “манапалізаваць” усе іншыя аспекты жыцця?
Канешне, гатовага і катэгарычнага адказу на гэтае пытанне няма. Сужонкам важна разам глыбока паразважаць на гэтую тэму. Калі яны разумеюць сужэнства як пакліканне Богам да поўнага дару з самога сябе, яно павінна рэалізоўвацца перш за ўсё ў рамках сям’і. Менавіта гэтага Пан у першую чаргу чакае ад іх. Гэта, канешне, не выключае, што муж і жонка могуць мець іншыя патрабуючыя часу і сіл абавязкі, але яны павінны заўсёды разглядацца ў адносінах да іх першаснага паклікання, якім з’яўляецца сужэнства.
Калі прафесійная дзейнасць перашкаджае поўнаму і належнаму прысвячэнню сябе жыццю ў сужэнстве, неабходна задаць сабе фундаментальныя пытанні адносна прыярытэтнасці таго ці іншага паклікання. Магчыма, існуе патрэба ў тым, каб выбраць нешта адно? У гісторыі ёсць прыклады жыцця цудоўных хрысціян, якія адмовіліся ад сужэнства дзеля поўнага прысвячэння сябе служэнню ў іншых сферах. Гаворка ідзе, канешне, пра крайнія выпадкі. На самой справе дастаткова быць пільным, каб “манапалізуючая” прафесійная дзейнасць была падпарадкавана прыярытэтнасці сужэнства. “Праца перш за ўсё для чалавека”, а не чалавек “для працы”, казаў св. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы аб чалавечай працы (“Laborem exercens”). Кожная прафесійная дзейнасць, якой бы яна ні была, павінна быць падпарадкавана сям’і і сужэнству. У любой сітуацыі павінен заставацца ясным галоўны прынцып: для жанатага хрысціяніна пакліканнем з’яўляецца, перш за ўсё, сужэнства, яго сям’я, а ўсё астатняе – адноснае.
У дадзеным кантэксце можна прывесці такую паралель: ці законнік, які мае шмат важных абавязкаў у сваёй супольнасці, можа занядбаць малітоўнае жыццё? Казалі, што, калі сёстры Маці Тэрэзы, стомленыя дапамогай паміраючым на вуліцах Калькуты, адна за другой скардзіліся на эмацыйнае “выгаранне”, яна не памяншала патрабаванняў адносна іх малітоўнага жыцця, але наадварот, дадавала да звычнага графіку адну гадзіну штодзённай адарацыі. Падобна адбываецца і ў сужэнстве: муж і жонка, у сілу свайго паклікання, павінны падпарадкоўваць самыя высокія і важныя абавязкі свайму самаму галоўнаму пакліканню.
Адзін канадскі прадпрымальнік спытаў у Маці Тэрэзы: ці павінен ён раздаць усе свае даброты бедным, каб больш адпавядаць Евангеллю? Яна, у сваю чаргу, адказала, што ён не можа зрабіць гэтага, бо з’яўляецца не гаспадаром, а распарадчыкам сваіх дабротаў і павінен кіравацца хрысціянскай іерархіяй любові, памятаючы, што перш за ўсё мае адказнасць за сваю жонку і дзяцей, а таксама за супрацоўнікаў сваіх прадпрыемстваў.
Такім чынам, сужонкі, якія жадаюць упоўні пражыць сваім пакліканнем, павінны ісці насуперак сучаснай культуры, што імкнецца падпарадкаваць жыццё прафесійнай дзейнасці. У некаторых выпадках гэта можа патрабаваць нават па-сапраўднаму гераічных учынкаў, як, напрыклад, адмовы ад магчымасцяў кар’ернага росту.
Тут неабходна памятаць, што няма нічога больш шляхетнага, важнага і вялікага, чым выхаванне дзяцей. У 1994 г. Ян Павел ІІ пісаў: “Кажучы пра адносіны паміж працай і сям’ёй, справядліва падкрэсліць важнасць і цяжкасць працоўнай дзейнасці жанчын унутры сямейнага асяродку: яна павінна быць прызнана і ацэнена да канца. Праца жанчыны, якая пасля нараджэння дзіцяці яго корміць, клапоціцца аб ім і займаецца яго выхаваннем, асабліва ў першыя гады, настолькі вялікая, што не трэба баяцца параўноўваць яе з прафесійнай дзейнасцю”.
Гаворка ідзе пра адвагу, якая патрабуецца не толькі ад жанчын, бо звычайна лічыцца, што толькі яны павінны ахвяраваць сваім прафесійным жыццём на карысць выхавання дзяцей і клопату аб доме. Тут неабходна сапраўдная духоўная праніклівасць, якая павінна быць рэалізавана ўдвух, дзякуючы супольнай малітве. На кон пастаўлены выбар прыярытэтаў: калі муж і жонка лічаць сваё сужэнства адказам на хрысціянскае пакліканне, згодна з гэтым неабходна адносіцца да ўсіх іншых вымярэнняў жыцця.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка