Сёння мы пагаворым пра сужэнства, як пра досвед сустрэчы з недасканаласцямі і абмежаванасцямі, як сваімі ўласнымі, так і іншага чалавека. “Школа жыцця”, якой з’яўляецца сужэнства, з’яўляецца таксама “школай недасканаласцяў”: недасканаласцяў цела, якое ніколі не будзе ідэальным; недасканаласцяў характару, які мае свае дэфекты і слабасці, нягледзячы на атрыманае выхаванне, у сілу жыццёвага досведу і перанесеных ранаў; недасканаласцяў розуму і нават веры...
Гэтыя недасканаласці – як нашы, так і іншага – мы павінны ў першую чаргу прыняць. Больш за тое – палюбіць іх. Каб зрабіць гэта, трэба пачаць з іх прабачэння. Жадаць, і тым больш спадзявацца на тое, што іншага можна змяніць – гэта вялікая ілюзія сужэнства. Іншая асоба – такая, якой ёсць, з усімі сваімі абмежаванасцямі. Менавіта такой, а не выдуманай і ідэалізаванай, мы пакліканы яе любіць.
Абмежаванасці не заўважныя адразу. Колькі б намаганняў заручаныя не прыкладалі для таго, каб прадставіць сябе ў праўдзе, мы добра ведаем, што закаханасць не дазваляе зрабіць гэтага ў поўнай меры. Калі мы закаханыя – бачым іншага толькі ў яго найлепшых якасцях, а бацькам ці сябрам заўсёды вельмі складана адкрыць нашы вочы на недасканаласці, слабасці, залежнасці выбраных. Толькі калі мінае некалькі гадоў сужэнства, калі мінае закаханасць, недасканаласці пачынаюць выходзяць на святло.
Перш за ўсё гэта раны эмацыйнага, сексуальнага, духоўнага характару, перанесеныя ў дзяцінстве ці ў падлеткавым узросце. Іх плёны выяўляюцца праз некалькі гадоў сумеснага жыцця і вельмі часта незаўважна. Раптоўнае ўсведамленне гэтых абмежаванасцяў можа прывесці да крызісу сужэнства і нават да разводу. “Гэта больш не тая асоба, з якой я пабраўся шлюбам!” – можна пачуць часам. Але на самой справе – гэта менавіта яна.
Па-сапраўднаму мудра і абавязкова для заручаных узаемна адкрываць свае слабасці і раны, прынамсі тыя, пра якія ведаюць. “Так” у дзень сужэнства не павінна прамаўляцца без уважлівага аналізу і разважання над гэтым бокам уласнай натуры і натуры будучага мужа ці жонкі. Гэта прадугледжвае не толькі здольнасць станавіцца адкрытым для іншага, але таксама і глыбокае веданне самога сябе.
У сужэнстве цалкам адкрываюцца ўсе нашы слабасці і абмежаванасці. “Прытворства” немагчыма перад тым, хто штодзённа падзяляе з намі самыя звычайныя і інтымныя жыццёвыя сітуацыі. “Ніхто не з’яўляецца дасканалым гаспадаром для свайго слугі”, кажа прыказка. Гэта тым больш праўдзіва ў адносінах да жонкі ці мужа! У такім святле сужэнства – гэта жорсткі, але дасканалы досвед праўды ў адносінах да сябе самога. Як наступства – гэта найлепшая школа пакоры.
Жывучы побач, немагчыма доўга хаваць сапраўднага сябе. Усе “абарончыя сродкі”, пабудаваныя вакол нашых слабасцяў і абмежаванасцяў, упадуць адно за адным. Гэта тычыцца ў першую чаргу цялеснай недасканаласці (вядома, што, прачнуўшыся, мы не заўсёды выглядаем найлепшым чынам), недасканаласцяў характару (немагчыма доўга захоўваць сардэчнасць з цешчай, якая пастаянна павучае жыццю). У сужэнстве праяўляюцца недасканаласці розуму (можна быць вельмі разумным для грамадства, але ў штодзённым жыцці чыніць вялікія глупствы), недасканаласці ў выхаванні (грубіян, які схаваны ўнутры кожнага з нас, хутка выйдзе вонкі, нягледзячы на манеры, праз якія імкнемся схаваць яго). Праяўленне недасканаласцяў тычыцца таксама і духоўнага жыцця: моманты супольнай малітвы, удзелу ў рэкалекцыях і пілігрымках, якія былі звычайнымі ў перыяд заручынаў, могуць саступіць месца духоўнай прахалоднасці і сухасці.
Першае з патрабаванняў шчаслівага сужэнскага жыцця – гэта прыняцце нашых недасканаласцяў: канешне, не для таго, каб задавальняцца імі, але каб убачыць іх у якасці рэальнасці, якую мы самі складаем. Другое патрабаванне – прабачыць іх, адрозніваючы недасканаласці ад плёнаў нашай уласнай ляноты і занядбання.
Тым больш, неабходна прыняць недасканаласці асобы, якая жыве побач з намі, і перастаць ідэалізаваць яе, каб любіць па-сапраўднаму. Мы павінны прыняць іншага з яго слабасцямі і абмежанасцямі, не робячы выгляду, што іх не існуе, або спадзеючыся, што яны рана ці позна знікнуць. Гэта не забараняе глядзець на ўсё з надзеяй, давяраць Божай ласцы, якая можа чыніць цуды, але не азначае, што іншы павінен змяніцца, каб адпавядаць ідэалу мужа ці жонкі паводле нашага ўяўлення.
Аляксандр Панчанка