Пошук


Колькі сябе памятаю, яны былі — быкі, козы, тыгры, малпы… Іх, як татэмных жывёл, кожны год «абагаўлялі» мае знаёмыя і нават родныя. Кітайскі «сімвал года» быццам бы мог прынесці шчасце ў Новым годзе…

Сапраўды, і я да свайго свядомага навяртання не бачыла ў гэтым нічога дрэннага. Сяброўкі і знаёмыя дарылі статуэткі «грашовага» быка, маску тыгра і, напэўна, яшчэ шмат усялякай «звярынай» навагодняй лухты… І гэта ўспрымалася нармальна. Схадзіць разам з бабуляй у нядзелю на Імшу і адначасова трымацца забабонаў усходніх язычніцкіх культаў. Я нават не задумвалася, што гэта грэх… Грэх ідалапаклонства. Пасля свядомага навяртання ўсе «быкі» былі бязлітасна выкінуты ў сметнік…


Мода на ідалаў

Грэх калектыўны, грэх грамадскі… Сучасныя СМІ культывуюць, распаўсюджваюць гэтую моду на кітайскі каляндар. Пажадаць у эфіры галоўных тэлеканалаў краіны, каб рыжы сабака прынёс вам поспех і ўдачу ў Новым годзе, — гэта цяпер звычайная справа. Шматлікія сувеніры, календары, статуэткі — добры бізнес для сотняў супермаркетаў. А хто жадае губляць столькі грошай, што можна зарабіць на іх продажы?

«Жывёльны» каляндар, як вядома, з’явіўся ў старажытным Кітаі. Ёсць шмат легендаў, звязаных з узнікненнем гэтай традыцыі. Паводле адной з іх, 12 жывёлаў — пацук, трус, цмок, змяя, конь, каза, малпа, певень, сабака і свіння — у такім парадку з’явіліся развітацца з Буддам перад яго смерцю. У знак удзячнасці за гэта ён падарыў ім па адным годзе кіравання. З таго часу кожны год у кітайскім месяцавым календары адпавядае адной з 12 жывёлаў — аднаму са знакаў кітайскага «задыяка».

Такім чынам, святкаванне Новага года па кітайскім календары не мае нічога супольнага з хрысціянствам, а бярэ свой пачатак з будызму і іншых усходніх вераванняў.

На тэрыторыі краін былога СССР кітайскі каляндар з’явіўся адносна нядаўна — у 70-х гадах ХХ стагоддзя.

У 1973 годзе газета «За рубежом» упершыню апублікавала на сваіх старонках кітайскі каляндар. Але тады ён не «закрануў» грамадства настолькі, каб стаць традыцыяй. Пра «навінку» неўзабаве забыліся.

Шырокае распаўсюджванне «жывёльны» каляндар атрымаў у сярэдзіне 90-х, дзякуючы шматлікім «чаўнакам» і легалізацыі кааператыўнага гандлю. Мода на кітайскія рэчы прынесла таксама моду на кітайскі «сімвал года».

Здаецца, тэндэнцыю часу зразумець можна: ліхія 90-я, разруха, адчуванне няўпэўненасці, краіна толькі адраджаецца пасля дзесяцігоддзяў атэізацыі і бязвер’я. У душах людзей пустка, якую лёгка запоўніць чым заўгодна… Але цяпер? Чаму гэтая, па сутнасці язычніцкая, традыцыя (прынамсі паводле статыстычных даных) настолькі папулярная ў «хрысціянскай» Беларусі?

Я нават забылася на гэтую тэму, думаючы, што «і так усё зразумела». Але адна каталічка пажадала мне, каб «сабака ў сваіх бухматых лапах прынёс шчасце ў Новым годзе»…

Чаму так адбываецца? Чаму, здаецца, цалкам «касцёльная» дзяўчына піша такія пажаданні? Ад няведання? Таму мне здаецца, што будзе не лішнім, калі святары яшчэ раз нагадаюць сваім парафіянам, каму і чаму мы НЕ павінны пакланяцца і служыць. Гэта шмат часу не зойме, а плён свой, безумоўна, прынясе…


Чаму хрысціянін не можа ўшаноўваць кітайскі каляндар і яго «сімвалы»?

Адказ здаецца відавочным: таму што гэта грэх. І тут можна было б разважаць шмат і казаць шмат, але сам Бог кажа канкрэтна і проста:

«Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі. Не май іншых багоў, апроч Мяне. Не рабі сабе ніякай выявы ідала і падабенства таго, што ўверсе на небе, што ўнізе на зямлі і што ў водах пад зямлёю. Не пакланяйся ім і не ўшаноўвай іх. Бо Я Пан Бог твой, Бог зайздросны, які карае дзяцей за беззаконне бацькоў да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто ненавідзіць Мяне. Але Я выяўляю міласэрнасць да тысяч пакаленняў тых, хто любіць Мяне і захоўвае запаведзі Мае» (Зых 20, 2 – 6).

«Няхай не будзе ў цябе іншых багоў апроч Мяне». Гэтым наказам Бог ясна дае зразумець, каму патрэбна служыць, хто дае шчасце і разуменне таго, кім кожны з нас з’яўляецца насамрэч.

Народ Ізраэля спазнаў міласэрнасць Бога і быў выведзены з палону Егіпта, але нават на шляху да свабоды стварыў сабе ідала ў выглядзе залатога цяляці. Тысячы гадоў мінулі з таго часу, а мы цяпер робім тое ж самае…

Бог таксама перасцерагае нас ад раздваення асобы: калі мы наведваем святыню і адначасова носім на сабе акультныя сімвалы і знакі, звяртаемся да бабуль-шаптух, дорым падкову «на шчасце» або кітайскія статуэткі — сімвалы года…

«Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне» (Мц 6, 24).

У гэтым вершы Езус канкрэтна кажа, што хрысціяне не могуць пакланяцца і Богу, і д’яблу. Іншых тлумачэнняў няма. Езус не кажа пра «інкультурацыю д’ябла», Ён кажа, што са злым нельга мець ніякіх справаў, іначай — грэх або смерць.

Бог — міласэрны, цудоўны, непаўторны, толькі Ён з’яўляецца сапраўдным Дабром і толькі Ён можа адарыць нас сапраўдным шчасцем. Ён, а не сабакі, каты, гараскопы, фэн-шуй, баба Франя, што «добра загаворвае сурок і рожу», чырвоная нітка на левай руцэ ці назе… Толькі Бог. І калі ты хрысціянін або хрысціянка, будзь ім да канца, без кампрамісаў, без «жартаў» і ўступак д’яблу і яго служкам. «Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця», — кажа Пан у кнізе Апакаліпсіса св. Яна (Ап 2, 10). Не збочвай з Яго дарогі і будзеш збаўлены. Іншых шляхоў няма.

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла ў сферы веры і маралі і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 12.01.2018 00:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа