Падчас нашых мінулых сустрэч гаворка ішла пра аргументы на карысць
перадсужэнскай чысціні, а таксама пра абавязак бацькоў адносна
сексуальнага выхавання сваіх дзяцей. Мы заўважылі, што адным з
фундаментальных метадаў такога выхавання з’яўляецца ўласны прыклад –
неабходна, каб наша жыццё, як бацькоў і сужонкаў, было сумяшчальным з
ідэяй аб добрай, сталай сексуальнасці і верных сужэнскіх адносінах.
Сённяшняя праграма будзе галоўным чынам адрасавана моцнай палове
чалавецтва.
За парадамі адносна шчаслівага сужэнства мы адправімся ў кароткае падарожжа па старонках Святога Пісання, а менавіта па тых яго частках, якія скіраваны канкрэтна да мужоў. У цэнтры нашай увагі будуць дзесяць цытатаў са Старога і Новага Запавету, якія, як убачым, не губляюць актуальнасці да сённяшняга дня.
Першая з іх, са старонак Паслання да Эфесцаў, дзе апостал Павел кажа: “Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго” (5, 25). Варта памятаць, што любоў Хрыста да Касцёла – бясконцая і непарыўная. Яе не можа спыніць нічога і гэта з’яўляецца цудоўным прыкладам любові мужа да жонкі.
“Так павінны мужы любіць сваіх жонак, як сваё цела” – сцвярджае апостал Павел на старонках таго ж Паслання да Эфесцаў (5, 28-33). Гэтая другая парада тычыцца неабходнасці клапаціцца аб патрэбах і дабрабыце жонкі. Святое Пісанне заклікае да саўдзелу ў цяжкасцях і хваробах, а таксама ў радасці, шчасці і добрым здароўі. Духоўныя, фізічныя, эмацыйныя і эканамічныя патрэбы жонкі павінны заслугоўваць самай вялікай увагі мужа.
Апостал Пётр, у сваю чаргу, нагадвае, што жанчыны належаць да “слабога полу” і таму патрабуюць асаблівай падтрымкі: “І вы, мужы, разумна жывучы з імі, як слабейшаму жаночаму начынню аддавайце пашану” (1П 3, 7). Паважаючы слабасць жонкі, неабходна дапамагаць ёй усімі сіламі – паказваць сваю любоў гэтым. Неабходна маліцца і прасіць у Бога аб ласцы бачання патрэб уласнай жонкі і выпраўляцца з нядбайнасцяў.
Чацвёртая парада змешчана на старонках Паслання да Каласянаў (3, 19): “Мужы, кахайце жонак і не будзьце суровымі да іх”. Калі жанчыны памыляюцца, бывае складана ўстрымацца ад павышанага тону. Біблія заклікае да лагодных і паважлівых адносін, заклікае памятаць, што жонка – гэта каштоўны дар Божы.
У Пасланні да Габрэяў гаворыцца: “Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства і сужыццё беззаганнае” (13, 4). Езус казаў: “Кожны хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім”. Неабходна захоўваць сваё сужэнства чыстым, дысцыплінуючы ўласныя вочы і сэрца, каб заставаліся вернымі. Гэта прынясе вялікую карысць сужэнскаму жыццю.
Шостая парада, звязана з папярэдняй і змешчана на старонках кнігі Прыпавесцяў Саламона: “Для чаго, сын мой, захапляцца чужынкай і абдымаць грудзі чужой?” (Прып 5, 20). Захапленне іншымі жанчынамі прыводзіць да памяншэння ўвагі да ўласнай жонкі, якая будзе адчуваць сябе менш ацэненай. Калі ж муж просіць у Бога аб ласцы захаплення толькі ўласнай жонкай – яна будзе адчуваць сябе сапраўднай каралевай, а каханне ў сужэнстве будзе ўмацоўвацца.
Нагадваць жонцы пра яе ўнікальнасць і асаблівасць заклікае тая ж кніга Прыпавесцяў Саламона: “Устаюць дзеці і абвяшчаюць яе шчаслівай, а муж хваліць яе: “шмат было жанчын дабрачынных, але ты пераўзыйшла іх усіх” (31, 28). Неабходна казаць жонцы, што яна лепшая за ўсіх іншых жанчын на зямлі. Пры гэтым не абмяжоўвацца толькі адзнакай фізічнай прыгажосці, але цаніць жонку як асобу.
“Хто знайшоў добрую жонку, той знайшоў дабро і атрымаў ласку ад Пана”, – сцвярджае кніга Саламон (Прып 18, 22). Адам быў адзін і гэта не было добра, таму Бог даў яму жонку. Спадарожніца жыцця – гэта благаслаўленне, ласка, якая паходзіць ад Бога. Неабходна штодзённа дзякаваць за яе Пану.
Евангелле паводле Мацвея кажа: “Таму пакіне мужчына бацьку і маці і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам” (19, 5). Трэба радавацца сужэнскаму жыццю. Спяшацца дадому, калі вяртаемся з працы. Думаць пра жонку на працягу дня, тэлефанаваць ёй. Вучыцца згодзе ў сужэнстве. Прысвячаць час на размовы і дзяліцца штодзённымі праблемамі і радасцямі. Праяўляць сапраўдную цікавасць, уважліва слухаць. Быць па-сапраўднаму адно.
Нарэшце, апошняя з дзесяці прапанаваных парадаў Святога Пісання змешчана ў Першым пасланні св. Пятра (1 П 3,7). Яна заклікае шанаваць жонку, каб, “будучы суспадкаемцамі ласкі жыцця, не ставіць перашкодаў малітве вашай”. У сакрамэнце сужэнства мужчына і жанчына атрымалі адну і тую ж ласку. Неабходна клапаціцца аб ёй і дапамагаць ёй узрастаць праз супольны ўдзел у Эўхарыстыі, малітве. Такім чынам будаваць уласнае сужэнства на Езусе і з дапамогай Панны Марыі.
Як бачым, словы Святога Пісання, скіраваныя непасрэдна да мужоў, з’яўляюцца вельмі канкрэтнымі і простымі, добра знаёмымі з самага маленства, тым не менш яны прасякнуты глыбокай мудрасцю і дапамагаюць зрабіць сужэнскае жыццё больш моцным, трывалым і прывабным.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка