![](/3/images/news/2018/01/7302/2018-01-03-phoca_thumb_l_zhodzina-027.jpg)
Не кожны з нас можа штогод спадзявацца на новую працу, кватэру, адносіны і г.д. Хтосьці так, але не ўсе разам. Новы год такі лагодны, што прыходзіць да ўсіх, дазваляючы перажыць пачуццё навізны любому чалавеку прыкладна раз на 365 дзён.
Нехта любіць падводзіць вынікі ў канцы года, а іншы — марыць аб цудзе або ставіць перад сабой планы. Магчыма, праз год яны памяняюцца месцамі ці паспрабуюць адначасова зрабіць высновы і вызначыць мэты. У кожным выпадку, гэтая нябачная мяжа паміж 31 снежня і 1 студзеня мае значэнне.
Яно, праўда, можа згубіцца, калі празмерная ўвага надаецца так званай «сустрэчы Новага года» і заклапочанасці «як я сустрэну?». У рэшце рэшт, магчымасць перажыць момант новага пачатку — ужо падарунак, і яго можна проста прыняць. Гэта добры час для пытанняў, адкуль я іду і куды кіруюся, каб рушыць далей з сэрцам радасным і поўным надзеі.
Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае.
Вось Я учыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?
Я зраблю шлях у стэпе і рэкі ў пустыні (пар. Іс 43, 18-19)
Паглядзім жа ў будучыню, ведаючы, што Бог вызваляе нас ад прыгнёту мінулага, гоіць нашыя раны і напаўняе новым жыццём. Сапраўды, чаго я чакаю ад гэтага года? Новы пачатак не даецца «за кампанію» з іншымі, але мне. Новае ад Бога ў маім жыцці можа «з'явіцца», як «шлях у стэпе і рэкі ў пустыні». Ці я ведаю пра гэта? І што я зраблю: адкрыю Пану свае «стэпы і пустыні» ці пачну будаваць плаціны?
![](/3/images/news/2018/01/7302/2017-12-14-caritas-014.jpg)
Бог дае магчымасць пачаць штосьці нанова, прыняць пэўныя рашэнні на будучы год, але гэта не азначае перастаць быць сабой.
Наадварот, новы пачатак заклікае чалавека быць самім сабой яшчэ больш і лепш — праз шчырасць, пазнанне сябе, унутраную працу. Нагадвае быць свабодным. Але што і хто дапамагае мне ўзрастаць? Якія рэчы ці адносіны «забіраюць у няволю»? У адказах на пытанні — мая асабістая ўдзячнасць Богу, маруднае, але разуменне, што мне трэба змяніць у жыцці, і просьба аб дапамозе ў цяжкасцях, якія самой мне не адолець.
У самім позірку Бога, які глядзіць на кожнага з нас з любоўю, заўсёды ёсць новы пачатак. Калі я адчуваю сябе ўмілаваным дзіцём Божым, то магу пачаць усё нанова, тут і цяпер, не чакаючы новага года.