Другі Ватыканскі Сабор трапна заўважыў, што Касцёл складаецца не толькі з іерархіі – святароў і біскупаў – але і з усіх ахрышчаных людзей. Улічваючы тое, што большасць з іх — гэта свецкія вернікі, можна ўпэўнена казаць, што асноўная частка народу Божага жыве менавіта ў сужэнстве.
У той жа час, калі гаворка заходзіць пра духоўнасць, то ў першую чаргу маюцца на ўвазе святары і законнікі. Мы прызвычаіліся казаць аб духоўнасці пустыннікаў, адважных пастыраў і пакорных манахінь, але ў меншай меры аб духоўнасці сужонкаў. Тое ж тычыцца і літаратуры на гэтую тэму – аб святарскай і манаскай духоўнасці напісана і сказана больш, чым дастаткова, але аб сужэнскай – надзвычай мала. У выніку самая значная частка народу Божага апынулася пазбаўленай настаўленняў у духоўным жыцці, адпаведных менавіта яе статусу і пакліканню. Тым больш парадаксальна, і нават абуральна, што сужонкі, якія шукаюць духоўнасці, вымушаны браць прыклад з асобаў, якія жывуць у цэлібаце або абяцаннях цялеснай чысціні.
На працягу доўгіх стагоддзяў Касцёлу было складана прызнаць у сужэнстве сапраўднае пакліканне ў поўным сэнсе гэтага слова – пакліканне, здольнае весці тых, хто на яго адказвае, да сапраўднай святасці. Напэўна, прычына гэтага была ў цяжкасцях, з якімі хрысціянства пазнавала сапраўднае значэнне чалавечай сексуальнасці.
У хрысціянскіх тэолагаў атрымалася прасцей адкрыць глыбокае значэнне цела, якое пакутуе і працуе, чым цела, якое радуецца, адзначаў французскі тэолаг, дарадчык Папскай рады па справах сям’і і бацька траіх дзяцей Ксавье Лакруа. На яго думку, неабходна прызнаць, што хрысціянства, будучы рэлігіяй, заснаванай на Уцелаўленні Слова Божага, у выпадку прыніжэння значэння цела будзе абавязкова абмяжоўваць само сябе.
На недаацэненасць каштоўнасці цела і чалавечай сексуальнасці звярнуў увагу святы Ян Павел ІІ. Ён адказаў на дадзеную праблему распрацоўкай своеасаблівай “тэалогіі цела” – навучання, адрасаванага ў першую чаргу асобам, якія жывуць у сужэнстве. Падчас першых гадоў свайго пантыфікату, паміж 1979 і 1984 гг., ён прапанаваў Касцёлу і свету 129 катэхез на гэтую тэму. Пацверджанае яго досведам працы ў якасці душпастыра моладзі і выкладчыка маральнай тэалогіі і грамадскай этыкі ў Кракаўскай семінарыі і Люблінскім тэалагічным ўніверсітэце, навучанне Яна Паўла ІІ з’яўляецца глыбокім адказам на пытанне аб сэнсе сужэнскага жыцця і яго каштоўнасці.
За ўсю гісторыю Касцёла ніводзін Папа не напісаў на дадзеную тэму больш, чым гэты Пантыфік: яго спадчына складае амаль 800 старонак тэксту! На жаль, праз 25 гадоў пасля яе прэзентацыі яна па-ранейшаму застаецца мала вядомай душпастырам і самім сужонкам. Гэта, канешне, уяўляе выклік для каталіцкай камунікацыі. Адказаўшы на яго, можна зрабіць з “тэалогіі цела”, распацаванай святым Янам Паўлам ІІ, сапраўдную “бомбу з гадзінікавым механізмам, якая можа выбухнуць з цудоўным эфектам на працягу трэцяга тысячагоддзя гісторыі Касцёла”, як казаў адзін з біёграфаў Пантыфіка.
Праз тэалогію цела Ян Павел ІІ паказаў сужэнства не ў якасці паклікання другога гатунку, але ў якасці аднаго з магчымых шляхоў рэалізацыі асобы праз дарэнне самой сябе. Менавіта поўны дар самога сябе, згодна з каталіцкім навучаннем, з’яўляецца адзіным спосабам пазнання самога сябе. Яго рэалізацыя можа адбыцца праз пасвячэнне сябе Валадарству Божаму ў цэлібаце або праз сужэнскае пасвячэнне. Гэтыя два шляхі – сужэнства і чыстасць – могуць аднолькава весці да святасці. І калі Касцёл на працягу стагоддзяў справядліва аддаваў пашану кансэкраванаму жыццю ў чысціні, то, напэўна, настаў час адкрыць веліч і заслугі іншага шляху – пасвячэння асобы ў сужэнстве.
На думку некаторых тэолагаў, неабходна, каб сужонкі мелі магчымасць чэрпаць з крыніц духоўнасці, уласцівых іх асабліваму пакліканню. Яны кажуць пра важнасць прапановы аскетычнага і містычнага навучання, “духоўнасці”, распрацаванай не на прыкладах законнікаў і святароў, але асобаў, якія дасягнулі святасці менавіта ў сужэнстве.
Папярэднія Пантыфікі зрабілі важныя крокі ў гэтым напрамку: Ян Павел ІІ беатыфікаваў сужэнскую пару і бацькоў чатырох дзяцей Луіджы Бельтрамэ Куатроккі і Марыю Карзіні, а падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI былі узнесены да хвалы алтара бацькі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса – Луі Мартэн і Мары-Зэлі Мартэн. Гэтыя благаслаўлёныя дэманструюць сваім жыццём, што святымі можна стаць не насуперак сужэнству, але менавіта дзякуючы яму. Як гэта зрабіць, мы будзем разважаць больш падрабязна праз знаёмства з рознымі аспектамі духоўнасці сужэнскага жыцця.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка