Сёння мы пагаворым пра ўладу кіравання ў Касцёле. Першы параграф 129 канону гаворыць аб тым, што ўладу кіравання, якая існуе ў Касцёле з Божага устанаўлення, могуць ажыццяўляць тыя, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння, а другі параграф гэтага канону гаворыць, што ў выкананні гэтай улады могуць дапамагаць таксама свецкія вернікі.
Такім чынам, мы бачым, што тыя, хто атрымаў сакрамэнт пасвячэння, маюць магчымасць выконваць уладу кіравання ў Касцёле. Што датычыць свецкіх вернікаў, то нельга сказаць, што яны з’яўляюцца няздольнымі да выканання ўлады, але гаворыцца, што яны могуць супрацоўнічаць (лацінскі тэрмін cooperari possunt) у выкананні гэтай улады. Канешне, тут гаворка не ідзе аб супрацоўніцтве ў сэнсе чыста тэхнічным (напрыклад, калі свецкі сакратар друкуе на камп’ютары дэкрэты біскупа).
Пытаннем з’яўляецца тое, ці можна разумець «дапамагаць» як «удзельнічаць». На гэтую тэму праводзіліся шматлікія дыскусіі падчас падрыхтоўкі Кодэкса, як праўныя, так і дагматычныя, але канчаткова была прынята менавіта такая фармулёўка, і свецкія вернікі могуць атрымаць пэўныя даручэнні са здзяйснення ўлады кіравання, калі для выканання гэтых даручэнняў не патрэбна ласка сакрамэнту пасвячэння (напрыклад, свецкая асоба можа быць прызначана дыяцэзіяльным эканомам або суддзёй у Касцёльным судзе).
Улада кіравання можа быць звычайная або дэлегаваная. Калі гэтая ўлада звязана з канкрэтнай пасадай, яна называецца звычайнай, калі не звязана — дэлегаванай. Напрыклад, пробашч на тэрыторыі сваёй парафіі або дыяцэзіяльны біскуп у сваёй дыяцэзіі маюць звычайную ўладу кіравання, іх правы і абавязкі зацверджаны ў Праве. Але для выканання пэўных актаў біскуп можа дэлегаваць святара, надзяляючы яго адпаведнымі паўнамоцтвамі. У такім выпадку гэты святар мае дэлегаваную ўладу.
Звычайная ўлада кіравання можа быць уласнай або замяшчальнай. Уласная звычайная ўлада — гэта калі асоба, маючы пэўную пасаду, карыстаецца аўтаноміяй у ажыццяўленні гэтай улады (напрыклад, дыяцэзіяльны біскуп, пробашч). Замяшчальная ўлада звычайна ажыццяўляецца тады, калі асоба дзейнічае ад імя вышэйшай улады і ў згодзе з ёй (напр. трыбуналы і іншыя ведамствы Рымскай Курыі, у дыяцэзіі — генеральныя, біскупскія і судовыя вікарыі).
У кодэксе даволі часта ўжываюцца паняцці «ардынарый», «ардынарый месца», «дыяцэзіяльны біскуп». Гэта розныя паняцці. Многія даволі часта гэтыя паняцці разумеюць памылкова, і тады з’яўляецца блытаніна. Але гэтыя паняцці вельмі цесна звязаны з уладай кіравання, таму зараз мы канкрэтна паглядзім, хто разумеецца пад той ці іншай назвай. Так ардынарый — гэта Рымскі Біскуп, дыяцэзіяльныя біскупы, а таксама іншыя, якія хаця б толькі часова стаяць на чале мясцовага Касцёла — напрыклад, апостальскі і дыяцэзіяльны адміністратар, тэрытарыяльны прэлат ці абат, апостальскі вікарый або прэфект, далей — генеральныя і біскупскія вікарыі, а таксама для сваіх членаў — вышэйшыя настаяцелі клерыкальных законных інстытутаў пантыфікальнага права і клерыкальных таварыстваў апостальскага жыцця пантыфікальнага права, калі яны маюць па меншай меры звычайную ўладу кіравання.
Ардынарый месца — гэта тыя самыя асобы за выключэннем вышэйшых настаяцеляў. Іншымі словамі, для беларускіх вернікаў, якія не з’яўляюцца членамі клерыкальных законных інстытутаў пантыфікальнага права і клерыкальных таварыстваў апостальскага жыцця пантыфікальнага права, ардынарый і ардынарый месца — гэта тыя самыя асобы. У кожнай з нашых чатырох дыяцэзій — гэта дыяцэзіяльны біскуп, іх генеральныя і біскупскія вікарыі. Але тое, што Кодэкс гаворыць менавіта аб дыяцэзіяльным біскупе, датычыць толькі дыяцэзіяльнага біскупа і тых, хто з ім зраўнаны правам. Такім чынам бачым, што ардынарый ці ардынарый месца — больш шырокае паняцце, чым дыяцэзіяльны біскуп.
У Касцёле існуе таксама ўлада ўставадаўчая, выканаўчая і судовая, але няма, як у цывільным праве, раздзялення гэтай улады. Уставадаўчая ўлада ва ўсім Паўсюдным Касцёле належыць Рымскаму Біскупу і Паўсюднаму Сабору ў еднасці з ім, у мясцовым Касцёле ўставадаўчая ўлада належыць дыяцэзіяльнаму біскупу, яму таксама належыць выканаўчая і судовая ўлада. Наогул, уставадаўчая ўлада, ніжэйшая за вярхоўную, не можа быць дэлегавана, таксама не можа быць дэлегавана наогул і судовая ўлада, якую маюць суддзі і судовыя калегіі, хіба толькі для падрыхтоўчых актаў, а звычайная выканаўчая ўлада можа быць дэлегавана, нават у асобных выпадках субдэлегавана (г.зн. дэлегавана дэлегаваным).
Існуе цэлая серыя канонаў, якая гаворыць аб дэлегаванні кожнай з уладаў, аб умовах, якія трэба выканаць, каб дэлегацыя была сапраўднай. Зараз мы не будзем паглыбляць гэтую тэму, каму цікава, той можа звярнуцца да Кодэкса, там гэта ўсё даволі дакладна прапісана.
Кс. Дзмітрый Пухальскі