Тэма перадсужэнскай чысціні з’яўляецца вельмі вострай і актуальнай. Паводле статыстычных дадзеных, у еўрапейскіх краінах планка пачатку палавых аднасінаў да шлюбу паніжаецца, разам з павелічэннем колькасці абортаў сярод непаўналетніх і маладых самотных маці. Лічбы кажуць, што тут каля 50% хлопцаў і 35% дзяўчат маюць сексуальны досвед да 17 гадоў.
У нашай краіне сітуацыя не радыкальна адрозніваецца: паводле рэсурснага цэнтру Фонда ААН у галіне народанасельніцтва, у Беларусі каля трэці падлеткаў да 15 гадоў мелі досвед сексуальных адносін. Здавалася б, нашто пра гэта пастаянна казаць: ну вядома, праблема ёсць – адмаўленне ад каштоўнасцяў, геданістычная культура і г.д. Але стоп! Размова ідзе не проста пра высокія матэрыі, але пра асабістае шчасце кожнага чалавека.
Сітуацыя з моцнымі сем’ямі таксама пакідае жадаць лепшага. Вядомы факт, што ў нашай краіне палова з усіх заключаных сужэнстваў распадаюцца. Людзі развучыліся верна і доўга любіць адно аднаго! Здаецца, што перад намі парадаксальная сітуацыя: з аднаго боку, стала так шмат “кахання”, што моладзь імкнецца пачаць гульні ў сур’ёзныя адносіны як мага раней, а з іншага, маем драматычныя праблемы ў гэтай сферы. Аказваецца, што сур’ёзныя адносіны становіцца захаваць усё складаней. Не крытыкуючы і не асуджаючы асабісты выбар кожнага, хачу толькі адзначыць, што ранняе сексуальнае жыццё – сексуальнае жыццё да шлюбу – і слабое сужэнства непарыўна звязаны паміж сабой.
Мы пачалі знаёміцца з 10 фактамі пацвярджэння гэтага – ці, дакладней, з 10 прычынамі на карысць перадсужэнскай чысціні. Нагадаю, што перадсужэнская чысціня дапамагае лепшай камунікацыі паміж заручанымі; спрыяе ўмацаванню сяброўскіх адносін, фундаментальна важных, калі пачуцці пяройдуць у менш гарачую стадыю. Перадсужэнская чысціня дапамагае фарміраванню і захаванню добрых адносін з бацькамі будучага сужэнца. Устрыманне ад сексуальнай блізкасці робіць асобаў больш свабоднымі ў адносінах да самога перыяду заручынаў – дазваляе прасцей спыніць адносіны з чалавекам, калі зразумеш, што “гэта не тваё”. І, нарэшце, чысціня дапамагае сталенню ў бескарыслівай любові, насуперак эгаізму і жаданню атрымліваць фізічнае задавальненне ад адносінаў.
Адна з наступных прычын кажа пра тое, што ўстрыманне ад сексу да шлюбу памяншае рызыку сутыкнуцца з фізічным ці вербальным насіллем. Секс па-за шлюбам вельмі часта аказваецца звязаным з рознымі формамі злоўжыванняў, у тым ліку з насіллем. Напрыклад, сярод пар, якія сумесна жывуць “без абавязкаў”, выяўлена ў два разы больш выпадкаў агрэсіі, чым паміж жанатымі людзьмі. Заручаныя, якія вырашылі не паддавацца жарсцям у сваіх адносінах, менш зайздросныя і эгаістычныя.
У якасці наступнай прычычы на карысць перадсужэнскай чысціні можна адзначыць такі немалаважны фактар, як крэатыўнасць у адносінах. Сексуальная блізкасць, маючы моцную эмацыйную складаючую, можа стаць галоўным спосабам выразу пачуццяў. Калі заручаныя ад яе ўстрымліваюцца да заключэння сужэнства, яны вучацца выказваць сваё каханне іншымі спосабамі. Устрыманне іх стымулюе быць творчымі, крэатыўнымі ў адносінах. Так адносіны ўмацоўваюцца і даюць нашмат больш магчымасцяў для больш глыбокага пазнання характару адно аднаго, звычак, здольнасцяў, а гэта вельмі важна для будучага сужэнства.
Чарговая прычына на карысць устрымання да шлюбу адносіцца да сітуацый, калі адзін з бакоў жадае перарваць адносіны. Сувязь, якую стварае сексуальная блізкасць, вельмі моцна яднае эмацыйна, і часта яе спыненне звязана з вялікім унутраным болем. У сваю чаргу, калі пара не мела сексуальных адносін, расставанне не прыносіць настолькі разбуральных наступстваў.
Нарэшце, людзі, якія ўстрымліваюцца ад сексуальнай блізкасці перад сужэнствам, адчуваюць сябе лепш як асобы. Сексуальна актыўныя падлеткі часта губляюць пачуццё самапавагі і жывуць з адчуваннем віны. Але, калі добраахвотна вырашаюць адмовіцца ад фізічнай блізкасці, адчуваюць сябе новымі людзьмі і растуць як асобы. Паляпшаецца іх інтэлектуальны, творчы і сацыяльны патэнцыял, яны ўжываюць свае сілы і энергію для творчасці і развіцця ўласных талентаў.
Апошняя, дзясятая прычына на карысць устрымання ад сексуальных адносін перад шлюбам, напэўна, самая галоўная: чысціня – гэта адзін з залогаў шчаслівага сужэнскага жыцця. Навукоўцы правялі даследаванне, вынікі якога паказалі, што пары, якія не займаліся сексам перад шлюбам, распадаліся на 22% радзей. Акрамя таго, яны былі на 20% больш задаволеныя сваімі адносінамі і на 15% больш сваім сексуальным жыццём, чым тыя, хто меў дашлюбныя сувязі.
Такім чынам, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, становіцца відавочным, што для спаўнення мары аб доўгім, шчаслівым і моцным сужэнстве, якая ўласціва юнакам і дзяўчатам, варта ахвяравацца і супольна пражыць час заручынаў, пазнаючы адно аднаго і выказваючы пачуцці без фізічнай блізкасці.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка