Пошук


Вось ужо зусім блізка да Нараджэння нашага Збаўцы. І ў гэты асаблівы час яшчэ раз варта задумацца: у якім стане знаходзіцца маё сэрца, ці падрыхтаванае яно належным чынам? Каб даць адказы на гэтыя і, магчыма, шматлікія іншыя пытанні перад Раством, прапануем некалькі крокаў.

1. Цішыня

Суцішыцца і прыслухацца да голасу Бога ў сваім сэрцы… Голасу, які суцяшае, дае надзею, радасць і ўпэўненасць, які напаўняе сэрца любоўю і незвычайнай гармоніяй і цішынёй. Голасу, які таксама кажа аб навяртанні, перамяненні шляху, набліжэнні да Бога. У цішыні заўсёды ёсць магчымасць паглядзець на сябе ў шчырасці. Бо толькі яна, як лакмусавая паперка, паказвае, куды накіраваны твае думкі, якія менавіта ў цішыні становяцца найбольш гучнымі, а значыць, паказвае, што ў тваім сэрцы ў прыярытэце…

2. Малітва

Якая твая малітва? Менавіта цяпер, калі вось-вось прыйдзе Збаўца? Ці пакідаеш ты месца ў сваім сэрцы для шчырай малітвы, нават не малітвы, а простай размовы з Айцом. Размовы без словаў, размовы душы? Адкрытасць, шчырасць і прастата сэрца — вось што падабаецца Богу. Не бойся быць з Ім малым дзіцём, якое просіць абароны і падтрымкі. Даверся Яму бязмежна.

3. Святое Пісанне

Ці чытаеш ты Божае слова? Ці напаўняешся ім? У гэтай бесперапыннай духоўнай барацьбе, якая адбываецца кожнае імгненне, Біблія — вельмі добрая зброя, што адбівае шматлікія спакусы злога, які вельмі часта асабліва моцна праяўляе сябе перад святамі, імкнучыся звесці верніка з правільнага шляху.

4. Чыстае сэрца

Старайся захоўваць сябе ў чысціні. Прычым чысціня тут маецца на ўвазе не толькі ў сэнсе чыстасці думак і жаданняў: найперш гэта чысціня сэрца, чысціня ўсяго твайго жыцця.

5. Салідарнасць

Варта не забыцца, што хрысціянства — гэта дзейсная рэлігія. Гэта найперш справы. Таму няхай ціхімі будуць твае словы — адкрый сэрца для справаў. Зразумела, што, магчыма, увесь Адвэнт ты і так стараўся ці старалася дапамагаць сваім родным, блізкім, патрабуючым… Але ў гэты перыяд варта зрабіць гэта адным з прыярытэтаў.

Магчыма, для кагосьці тваё простае слова падтрымкі або ўсмешка стануць найбольш каштоўным падарункам, што будзе сведчыць пра Нараджэнне Збаўцы, які ніколі не пакіне ў самоце…

Абноўлена 22.12.2017 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.