Пошук

27.02.2015 16:24  

Касцёл кажа, што лепш устрымацца ад сексуальных адносін перад шлюбам. Здаецца, што сёння гэта выйшла з моды. Моладзь часта бачыць секс у якасці аднаго з галоўных элементаў адносін з супрацьлеглым полам, а тыя, хто захоўвае чысціню, лічацца “слабакамі”, няздатнымі ў сексуальным плане або прыгнечанымі забабонамі. Рэальнасць, аднак, абсалютна іншая.

Думаю, што мы будзем звяртацца да тэмы перадсужэнскай чысціні неаднаразова, знаёмячыся з усё новымі аргументамі і сведчаннямі на яе карысць, таму што напісана і сказана на гэтую тэму шмат. Я хачу падзяліцца з вамі 10 прычынамі для ўстрымання ад сексуальных адносін перад шлюбам, вартасць якіх можа пацвердзіць кожны, хто прайшоў гэты шлях. Улічваючы абмежаваныя часовыя рамкі нашай праграмы, сёння мы паразмаўляем толькі пра пяць першых, а пазней - пра наступныя пяць.

 

Прычына першая: чысціня дапамагае лепшай камунікацыі перад заключэннем сужэнства. Калі двое заручаных устрымліваюцца ад сексу, камунікацыя паміж імі становіцца глыбейшай – яны засяроджваюцца не на задавальненнях, а на радасці ад сумеснага прабывання, дзяленні поглядамі і дыялогу. У супрацьлегласць гэтаму, фізічная блізкасць з’яўляецца даволі простай формай адносін, якая засланяе сабой усе іншыя формы ўзаемадзеяння. Яна дапамагае пазбегнуць цяжкасцяў, звязаных з сапраўднай унутранай блізкасцю, размовамі на асабістыя і глыбокія тэмы, працай над фундаментальнымі адметнасцямі, існуючымі паміж дзвюма асобамі, што важна для будучага шчаслівага сужэнства.

Другая прычына: пры захаванні чысціні ў перадсужэнскі перыяд узрастае сяброўства паміж заручанымі. Фізічная блізкасць можа стварыць ілюзію блізкасці паміж закаханымі, але ў рэальнасці так можа не быць. Рамантычныя адносіны павінны спрыяць умацаванню сяброўства, а без глыбокіх размоў і падзялення інтарэсаў яно немагчыма. Асабістыя размовы ствараюць сяброўскую сувязь і дапамагаюць лепш пазнаць адно аднаго, пазнаць узаемныя недахопы і добрыя якасці. Некаторыя юнакі і дзяўчаты ідуць за гарачымі пачуццям, але, калі пазнаюць адно аднаго глыбей – застаюцца расчараванымі.

 

Трэцяя прычына таксама немалаважная – сексуальная чысціня дапамагае захаваць добрыя адносіны з бацькамі заручанага. Калі мужчына і жанчына ўзаемна паважаюць адно аднаго, дазваляюць уласнай любові станавіцца больш сталай – паляпшаецца сяброўства паміж бацькамі і аднаго, і другога. Часцей за ўсё бацькі жадаюць, каб іх дзеці жылі без сексуальных адносін да сужэнства, і турбуюцца, калі тыя сексуальна актыўныя, не будучы замужам або жанатымі. Заручаныя, якія вырашаюць пачакаць з сексам, маюць больш сардэчныя адносіны з уласнымі бацькамі і бацькамі партнёра.

Чацвёртая прычына заключаецца ў тым, што ўстрыманне ад сексуальных адносін перад шлюбам дазваляе адчуваць сябе больш свабодна ў адносінах да самога перыяду заручынаў. Сексуальныя адносіны моцна эмацыйна яднаюць людзей і могуць спрыяць зацягванню нездаровых адносін, заснаваных на фізічнай прыцягальнасці або патрэбе бяспекі. Асоба можа адчуваць сябе “ў пастцы” адносін, працягу якіх у глыбіні душы не жадае, але з якіх не знаходзіць выхаду. Чалавек, які не мае сексуальных адносін, можа перарваць афектыўную сувязь з большай лёгкасцю, таму што блізкасць не была моцнай з фізічнага пункту гледжання. У выпадку, калі наступае цяжарнасць, людзі ўвогуле перастаюць быць свабоднымі ў выбары: разысціся або ажаніцца і г.д.

Нарэшце, пятая прычына: чысціня дапамагае ўмацаванню бескарыслівасці ў адносінах, насуперак эгаізму. Сексуальныя адносіны падчас перыяду заручын спрыяюць эгацэнтрызму і імкненню да атрымання задавальнення, тэндэнцыі патрабаваць заўсёды больш. У сваю чаргу ўстрыманне адкрывае на больш бескарыслівыя адносіны.

 

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа