Пошук

26.01.2015 00:00  

«Мучанік навукі» і «прарок сучаснасці» — так сёння называюць Джардана Бруна. Гэты былы манах дамініканін, спалены на вогнішчы ў 1600 г., стаў сапраўднай легендай і героем. Яго іменем называюць аб’яднанні атэістаў і агностыкаў у многіх еўрапейскіх краінах. Але чаму?

Іх мэта ў тым, каб замяніць веру ва Усемагутнага Бога верай ва ўсемагутнасць навукі і назаўсёды выкінуць рэлігійныя перакананні з палітыкі і грамадскага жыцця.


Сапраўды, Джардана Бруна выкладаў астраномію Каперніка і герметычную касмалогію, але ён ніколі не быў навукоўцам у поўным сэнсе гэтага слова, г. зн. тым, хто праводзіць эксперыменты, падлікі і назіранні. Усе яго погляды грунтаваліся толькі на філасофскіх спекуляцыях. Тое, да чаго ён імкнуўся, — гэта разбурыць існуючыя фундаменты, правакаваць непаразуменні і скандалы і абражаць многіх сваіх сучаснікаў. Канешне, Джардана Бруна валодаў геніяльнымі здольнасцямі, але, на жаль, яны былі выкарыстаны толькі дзеля ўласнага эгаізму. Чаму Джардана Бруна нельга лічыць «мучанікам навукі», мы паспрабуем больш падрабязна разабрацца сёння.

Джардана Бруна стаў членам ордэна дамініканцаў ва ўзросце 17 гадоў. Праходзячы навіцыят у Неапалі, ён пісаў, што напачатку лічыў сваіх братоў «багамі на зямлі», але хутка пераканаўся, што яны з’яўляюцца «асламі і невукамі». Бруна пачаў захапляцца арыянствам і напісаў сатырычную кнігу аб Папу. Нарэшце, праз некаторы час ён скінуў з сябе дамініканскі габіт і накіраваўся на Поўнач.

У 1576 г. Бруна прыбыў у Жэневу — тагачасны цэнтр кальвінізму. Тут ён вырашыў змяніць сваю веру і ўладкавацца ўніверсітэцкім выкладчыкам. Ён прадстаўляўся як «прафесар святой тэалогіі». Але пасля таго, як публічна абразіў аднаго вельмі паважанага выкладчыка Жэнеўскага ўніверсітэта, быў адлучаны ад кальвінісцкай веры і выгнаны з горада.

Некаторы час Джардана Бруна выкладаў у Ліёне, Тулузе, Парыжы і Лондане герметычную касмалогію, у якой злучаў некаторыя погляды Каперніка з неаплатанізмам, гнастыцызмам і акультнымі вераваннямі. Ён стаў перакананым пантэістам і даказваў, што Бог з’яўляецца абсалютна ідэнтычным са сваім стварэннем. Хрыста ён лічыў звычайным чалавекам, які валодаў магіяй.

Лекцыі Джардана Бруна выклікалі цікавасць многіх людзей. Акрамя таго, што ён уражваў слухачоў геніяльнай памяццю і выключна жывой манерай аповеду, у ім бачылі геніяльнага крытыка Арыстоцеля, каперніканскага апостала, рыцара свабоды думкі і ворага хрысціянства.

Але хутка крытыкі раскрывалі ненавуковасць яго поглядаў і недакладнасць у разуменні некаторых астранамічных пытанняў. Напрыклад, ён недастаткова добра зразумеў тэксты Каперніка і вучыў, што Луна мае арбіту, якая дазваляе ёй кружыцца вакол Сонца. Калі яго папулярнасць слабела, Бруна быў вымушаны пераязджаць у іншы горад. Так ён дасягнуў Вітэнберга — горада Марціна Лютэра, дзе перайшоў у лютэранства. Ён вучыў, што «дух святла» пасля Егіпта і Асірыі, Грэцыі і Рыма накіраваўся ў Германію, і праслаўляў Лютэра за яго барацьбу з Касцёлам і Папам.

Падчас кніжнага кірмаша ў Франкфурце Бруна, якому былі патрэбны грошы для выдання сваіх кніг, пазнаёміўся з падуанскім арыстакратам Джаванні Мачэніга. Той хацеў, каб знакаміты навуковец навучыў яго практычнай магіі, і Бруна, канешне, паабяцаў выканаць гэтую просьбу. Аднак хутка Мачэніга расчараваўся ў паводзінах і здольнасцях Бруна. Ён абвінаваціў філосафа ў ерасі і перадаў у рукі венецыянскай інквізіцыі. Для венецыянцаў, аднак, выпадак Джардана Бруна быў вельмі складаным, і тады, у 1593 г., ён быў перавезены ў Рым. Тут яго заключылі ў турму рымскай інквізіцыі ў замак Анёла. Судовы працэс над Джардана Бруна працягваўся 7 гадоў, бо яго тэксты былі складанымі, а думкі пярэчылі адна адной. Папа Клемент VII выдаў асабісты загад, каб катаванні ў адносінах да Бруна не ўжываліся.

На працягу доўгага часу Бруна абвяргаў і зноў пацвярджаў свае відавочна ерытычныя думкі аб прыродзе Хрыста і Панны Марыі, аб Бібліі і святых, аб перараджэнні душы чалавека, карыснасці магіі, аб дабрыні дэманаў. Такім чынам, сфармуляваць абвінавачванне было складана. Нарэшце Папа прызначыў суддзёй аднаго з самых выдатных навукоўцаў свайго часу — кардынала Беларміна, езуіта і папскага дарадчыка па тэалагічных пытаннях. Менавіта ён сфармуляваў канкрэтныя абвінавачванні ў адрас Бруна і заключыў іх у васьмі тэзісах.

На жаль, яны не захаваліся да нашага часу. Калі ў 1808 г. войскі Напалеона ўвайшлі ў Рым, усе дакументы з працэса над Джардана Бруна былі вывезены ў Парыж. З таго часу яны бясследна зніклі. Такім чынам, аднавіць падзеі можна толькі па дакументах сведкаў.

Вядома, што ён быў асуджаны на тры гады зняволення. Свецкія ўлады абвінавачвалі Бруна ў здрадзе і дэзертырстве, у той час як Касцёл заўсёды шукаў прымірэння. Пасля трохгадовага тэрміну яму зноў было прапанавана прызнацца ў памылковасці сваіх поглядаў, аднак Бруна адмовіўся.

8 лютага 1600 г. ён быў паўторна прызнаны ерэтыком і перададзены свецкаму рымскаму суду, які прысудзіў Бруна да спалення на кастры. Апошнімі яго словамі былі: «Напэўна, больш баіцеся вы, выносячы прысуд, чым баюся я памерці». Перад смерцю ён пагардліва адвярнуў твар ад крыжа.

Навучання Каперніка ў ідэях Бруна не было. Ён не памёр як абаронца геліяцэнтрычнай сістэмы. Ён не быў навукоўцам, але аматарам магіі і старажытнаегіпецкіх культаў. Канешне, спаленне Джардана Бруна з’яўляецца памылкай, бо ні адзін чалавек не заслугоўвае смяротнага пакарання, але ў той жа час нельга лічыць Бруна сімвалам адукаванасці. Бруна быў чалавекам, які вадзіў за нос сваіх сучаснікаў і працягвае рабіць гэта сёння.


Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця