Пошук

08.04.2014 11:05  

Мікрафон, цішыня, запіс... Кожны дзень на хвалях Ватыканскага радыё выходзіць 19-хвілінная праграма на беларускай мове. У яе рамках гучаць актуальныя навіны аб дзейнасці Папы і Апостальскай Сталіцы, жыцці Касцёла ў свеце, а таксама тэматычныя рубрыкі. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі Беларускай рэдацыі адначасова з’яўляюцца і аўтарамі навін, і рэдактарамі, і дыктарамі, і тэхнікамі, якія мантуюць і рыхтуюць праграму для радыёэфіра. Акрамя таго, яны самастойна размяшчаюць навіны на сайце рэдакцыі і дзеляцца ёй у сацыяльнай сетцы “Facebook”, што дапамагае ў камунікацыі з аўдыторыяй. Усе гэтыя працэсы, канешне, застаюцца нябачнымі для слухачоў, таму сёння мы прыадчынім завесу і пройдзем у “закуліссе” папскай радыёстанцыі, каб пабачыць, як рыхтуюцца і выходзяць у эфір яе радыёпраграмы на беларускай мове.


Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё знаходзіцца у пяціпавярховым палацы ХІХ ст. недалёка ад базылікі св. Пятра. Гэтая велічная пабудова з’яўляецца галоўнай сядзібай Ватыканскага радыё і мае асаблівы, экстэрытарыяльны статус. Справа ў тым, што, перакрочыўшы яе парог, з тэрыторыі Італіі мы трапляем на тэрыторыю суверэннай Дзяржавы Ватыкан – тут дзейнічаюць ватыканскія законы і парадак, за захаваннем якога сочаць ветлівыя ватыканскія жандармы. Адзін з іх, дарэчы, з’яўляецца сапраўдным ветэранам – калісьці ён ахоўваў яшчэ бл. Яна Паўла ІІ і быў сведкам замаху на яго.

Усе ўсходнееўрапейскія рэдакцыі месцяцца на другім паверсе палаца. Уздоўж доўгага калідора знаходзяцца харвацкая, польская, славацкая, чэшская, літоўская, латышская, руская, армянская, балгарская, румынская, украінская рэдакцыі. Яны размяшчаюцца ў асобных кабінетах, кожны з якіх пазначаны спецыяльнай таблічкай. У большасці рэдакцый працуе 2-4 супрацоўнікі. Не выключэннем з’яўляецца і беларуская, якая існуе з 1950 г.

Працоўны дзень на радыё звычайна пачынаецца са знаёмства з раскладам галоўных мерапрыемстваў Пантыфіка. Па ўнутранай сетцы супрацоўнікі атрымліваюць інфармацыю аб запланаваных аўдыенцыях, сустрэчах і паездках Святога Айца. Пра іх, галоўным чынам, пойдзе гаворка ў вячэрнім эфіры і ленце навінаў на сайце рэдакцыі.

Затым супрацоўнікі пачынаюць атрымліваць тэксты прамоваў і афіцыйных лістоў, з якімі Папа звяртаецца да тых ці іншых асоб. Інфармацыя пераважна паступае на італьянскай мове. Супрацоўнікі радыё, якія з’яўляюцца журналістамі, павінны прадставіць яе ў больш папулярным і простым для ўспрыняцця стылі. Таму, акрамя знаёмства з дакументамі Святога Айца, ім неабходна глыбока ўнікнуць у значэнне яго паслання, перадаць яго галоўны змест і патлумачыць, чаму Папа звяртаецца з ім. Падрыхтаваныя навіны адразу змяшчаюцца на сайце і рыхтуюцца для перадачы ў радыёэфіры. Гэта займае большую частку працоўнага дня.

Ватыканскае радыё з’яўляецца “уласнікам голасу Папы”. Адно з яго галоўных заданняў - аўдыёзапіс прамоваў Святога Айца і іх захаванне. Таму праз некалькі хвілін пасля выступлення Пантыфіка супрацоўнікам шматлікіх рэдакцый радыё становяцца дасяжнымі аўдыёматэрыялы з таго ці іншага ватыканскага мерапрыемства. Гэтыя эксклюзіўныя запісы штодзённа  выкарыстоўваюцца ў эфіры з “накладзеным” перакладам. Усе запісы прамоваў Святога Айца захоўваюцца ў спецыяльным архіве, які ахоплівае перыяд ад Пантыфікату Папы Пія ХІ да сённяшніх дзён.

Акрамя навінаў аб дзейнасці Папы, Ватыканскае радыё апавядае пра галоўныя падзеі ў Апостальскай Сталіцы і Касцёле ва ўсім свеце. Для гэтага, акрамя інфармацыі ўнутранай інфармацыйнай службы, выкарыстоўваюцца матэрыялы розных інфармацыйных агенцтваў. Для гэтага неабходна добрае веданне замежных моваў, таму кожны з супрацоўнікаў рэдакцыі валодае некалькімі з іх. Яны таксама запісваюць каментарыі да падзей і інтэрв’ю.

Падрыхтаваны матэрыял рыхтуецца для запісу і перадачы ў эфір. Гэта адбываецца ў спецыяльных аўдыёбоксах, дзе знаходзіцца гуказапісваючае абсталяванне. Іх па некалькі на кожным з паверхаў радыё. Тут адбываецца “начытка” навінаў і мантаж.

Блок навінаў складае палову штодзённага выпуску. Другую частку эфіра дапаўняюць розныя тэматычныя рубрыкі. Іх аўтарамі з’яўляюцца як супрацоўнікі рэдакцыі, так і святары з Беларусі, якія самастойна запісваюць і дасылаюць свае праграмы. Рубрыкі Беларускай рэдакцыі апавядаюць пра актуальныя пытанні веры, духоўнасці, гісторыі і навучання Касцёла, дапамагаюць у глыбокім знаёмстве са Святым Пісаннем. Сярод аўтараў ёсць як рыма-каталіцкія, так і грэка-каталіцкія святары.

Напрыканцы працоўнага дня гатовая 19-хвілінная праграма перадаецца тэхнічнаму персаналу, які кантралюе якасць запісу і мантажу. На хвалях Ватыканскага радыё праграма па-беларуску гучыць штодзённа ў 21.00 або 20.00 па мінскім часе (у залежнасці ад летняга ці зімовага часу).

Падрыхтоўка аднаго штодзённага выпуску праграмы патрабуе даволі вялікіх намаганняў: ад знаёмства з дзейнасцю і словамі Папы да здачы гатовай праграмы ў эфір праходзіць каля 8 гадзін, а часцей і больш. Для момантаў адпачынку на радыё існуе цудоўная тэраса з маляўнічай панарамай Вечнага горада, а таксама капліца, у якой можна аднавіць духоўныя сілы. З яе, дарэчы, адбываюцца радыётрансляцыі святых Імшаў у многія краіны свету, у першую чаргу тыя, дзе Касцёл сустракаецца з абмежаваннямі і пераследам.

Праца Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё з’яўляецца выключнай і важнай, бо гэта першая крыніца інфармацыі аб дзейнасці Папы на беларускай мове. Яе матэрыялы выкарыстоўваюцца многімі іншымі каталіцкімі і свецкімі інфармацыйнымі рэсурсамі і дзякуючы гэтаму Пантыфік, Святы Пасад і Касцёл становяцца больш блізкімі і зразумелымі кожнаму.


Аляксандр Панчанка

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця