Адна з адметнасцяў валожынскай зямлі — старадаўняе мястэчка Ракаў. Нібы магутны карабель, лунае над ім велічны касцёл. За вёскаю, на старых каталіцкіх могілках, стаіць яшчэ адна святыня — капліца святой Ганны.
Інтэр’ер гэтага могілкавага храма просты, нават сціплы, аднак наведвальніку кідаецца ў вочы невялікі абраз у бочным алтары капліцы. На ім — святы Ян Боско ў атачэнні шматлікіх дзяцей і моладзі. Гэты абраз быў замоўлены адным са святароў ракаўскай парафіі — кс. Янам Такарскім SDB, верным духоўным сынам св. Яна Боско.
Маленькі Ян нарадзіўся ў Польшчы ў вёсцы Мехавіцы 12 красавіка 1900 г. у шматдзетнай сям’і. Ён з дзяцінства вылучаўся пабожнасцю і гарачай любоўю да святой Імшы, з ранняга ўзросту прыслугоўваў у касцёле міністрантам. У святыню Ян хадзіў босым, бо сям’я жыла вельмі бедна. Сябры часта жартавалі ў касцёле з босага хлопца і падчас Імшы казыталі яму пяткі.
У васямнаццаць гадоў Ян уступіў у польскае войска, якое ў той час змагалася за незалежнасць Польшчы. З 1919 да 1923 г. удзельнічаў у бітвах пад Кіевам, Бярдычавам, Львовам. На Львоўшчыне даведаўся пра салезіянаў, якія кіравалі Ніжэйшай семінарыяй для юнакоў старэйшага ўзросту («Сыны Марыі») у Дашаве.
Сэрца юнака запалала даўнім жаданнем стаць слугою Хрыста — цалкам і назаўсёды. Навіцыят ён адбыў у Чэрвіньску над Віслай.
Семінарысцкія гады Яна Такарскага прыпалі на цяжкі час Другой сусветнай вайны. З-за няўпэўненасці ў заўтрашнім дні салезіянаў на Віленшчыне перакідвалі з аднаго дома ў другі.
Семінарыстамі з усходніх земляў патаемна займаўся кс. Станіслаў Плывачык SDB. Субдыяканат Ян атрымаў 21 снежня 1941 г. з рук біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, Мітрапаліта Віленскага, 22 снежня таго ж года — дыяканат, а 16 сакавіка атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, якое ўдзяліў яму Мітрапаліт у прыватнай капліцы ў Вільні.
Пасля пасвячэння кс. Ян Такарскі застаўся працаваць у Вільні, аднак праз некаторы час, атрымаўшы дазвол ад манаскіх уладаў, скіраваўся ў Гарадзею, на Нясвіжчыну, таму што ў Беларусі ў той час не хапала святароў. Касцёл св. Юзафа, якім пачаў апекавацца святар, быў абсталяваны ў былым будынку канюшні. Ксёндз Такарскі прабыў там каля пяці месяцаў. Пасля вызвалення ў 1944 г. Маладзечаншчыны кс. Ян паехаў у асірацелую парафію ў вёсцы Дуброўна, дзе стаяла прыгожая святыня пад тытулам Нараджэння Маці Божай. Адсюль святар таксама ездзіў у парафіі Св. Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.
Сярод парафіянаў была сужэнская пара, якая жыла без сакрамэнту шлюбу. Ксёндз Ян не раз нагадваў жанчыне, каб яна ўгаварыла мужа павянчацца. Як выявілася, той быў супрацоўнікам НКУС...
16 чэрвеня 1948 г. кс. Такарскі быў арыштаваны як палітычна небяспечны вораг і асуджаны на 25 гадоў.
Прычына такога жорсткага прысуду гучала наступным чынам: «Упарты ў веры: вучыў дзяцей рэлігіі і, не змогшы пераканаць, прывабліваў іх цукеркамі».
Разам з кс. Такарскім у лагеры адбывалі свой тэрмін яшчэ 30 каталіцкіх святароў, у тым ліку і літоўскі біскуп Францішак Раманаўскас.
Працяг чытайце на ave-maria.by