Гэтай восенню на экраны выйшаў (і стаў дасяжным у інтэрнэце) міні-серыял «Порах» («Gunpowder»). Гістарычная стужка пра тое, як група адчайных англійскіх католікаў хацела падарваць свайго караля і ўвесь парламент, прымушае беларускіх хрысціян узгадаць часы савецкага пераследу рэлігіі і задаць вялікія пытанні свайму сумленню.
Пачатак XVII стагоддзя, у Англіі ўсталявана Англіканская Царква, Касцёл забаронены, свецкія католікі не маюць права выказваць сваю веру, а каталіцкія святары рызыкуюць жыццём, таемна адпраўляючы Імшы. Дарэчы, нават цяпер у некаторых старых дамах у Англіі вам могуць паказаць «хаванку для ксяндза» — месца, дзе, як паказана ў фільме, хавалі святара ў выпадку прыходу непажаданых гасцей.
Катаванні і пакутніцкая смерць чакаюць і тых, хто хавае каталіцкіх святароў — і мы бачым узятыя з рэальнай гісторыі прыклады таго, як распраўляюцца з такімі людзьмі. Возьмем хоць бы жыццё святой Маргарэт Клітроў, якая нарадзілася ўжо ў часы пратэстантызму ў Англіі і навярнулася ў каталіцтва.
Прыкладна ў 18 гадоў Маргарэт стала каталічкай і праводзіла ў сваім доме таемныя набажэнствы, там жа хаваліся і святары. Калі жанчыне было 30, яе арыштавалі.
Маргарэт адмовілася даваць любыя паказанні, каб судовы працэс не закрануў яе дзяцей, і была забіта разам са сваім чацвёртым дзіцем, якога насіла ва ўлонні. Менавіта тым спосабам, які паказаны ў фільме — яе паклалі на падлогу і раздушылі цяжкімі вагамі ці камянямі, якія клалі зверху. Як вы ўжо зразумелі, не варта глядзець гэты фільм з дзецьмі.
Як у такіх умовах захоўваць спакой і веру? А як у такіх умовах не паўстаць са зброяй?
Гэтымі пытаннямі задаюцца каталіцкія героі фільма — і большасць з іх вырашае дзейнічаць, каб знішчыць тырана-караля Джэймса І і большасць ягоных прыхільнікаў вялізным выбухам у будынку Парламента. Узначальвае змоўшчыкаў Роберт Кэйтсбі, якога грае вядомы па «Гульні Прастолаў» Кіт Харынгтан, дарэчы, сваяк і каталіцкага паўстанца Кэйтсбі, і караля Джэймса.
Каталіцкія шляхцічы імкнуцца таксама атрымаць падтрымку з-за мора, ад адзінавернай Іспаніі, якая ваюе супраць Англіі і лічыцца абаронцам правоў католікаў.
Змова, як нам кажа гісторыя, не атрымалася — частка змоўшчыкаў загінула ў баі (Роберт Кэйтсбі да апошняга трымаў у адной руцэ шпагу, а ў іншай — медальён Панны Марыі), астатнія памерлі страшнай смерцю на лонданскім пляцы як дзяржаўныя злачынцы.
Загінуў і святар, які быў таемным агеньчыкам веры ў гэтым асяроддзі, які быў супраць паўстання, аднак не здолеў пераканаць гарачых каталіцкіх шляхцічаў адмовіцца ад сваіх планаў.
Выжывае сын Роберта Кэйтсбі, які хаваецца разам са сваёй апякункай (Ліў Тайлер). У апошнія секунды фільма яны глядзяць у бок мора — стыхіі бурнай, але вольнай.
Наперадзе англійскіх католікаў чакае і доўгі пераслед, і паступовая рэабілітацыя, і адраджэнне ХІХ стагоддзя, якое нарадзіла кардынала Генры Ньюмэна, такіх апалагетаў-пісьменнікаў, як Джон Рональд Руэл Толкін і Гілберт Кійт Чэстэртан.
Нават у канцы XIX стагоддзя дыскрымінацыя Касцёла ў Англіі была адчувальнай — і немалую ролю ў гэтым сыграла пратэстанцкая прапаганда, для якой «парахавая змова» стала любімым доказам злачыннасці католікаў.
Калі ж католікам патрэбен порах?
Касцёл не забараняе самаабарону, нават тую, якая вядзе за фізічнага знішчэння агрэсара. З іншага боку, Касцёл ставіць канкрэтныя ўмовы выкарыстання ваеннай сілы. Думаю, падзеі фільма можна выкарыстаць для абмеркавання пры вывучэнні гэтай тэмы ў Катэхізісе.
«Я адчайны чалавек», — кажа пра сябе герой Харынгтана. І сапраўды, фільм вучыць нас, што адчай і нянавісць (нават нянавісць, для якой ёсць важкія прычыны) — не лепшыя дарадцы. Зараз мы разумеем, што выбух мог прывесці да гібелі многіх невінаватых людзей і што насамрэч у змоўшчыкаў не было шансаў на поспех — наступствы ў выніку ўдачы змовы маглі быць яшчэ горшымі для католікаў у пратэстанцкіх краінах.
Аднак фільм таксама вучыць нас мужнасці, мудрасці, трываласці і нязломнаму супраціву нават у самых цяжкіх умовах. Вучыць быць гатовымі аддаць сваё жыццё за сяброў і веру ў Хрыста.