Пошук

28.11.2017 11:09   Кс. Дзмітрый Леўчык / Catholic.by
У Кнізе Быцця згадваецца, што Адам пражыў дзевяцьсот трыццаць гадоў (Быц 5,5)

Чарговае пытанне ў рубрыку скіроўвае Яна: «Маё пытанне датычыць лічбаў у Кнізе Быцця (5 глава). Ці сапраўды гэтыя людзі, пра якіх тут ідзе гаворка, памерлі ў такім узросце? Ці ўсё ж такі раней узрост лічыўся інакш?»

Сапраўды, лічбы гадоў жыцця першых людзей, з якімі мы сустракаемся ў пятым раздзеле Кнігі Быцця, выглядаюць вельмі непраўдападобна і нават загадкава. У гэтым раздзеле мы знаходзім імёны патрыярхаў, якія могуць здзівіць нас незвычайнай працягласцю свайго жыцця.

Што праўда, гэтыя лічбы не з’яўляюцца настолькі вялікімі, як, напрыклад, у генеалогіях месапатамскіх або шумерскіх каралёў, дзе лічба ўзросту Уладара даходзіла ажно да 72 тысяч (узрост біблійных герояў ніколі не перавышаў тысячы, паколькі гэтая лічба «зарэзерваваная» толькі для Бога, для якога 1000 гадоў як учорашні дзень (пар Пс 89.4)).

Усведамляючы, што ў семіцкай культуры свет лічбаў мае вялікую сімволіку, і каб паспрабаваць больш-менш зразумець яе, нам патрэбна было б прысвяціць шмат часу на вывучэнне працягласці жыцця кожнага з патрыярхаў. Пашукаем, аднак, агульнага адказу на гэтае пытанне.

"Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю" (пар. Быц 7,6)

Вялікая лічба ўзросту чалавека можа быць папросту ўсходнім спосабам выразіць перакананне, што век патрыярхаў — залаты век, што ў сваю чаргу характарызуецца даўгалеццем.

Таксама праз гэтыя лічбы натхнёны аўтар проста і зразумела паказвае, што ад стварэння сусвету да патопу прайшло вельмі шмат гадоў (вельмі лёгка заўважыць, што пасля патопу працягласць жыцця чалавека значна скарацілася).

Таксама варта звярнуць увагу на тое, што большасць са згаданых у пятым разделе Кнігі Быцця патрыярхаў былі заснавальнікамі асобных плямён і працягласць іх жыцця магла ўвасабляць пэўную гісторыю ўсяго племені.

Таксама варта зазначыць, што многія біблісты лічаць, што лічбы жыцця праайцоў належыць успрымаць даслоўна, а паступовае скарачэнне гэтай лічбы трэба разумець як наступства граху першых людзей.

Кс. Дзмітрый Леўчык — святар Гродзенскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

Абноўлена 29.11.2017 10:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.