Кардынал Хорхе Берголіа спазняўся на запланаваную сустрэчу з двума італьянскімі журналістамі, якія чакалі пры ўваходзе ў курыю архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс. Зусім нядаўна ён пагадзіўся на вялікае інтэрв’ю, якое павінна было праходзіць у некалькі этапаў. На папярэднія сустрэчы кардынал прыходзіў пунктуальна, але на гэты раз яго нешта затрымала. Журналісты чакалі з хваляваннем.
Раптам дзверы адчыніліся, і кардынал Берголіа з’явіўся з тэрмасам і свежымі булачкамі ў руках. Ён прайшоў побач з журналістамі і накіраваўся да сціпла апранутай сямейнай пары з двума дзецьмі, якія чакалі недалёка. Працягнуўшы ім пачастункі і прапанаваўшы гарачага матэ, ён паразмаўляў з імі. Затым, горача абняўшы кожнага і развітаўшыся, Берголіа падыйшоў да журналістаў. “Прабачце за спазненне, я не чакаў, што яны наведаюць мяне”, - прызнаўся ён і запрасіў прайсці ў кабінет для сустрэч. Па дарозе кардынал расказаў, што гэтыя людзі прыйшлі зусім нечакана: яны пазнаёміліся некалькі дзён таму і зараз хацелі развітацца, таму што ад’язджалі з Буэнас-Айрэса.
Нягледзячы на вялікі аб’ём працы і важныя сустрэчы, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса знайшоў час для таго, каб сустрэць малавядомых яму людзей цёпла і з увагай. Гэта ўразіла журналістаў, і яны вырашылі змяніць тэму інтэрв’ю: пагаварыць не аб складаных пытаннях, звязаных з яго поглядамі на сацыяльныя і палітычныя праблемы, але пра штодзённае жыццё іерарха, яго густы і звычкі. Так у кнізе-інтэрв’ю “Езуіт”, прысвечанай будучаму Папу і выдадзенай у 2006 г. журналістамі Анджэлай Амбраджэцці і Серджыо Рубінам, з’явілася глава пад назвай “Мне падабаецца таксама і танга”. У ёй тагачасны арцыбіскуп Буэнас-Айрэса расказаў пра самога сябе. Сёння мы зазірнем на яе старонкі.
“Я Хорхе Берголіа – святар. Ведаеце, мне вельмі падабаецца быць святаром”, - сказаў будучы Папа, адказваючы на пытанне пра тое, як ён прадстаўляецца людзям, якіх не ведае.
Кардынал Берголіа назваў любімым месцам на зямлі Буэнас-Айрэс, а любімым чалавекам – сваю бабулю. Ён расказаў, што інфармацыю пераважна атрымлівае з газет, а радыё ўключае толькі, каб паслухаць класічную музыку. Будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, ён не карыстаўся інтэрнэтам і марыў пачаць яго вывучэнне па дасягненні пенсійнага ўзросту. Гаворачы пра свае хобі, ён распавёў, што ў маладосці збіраў маркі, але зараз чытае кнігі і слухае музыку.
Любімымі пісьменнікамі Хорхе Берголіа назваў нямецкага паэта-рамантыка Фрыдрыха Гёльдэрліна, аргенцінскага і рускага пісьменнікаў Леапольда Мачэраля і Фёдара Дастаеўскага. Яму падабаюцца некаторыя творы італьянца Алясандра Мандзоні і “Боская камедыя” Дантэ Аліг’еры. Будучы Папы прызнаўся таксама, што чытае Хорхе Луіса Борхеса, “чалавека мудрага і глыбокага”, які ўсе рэчы ў жыцці раскладае на свае месцы, як “добры бібліятэкар”, што клапоціцца пра парадак на кніжных паліцах.
Гаворачы пра свае музычныя ўпадабанні, Хорхе Берголіа адзначыў, што любіць слухаць Уверцюру №3 Бетховена “Леанора” пад кіраўніцтвам нямецкага дырыжора Вільгельма Фуртвенглера. Ён, на думку Берголіа, з’яўляецца лепшым дырыжорам сімфоній Бетховена і твораў Вагнера.
Будучы Папа расказаў, што яму падабаецца танга і ён танцаваў яго ў маладосці. Але заўсёды аддаваў перавагу мілонга – больш хуткаму і вясёламу паўднёваамерыканскаму танцу, які лічыцца папярэднікам танга. Любімай карцінай Хорхе Берголіа назваў “Белае ўкрыжаванне” Марка Шагала. Ён распавёў, што любіць фільмы з аргенцінскай актрысай Цітай Мерэлай, а таксама стужку “Пір Бабэты”, знятую ў 1987 г. дацкім рэжысёрам Габрыэлем Аксэлем.
У маладосці Хорхе Берголіа граў у баскетбол і любіў хадзіць на стадыён глядзець футбольныя матчы, асабліва калі грала яго любімая каманда “Сан-Ларэнца Альмагра”. На яго думку, зараз “ужо не тыя часы” і атмасфера на трыбунах змянілася: раней “максімум крычалі, што арбітр валацуга, нягоднік і прадажны – нічога супольнага з эпітэтамі, якія гучаць сёння”.
Тагачасны арцыбіскуп Буэнас-Айрэса сціпла прызнаўся, што “крыху размаўляе па-італьянску”, але, па сведчанні журналістаў, валодае гэтай мовай “дасканала”. Ён адзначыў, што калісьці размаўляў па-французску і нямецку, але паскардзіўся на адсутнасць практыкі, неабходнай для падтрымання добрага ўзроўню ведання мовы. Праблемнай для яго была заўсёды англійская мова, па прычыне складанай фанетыкі. Хорхе Берголіа разумее таксама п’емонцкі дыялект італьянскай мовы, на якім размаўлялі яго бацькі.
Свае першыя замежныя падарожжы ён здзейсніў у 1970 г., наведаўшы Калумбію, Мексіку і Іспанію. Берголіа прызнаўся, што не любіць падарожнічаць і заўсёды адчувае настальгію па радзіме, калі знаходзіцца за яе межамі. Будучы на вучобе ў нямецкім Франкфурце, па вечарах ён часта гуляў каля могілак – месца, адкуль быў бачны аэрапорт. Аднойчы яго прыяцель пацікавіўся прычынай такіх незвычайных прагулак, на што будучы Папа адказаў: “Я вітаю самалёты, якія ляцяць у Аргенціну”. “Я дамасед. Люблю месца, дзе жыву. Люблю Буэнас-Айрэс”, - прызнаўся Хорхе Берголіа.
Тагачасны кардынал расказаў, што звычайна кладзецца спаць рана, а ўстае без дапамогі будзільніка каля 4.00 раніцы. Прачынаючыся, ён адкрывае брэвіярый і закрывае яго, адыходзячы да сну. Берголіа прызнаўся, што вельмі любіць маліцца літургіяй гадзін. Брэвіярый ён заўсёды бярэ з сабой падчас падарожжаў і захоўвае ў ім запавет сваёй бабулі, яе лісты і некаторыя вершы італьянскага паэта Ніна Косты, якія яму падабаюцца. Многія з іх ён ведае на памяць.
Самай высокай цнотай Хорхе Берголіа лічыць любоў, здольнасць “даваць месца іншым з пакорнай душой”, а самай вялікай хібай – пыху, “калі думаеш пра сябе невядома што”. Ён прызнаўся, што калі сам паддаваўся спакусе пыхі, перажываў вялікі ўнутраны сорам і прасіў прабачэння ў Бога.
Канешне, з моманту выдання кнігі “Езуіт” многае змянілася. Кардынал Берголіа быў абраны Наступнікам св. Пятра, што прадугледжвае новыя абавязкі і змену некаторых звычак. Але можна заўважыць, што ён па-ранейшаму застаецца чалавекам, які ўражвае сваёй адкрытасцю, сціпласцю і простымі паводзінамі, якія ўжо сталі легендарнымі.
Аляксандр Панчанка