Пошук


Пытанне ад Аляксандра: «Параўноўваючы фрагменты Евангелля аб апошніх хвілінах зямнога жыцця Езуса Хрыста ў Евангеллях святых апосталаў Мацвея, Марка і Лукі мы бачым, што пасля арышту за Езусам пайшоў толькі Сымон Пётр, а астатнія паўцякалі. У фрагменце Святога Пісання ад св. Яна (18:15-16) вядзецца аповед: “За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, таму ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. Пётр жа стаяў звонку каля брамы. І вось той вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра”. Што гэта за вучань?»

Пытанне аб «іншым вучню» заўсёды цікавіла пільных чытачоў Евангелля паводле св. Яна, аднак яно, па праўдзе кажучы, застанецца без адказу да канца свету. Чаму? Бо сам евангеліст захацеў захаваць гэта ў таямніцы, не называючы імя таго вучня.

Калі тэкст Евангелля змяшчае нейкую прыхаваную інфармацыю, то на яе патрэбна паглядзець наступным чынам: або гэты факт не з’яўляецца вырашальным для асноўнай мэты тэксту, або таямнічым сам тэкст прадстаўлены наўмысна, каб увесь час трымаць чытача ў напружанасці, не даючы простых, банальных адказаў; або ў неназваным па імені вучню чытач можа ўбачыць кожнага вучня Пана і г.д.

У цэнтры — Езус і апостал Ян (злева) падчас «Апошняй вячэры» (Ян 13, 23)

Запрашаю, аднак, прыглядзецца да таго, як сучасныя экзэгеты ідэнтыфікуюць гэтага вучня. Найперш, магчымым варыянтам называецца ніхто іншы, як «вучань, якога любіў Езус». Прычына такога атаясамлення вынікае з супастаўлення Пятра і гэтага невядомага вучня не толькі ў нашым фрагменце (Ян 18, 15-16), але таксама ў іншых (Ян 13, 23 і Ян 20, 2).

Некаторыя даследчыкі Святога Пісання схільныя бачыць пад гэтай постаццю Яна, сына Зэбедэя, якога ў дадзеным выпадку называюць аўтарам Евангелля паводле святога Яна. Як аўтару, яму нязручна было называць сябе па імені ў сваім творы, а да таго ж адрасаты яго тэкстаў добра ведалі евангельскую гісторыю і без цяжкасцяў распазнавалі гэтую «зашыфраваную» асобу вучня. Адным словам, першую найбольш распаўсюджаную версію можна прадставіць наступным чынам: «іншы вучань» = «вучань, якога любіў Езус» = Ян, сын Зэбедэя.

Апосталы Пётр і Ян спяшаюцца да пустога гробу Пана (Ян 20, 2)

Адразу можна адкінуць закід, адкуль, маўляў, рыбак, нізкі сацыяльны клас, мог быць знаёмым з першасвятаром. Бацька Яна, Зэбедэй, у Евангеллі ад Марка (Мк 1, 20) прадстаўлены як той, хто мае нанятых працаўнікоў, акрамя гэтага маці сыноў Зэбедэя мела высокія амбіцыі адносна іх (Мц 20, 20-28). Больш за тое, нельга адкінуць верагоднасць аб паходжанні Яна са святарскага роду, бо грэчаскае gnōstos Ян 18, 15-16 мае больш шырокае значэнне, чым толькі нашае беларускае «знаёмы».

Як альтэрнатыўныя можна разглядаць версіі аб атаясамленні гэтага вучня з Юдам, Нікадэмам, Якубам, сынам Зэбедэя, або нават Лазарам. Аднак нам варта застацца пры думцы, перададзенай самім натхнёным тэкстам: безыменны «іншы вучань».

Такі падыход да чытання Евангелля гарантуе атрыманне тых духоўных дабротаў, якія яно з сабой нясе. Калі ж мы захочам «дадумваць» за евангеліста, дапісваць у сваім мысленні тое, чаго тэкст не змяшчае, мы тым самым будзем абкрадаць Біблію з яе глыбокім, таямнічым, але натхнёным Святым Духам сэнсам.


Ксёндз Валерый Марціноўскі
, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

Абноўлена 30.01.2018 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа