16 лістапада 1888 г. нарадзіўся беларускі рэлігійны і палітычны дзеяч ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, які перакладаў Евангелле на беларускую мову, змагаўся за незалежнасць Беларусі і быў забіты ў нацысцкім канцлагеры «Трасцянец».
Дагэтуль ёсць дзве версіі, дзе прыйшоў на свет Вінцэнт Гадлеўскі — у вёсцы Шурычы ці ў вёсцы Поразава Ваўкавыскага павета. Няма даных і пра яго сям'ю і юнацтва.
Вядома, што ў 24 гады ён скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю і яшчэ чатыры гады вучыўся ў Пецярбургскай каталіцкай духоўнай акадэміі. У Пецярбургу ён далучыўся да беларускага гуртка студэнтаў акадэміі. Тады да гуртка належалі 11 сяброў з 70 студэнтаў акадэміі, а галоўнай мэтай гуртка было пашырэнне ведаў пра гісторыю Беларусі, вывучэнне літаратуры і музыкі.
Прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне Вінцэнт Гадлеўскі 3 чэрвеня 1914 г. З 1916 г. служыў вікарыем у катэдральным касцёле ў Мінску, дзе і пачаў актыўную душпастырскую дзейнасць.
Тут на жыццё маладога святара вельмі паўплывалі гістарычныя падзеі — ужо ў лютым 1917 года ў Расіі зрынаюць цара, адбываецца хваля стыхійнай дэмакратызацыі, упершыню з часоў Вялікага Княства Літоўскага ў Беларусь вяртаецца палітычная свабода і свабода слова.
У Мінску 24-25 мая 1917 года ксёндз Гадлеўскі выступае на з'езде беларускага каталіцкага духавенства з дакладам аб стварэнні беларускай каталіцкай партыі ў духу шматлікіх каталіцкіх палітычных арганізацый, якія існавалі тады ў Еўропе з дазволу Пантыфіка. На гэтым жа з'ездзе было прынята рашэнне дамагацца аўтаноміі Беларусі.
Беларусь склікае ў Мінску Усебеларускі кангрэс, дэлегатам на які быў абраны разам са шматлікімі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, афіцэраў, сялян і працоўных ксёндз Гадлеўскі. Бальшавікі разагналі кангрэс, аднак засталася працаваць абраная ім Рада, якая 25 сакавіка 1918 года і абвясціла незалежнасць нашай краіны.
У склад гэтай Рады — першага ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі — быў абраны і ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, абавязкам якога была апека над беларускімі ўцекачамі ад жахаў Першай сусветнай вайны.
Пасля падзелу Беларусі на Усходнюю і Заходнюю ксёндз Гадлеўскі працягваў рэлігійную і грамадскую дзейнасць у вольнай ад бальшавікоў частцы краіны, выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі, рэдагаваў газету «Крыніца».
З 1924 года святар быў пробашчам касцёла ў Жодзішках, дзе двойчы за пашырэнне ідэй беларускай незалежнасці арыштоўваўся польскімі ўладамі, а ў 1927 годзе быў асуджаны на два гады турмы.
З 1929 года кс. Вінцэнт працаваў у Вільні, дзе быў капеланам у шпіталі, выконваў абавязкі прэфекта ў школе пры кляштары бэрнардынак, быў заснавальнікам Беларускага каталіцкага выдавецтва ў Вільні.
Тут ён пераклаў на беларускую мову Новы Запавет, які быў выдадзены беларускай лацінкай у 1939 годзе. Адначасова ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі выступае як публіцыст і палітык спачатку ў складзе партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, а потым на старонках газеты «Беларускі фронт».
Падчас Другой сусветнай вайны нястомны святар як мог апекаваўся беларускімі школамі, намагаўся стварыць сетку беларускай узаемадапамогі ахвярам вайны. У часы нямецкай акупацыі служыў у Чырвоным касцёле ў Мінску.
Пра тое, у якіх умовах прыходзілася дзейнічаць ксяндзу Гадлеўскаму і іншым беларускім святарам, сведчаць успаміны іншага беларускага нацыянальнага і каталіцкага дзеяча Язэпа Малецкага:
«Ксёндз Гадлеўскі атрымаў жорсткую вымову ад немцаў, і яму забаранілі казаць казанні, на якія заўсёды схадзіліся грамады людзей. Застаўся толькі адзін ксёндз Ігнатавічус, які набажэнства адпраўляў па-лацінску і чытаў толькі Святое Евангелле па-беларуску, народ жа ў час набажэнства спяваў беларускія рэлігійныя песні. Перад заканчэннем вайны немцы далі дазвол на пераезд у Мінск ксяндзу В. Шутовічу, які на сваім становішчы святара для беларусаў-католікаў сустрэў у Мінску і бальшавікоў. Яны ў хуткім часе яго арыштавалі, мучылі, саслалі на 10 гадоў катаргі. Выпушчаны, пасля прабываў у Вільні, памёр у Барысаве».
Праз крытыку не толькі бальшавіцкай, але і нацысцкай акупацыі Беларусі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў арыштаваны нямецкай Службай бяспекі ў ноч на 24 снежня 1942 года. Нацысты прапанавалі яму пакінуць Беларусь, але святар адмовіўся пакінуць свой народ і быў таемна забіты ў Трасцянцы.
Пра дзейнасць зацятага патрыёта і хрысціяніна невядома яшчэ шмат — з ім звязваюць, напрыклад, заснаванне Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая мела за мэту ваяваць падпольна, а потым і адкрыта адначасова супраць нацысцкага Рэйха і СССР. Шматлікія пытанні беларускай гісторыі змагання за волю пакуль застаюцца без адказу і патрабуюць сваіх даследчыкаў.
Аднак бясспрэчна адно — усё жыццё адданага Богу і сваёй краіне святара сведчыць пра тое, наколькі глыбока ён разумеў свой святарскі абавязак.
Беларусь шчаслівая мець такога сына, шанаваць памяць якога — наш агульны абавязак як хрысціянаў і беларусаў.