![](/3/images/news/2017/11/6891/2017-11-10-phoca_thumb_l_pinsk-006.jpg)
У пачатку лістапада мы святкавалі ўрачыстасць Усіх Святых. З года ў год у гэты дзень я згадваю звычайных людзей з майго дзяцінства, якіх я бачыла ў касцёле.
У савецкі час сталая прысутнасць там сама па сабе значыла шмат, а тым больш, калі людзі часта дапамагалі пры касцёле, спявалі ў хоры, уваходзілі ў склад касцёльнага камітэту, адмаўляліся ад нейкіх вышэйшых пасадаў, якія патрабавалі ўступлення ў партыю, не згаджаліся даносіць на іншых, нягледзячы на пагрозы.
Вядома, пры дзецях такія справы не абмяркоўваліся, і сябры маіх бацькоў былі для мяне проста добрымі цікавымі дарослымі.
І таму я не магу ўспамінаць тое, што зразумела, калі іх не стала.
Гледзячы на іх тады, я бачыла, што калі робіш штосьці для касцёла, рабі дбайна і рупліва. Калі молішся, будзь засяроджаны і верны. Калі хочаш спяваць у хоры, прыходзь на рэпетыцыі, прыслухоўвайся да іншых, каб гучаў хор і гармонія, а не твой голас, хай сабе і цудны.
Калі маеш у гародзе прыгожыя кветкі, прынясі ў касцёл. Лепш прабачыць, чым злавацца. Калі штосьці ведаеш, не пляткуй. Калі ксёндз спазняецца, не нервуйся, а маліся.
У Касцёле шмат святых, пра якіх можна прачытаць у кніжачцы, і Андрэй Баболя, пра якога мне раскажуць, калі вырасту. Атрымліваецца доўгі допіс, а гэта ж далёка не ўсё.
З гэтымі, як кажуць, ананімнымі святымі я магла ўбачыць, што ў касцеле ёсць склеп і гарышча, прыгожыя ўрачыстасці і будзёная да іх падрыхтоўка, супольнасць і праца незаменных адзінак, імкнулася зразумець таямніцу прабачэння найцяжэйшых крыўдаў, адчула сілу іх малітвы ў складаных справах. Доўгі час усё гэта багацце ўспрымалася як належнае і малазначнае, на жаль.
Урачыстасць Усіх Святых — яшчэ адна нагода сапраўды ўспомніць, што мы верым у «еднасць святых», якая не павінна знікаць і губляцца з нашай свядомасці разам з іх адыходам у вечнасць.