Аляксандр з Мінска цікавіцца ўрыўкам з Евангелля ад Яна (Ян 18, 4-6): «Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: “Каго шукаеце?” Яму сказалі: “Езуса з Назарэта.” Кажа ім: “Гэта Я!” Стаяў жа з імі таксама Юда, які выдаў Яго. І калі Ён сказаў ім: “Гэта Я!”, — яны адступілі назад і ўпалі на зямлю». Хто пакланіўся Езусу, упаўшы на зямлю? Ваяры?
На зямлю ўпалі тыя, хто прыйшоў арыштаваць Езуса. Гэты фрагмент заключае глыбокую тэалогію. Пэўная частка вучоных-біблістаў дапускае, што Езус задае гэтае пытанне «Каго шукаеце?», каб затрымаць на хвіліну даўжэй пасланнікаў святароў і фарысеяў, каб даць вучням час на ўцёкі.
Па-другое, аўтар Евангелля і далей хоча паказаць, што Езус з’яўляецца праўдзівым Богам. Адказваючы «Я ёсць», Езус не ідэнтыфікуе ўласную асобу, «Я ёсць» з’яўляецца іменем Бога. Езус аб’яўляе сваю боскую моц — і ў гэты момант людзі падаюць, бачачы моц Божую, якая ёсць у Езусе. Аўтар Евангелля хоча паказаць, што Збаўца не ўпаў у рукі людзей без Божай волі, паколькі Бог не можа быць пераадолены супраць уласнай волі.
«Ніхто не адбірае яго ў Мяне, але Я сам аддаю яго. Я маю ўладу яго аддаць і маю ўладу зноў узяць яго. Такую запаведзь Я атрымаў ад Айца Майго» (Ян 10,18). Бог аддае сябе ў рукі катаў, каб збавіць чалавецтва, нягледзячы на тое, што ніхто гэтага ў дадзены момант не разумее. У Евангеллі паводле Яна (пар. Ян. 18, 4) чытаем: «Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца…» Усё, што потым надыходзіць, ужо было ў Божым плане, і ўсё гэта з любові да людзей і для нашага збаўлення.
Ксёндз Валдзіс Дрыксна — святар Ліепайскай дыяцэзіі (Латвія), дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.
Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».