Пошук


У спартыўнай медыцыне часта выкарыстоўваюць так званыя тэйп-стужкі. Кінэзіятэйпінг (накладанне гэтых эластычных стужак) дапамагае натуральнаму працэсу рэабілітацыі цягліц і суставаў праз тое, што захоўвае іх у супакоі, не абмяжоўваючы пры гэтым руху цела чалавека.

Гэты сродак выкарыстоўваецца для паспяховага лячэння розных артапедычных, нервова-цягліцавых і неўралагічных захворванняў.

Добрая, адным словам, рэч, але сёння ўзгадаліся мне гэтыя стужкі ў якасці сумнага адлюстравання таго, што можа адбывацца з чалавекам у духоўным жыцці. Урывак Евангелля пра аздараўленне жанчыны, якая 18 гадоў не магла выпрастацца.

«А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў таму, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?» (Лк 13, 10–17).

Што гэта за путы, якія не замінаюць рухацца, але паволі хіляць да зямлі ніжэй і ніжэй? Яны нябачныя, не маюць такіх яркіх колераў, як тэйпы, але ж неадчэпныя, моцныя, клейкія. Ох, падазраю, што кожнаму яны знаёмыя ў той ці іншай ступені.

«А ты не такі спраўны (-ая), як N», «Не спрабуй, бо не атрымаецца», «Цябе не разумеюць, бо ты не такі, як трэба», «Усё з-за цябе развалілася, ты кепскі (-ая)», «Ніхто цябе не любіць, ты нічога не варты (-ая), толькі замінаеш». «Маўчы, схавайся». Інакш кажучы, прыгніся, не глядзі нікому ў вочы, знікні.

І вось гэтая мана прыляпляецца спачатку далікатна, адным краёчкам, а потым і другім, які непазбежна будзе цягнуць уніз, пакідаючы, аднак, здольнасць сяк-так рухацца, сілкавацца, штосьці рабіць, але не ўзнімаць позірку да неба. Паступова чалавек за спіной не крылы будзе мець, а путы. Пакутаваць будуць і людзі, якія побач. Чаму іх спагада і жаданне пазбавіць блізкага чалавека падманлівых змрочных думак адгукаюцца ў яго сэрцы холадам і непрыязнасцю? Можна напісаць яшчэ шмат такіх «чаму», але важны не адказ, а вызваленне чалавека.

На путах можа быць напісана самая розная хлусня, але ў кожнага «звязанага» такой немаччу можна знайсці адну агульную: «Нікому не кажы». Бо, калі скінуць гэтую стужку, могуць рассыпацца ў пыл і іншыя. «Пагаварыць няма з кім, ніхто не зразумее...» Так-так, і гэтыя таксама. Будзе цяжка: даверыцца, знайсці кагосьці адпаведнага, падзяліцца патаемным, але гэта зусім іншая справа. Дарэчы, ва ўсіх, асабліва цяжкіх, справах Бог прагне дапамагчы.

Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала славіць Бога.

Можна ўявіць сабе, як пад цяплом Яго рук спадаюць усе стужкі, ніткі, павуцінкі, ланцугі і вяроўкі, жанчына выпростваецца, як маладое дрэўца, якое сілай утрымлівалі сагнутым. Ці гэта магчыма — старому зноў стаць маладым?

Абноўлена 31.10.2017 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця