Пошук


16 лістапада 2017 года распачнецца першы сінод Гродзенскай дыяцэзіі. Да вашай увагі прадстаўляем кароткія адказы на пытанні на тэму дыяцэзіяльнага сіноду.

Што такое дыяцэзіяльны сінод?

Гэта сход прадстаўнікоў духавенства, а таксама некаторых свецкіх вернікаў і кансэкраваных асоб, якія дапамагаюць дыяцэзіяльнаму біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй. Сінод з’яўляецца бачным выражэннем дыяцэзіяльнай супольнасці і ўмацоўвае яе еднасць. Ён дапамагае захоўваць працягласць дыяцэзіяльных традыцый. Ва ўсходняй хрысціянскай традыцыі такія мясцовыя сходы прынята называць, таксама як і паўсюдныя сходы, – саборамі.

Якая роля дыяцэзіяльнага біскупа на сінодзе?

Дыяцэзіяльны біскуп – кіраўнік дыяцэзіі (памылкова гэты тэрмін заменна ўжываны паралельна з тэрмінам “мясцовы ардынарый”).

Ён:

  • вырашае склікаць сінод
  • прапануе тэмы да разгляду падчас сіноду
  • узначальвае сінадальныя сесіі (можа вызначыць свайго дэлегата)
  • падпісвае сінадальныя дэкрэты і дэкларацыі (такім чынам яны становяцца абвязковымі да выканання).

У чым выражаецца дапамога дыяцэзіяльнаму біскупу на сінодзе?

Члены сінода выказваюць сваё меркаванне на прапанаваныя тэмы. Меркаванне выражаецца ў форме дарадчага голасу, такім чынам дыяцэзіяльны біскуп можа прыслухацца да яго або адкінуць, але абавязаны азнаёміцца з усімі меркаваннямі.

Хто належыць да членаў сіноду?

На падставе займанай пасады ў склад сіноду ўваходзяць: дапаможныя біскупы, генеральныя і біскупскія вікарыі, афіцыял, канонікі катэдральнага капітула, члены святарскай рады, рэктар вышэйшай духоўнай семінарыі, дэканы.

На падставе выбару ў сінод уваходзяць (колькасць і спосаб выбару вызначае дыяцэзіяльны біскуп):

  • па адным прэзбітэры з кожнага дэканату, выбраным усімі тымі, хто ў дэканаце займаецца душпастырствам
  • некаторыя настаяцелі законных інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця, дом якіх размешчаны на тэрыторыі дыяцэзіі
  • выбраныя свецкія вернікі.

На падставе свабоднага прызначэння дыяцэзіяльным біскупам – іншыя прадстаўнікі духавенства і свецкіх вернікаў.

Кіраўнік дыяцэзіі можа запрасіць у якасці назіральнікаў прадстаўнікоў хрысціян-некатолікаў.

Такім чынам, сінод павінен прадстаўляць усю дыяцэзію.

Органы сіноду

Абвязковым органам з’яўляецца падрыхтоўчая камісія. Яна дапамагае ў падрыхтоўцы і арганізацыі сіноду і апрацоўвае правілы яго правядзення. У гэтых правілах пералічваюцца і акрэсліваюцца пасады членаў сіноду.

Дыяцэзіяльны біскуп стварае камісіі сіноду, якім давярае падрыхтоўку сінадальных дакументаў.

Факультатыўнымі органамі сіноду могуць быць сакратарыят (у асноўным займаецца вядзеннем дакументацыі) і прэс-сакратарыят сіноду.

Тэмы сіноду

Касцёльныя прадпісанні пералічваюць абавязковыя ці магчымыя тэмы для разгледжвання на сінодзе: абвяшчэнне Божага слова, экуменізм, катэхеза, місійная дзейнасць, каталіцкая адукацыя, СМІ, літургія і іншыя праявы Божага культу, дзейнасць дыяцэзіяльных арганізацый, дысцыпліна духавенства, фінансавае кіраванне дыяцэзіяй і г.д.

Ход сіноду

Сінод складаецца з сінадальных сесій. На пачатку сесіі адбываецца прэзентацыя тэм, якімі займаецца сінод. Затым адбываецца дыскусія па гэтых тэмах. Кожны член сінода мае права на свабоднае выражэнне свайго меркавання. Пасля заканчэння сесіі дыяцэзіяльны біскуп канчаткова рэдагуе, падпісвае і загадвае апублікаваць дыяцэзіяльныя дэкларацыі і дэкрэты.

Дэкларацыі і дэкрэты сіноду

Дэкларацыі змяшчаюць у сабе сцверджанні, якія датычаць веры і маральнасці. Дэкрэты – юрыдычныя нормы, якія прымаюцца, улічваючы ўмовы існавання дыяцэзіі. Нормы, якія супярэчаць праву Паўсюднага Касцёла, дэкрэтам парктыкулярных сінодаў і пастановам Канферэнцыі Біскупаў, з’яўляюцца несапраўднымі. У двух апошніх названых выпадках – толькі калі нормы прызнаны (recognitio) Апостальскім Пасадам.

Першы сінод Гродзенскай дыяцэзіі распачнецца 16 лістапада, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Ён адбудзецца пад дэвізам “Жыць Евангеллем”.

Абноўлена 30.10.2017 15:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа