Пошук

Святы Томас Мор

Святы Томас Мор быў па-сапраўднаму незвычайны чалавек. Аўтар «Утопіі» сябраваў з рознымі прадстаўнікамі культуры эпохі Адраджэння, сярод якіх быў і Эразм Ратэрдамскі.

Томас Мор быў лордам-канцлерам, дзеячам, адданым каралю, які адправіў яго на эшафот. Леў ХІІІ беатыфікаваў Мора, а Пій ХІ далучыў яго да ліку святых. Значнасць постаці св. Томаса Мора падкрэсліў Ян Павел ІІ, абвясціўшы яго апекуном палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў.

За адданасць якім прынцыпам Мор заплаціў жыццём і чаму быў абвешчаны святым?

Томас Мор звярнуў на сябе ўвагу англійскага караля Генрыха VIII дзякуючы паспяховым дыпламатычным місіям у Фландрыю і поспеху «Утопіі». Мор ва «Утопіі» імкнуўся спалучаць хрысціянскае веравучэнне і духоўную спадчыну антычных філосафаў. Так, можна казаць пра тое, што паміж этыкай «Утопіі» і хрысціянскай этыкай існуюць некаторыя супярэчнасці. Апошняй Мор аддаваў перавагу ў паўсядзённым жыцці. У цэлым, многія даследчыкі адзначаюць, што ў Моры суіснавалі два чалавекі — пабожны хрысціянін і адважны мысліцель.

Томас Мор лічыў, што чалавек па сваёй натуры добры. Паводле Мора, сапраўдны хрысціянін і дасканалы чалавек прымае на сябе ўвесь цяжар адказнасці за свае правіны, актыўна выконвае свой доўг перад грамадствам. Ідэолагі Рэфармацыі, чым часам, не прызнавалі свабоду волі і ролю добрых спраў у збаўленні чалавецтва. «Утопія» стала інструкцыяй, як павінны жыць дасканалыя людзі.

Кароль Генрых VIII

У 1517 годзе Томас Мор атрымаў прапанову ад Генрыха VIII паступіць на каралеўскую службу. Кардынал лорд-канцлер Т. Уолсі прадставіў Мора каралю. Ужо ў 1518 г. Томас Мор становіцца членам каралеўскай рады.

Пры паступленні на службу да Генрыха VIII кароль рэкамендаваў Мору ў кожнай справе «глядзець найперш на Бога, а потым на караля».

Томас Мор хутка ішоў па кар'ернай лесвіцы. У 1521 годзе ён атрымаў пасаду памочніка скарбніка, які звычайна насіў рыцарскае званне. Да гэтага часу адносіцца і пасвячэнне Мора ў рыцары. Як вядома, Генрых VIII часта размаўляў з Томасам Морам не толькі па дзяржаўных справах, але і адносна пытанняў у галіне матэматыкі, астраноміі, літаратуры, тэалогіі. Кароль даражыў Морам як дзяржаўным дзеячам і трапным суразмоўцам, таму падоўгу затрымліваў яго ў палацы.

Прадстаўнік Паўночнага Адраджэння Эразм Ратэрдамскі лічыў Мора ідэальным сябрам. Менавіта Эразм пазнаёміў Мора з вялікім мастаком Гансам Гольбейнам, пэндзлю якога і належыць самы вядомы партрэт Мора. Томас Мор быў таксама вядомы тым, што падтрымліваў ідэю навучання жанчын пісьму.

Пасля выступлення Марціна Лютэра Мор стаў руплівым супраціўнікам Рэфармацыі. Магчыма, менавіта ён з'яўляўся сааўтарам кнігі «У абарону сямі сакрамэнтаў» Генрыха VIII. На кнігу караля Марцін Лютэр адказаў рэзкім артыкулам. У 1523 годзе Томас Мор апублікаваў «Адказ на кпіны, якімі Марцін Лютэр асыпае англійскага караля Генрыха VIII», у якім называў і Яна Гуса, і Марціна Лютэра «страшэннымі ерэтыкамі».

Для Мора небяспека антыпапскага выступлення Лютэра заключалася ў няслушнасці зыходнай ідэі Лютэра, які прыпісваў памылкі і парокі людзей пасадам, якія яны займаюць. Для яго такая пазіцыя лагічна вяла да палітычнай анархіі, бо справа, на яго думку, не абмяжуецца адмаўленнем папства, за Папам пойдзе кароль, а за ім і ўсялякая ўлада і адміністрацыя.

Томас Мор лічыў, што Інстытут папства створаны самім Богам, таму скасаваць яго нельга. Акрамя таго, у папстве Мор бачыў сілу, якая супрацьстаяла дэспатызму каралёў.

Марцін Лютэр

Томас Мор станавіўся ўсё больш і больш важнай персонай на англійскай палітычнай арэне. У 1523 годзе Мор стаў спікерам палаты абшчын, а ў 1525 годзе атрымаў пост канцлера герцаргства Ланкастэрскага. У 1527 годзе ён вёў сумесна з Т. Уолсі перамовы ў Ам'ене з французскім каралём Францішкам І, здзейсніў дыпламатычнае падарожжа ў Камбрэ.

У 1529 годзе Мор вяртаецца ў Англію. Ён наўрад ці падазраваў пра паварот, які адбыўся ў дзяржаўных справах каралеўства. Улада лорда-канцлера Томаса Уолсі заўважна аслабла праз справу аб прызнанні несапраўдным шлюбу Генрыха VIII, а таксама з прычыны няўдалага знешнепалітычнага курсу, звязанага з падпісаннем міру ў Камбры. Новым лордам-канцлерам быў прызначаны Томас Мор.

Сутыкненне новага лорда-канцлера Томаса Мора з каралём адбылося на глебе Рэфармацыі. У 1532 годзе Генрых прадставіў сходу духавенства свае патрабаванні, якія адмаўлялі ўладу Папы.

Лорд-канцлер запярэчыў каралю, а канвакацыя духавенства (у Англіі так называліся духоўныя парламенты — Рэд.) прыняла патрабаванні Генрыха VIII. Томас Мор, у сваю чаргу, вярнуў каралю вялікую дзяржаўную пячатку, якая захоўвалася ў лорда-канцлера, заявіўшы тым самым пра адстаўку. Томас Мор не мог ісці супраць свайго сумлення, але некаторы час сцвярджаў, што яго звальненне звязана з дрэнным станам здароўя. Пры гэтым сапраўдная пазіцыя Мора адносна справы аб прызнанні несапраўдным шлюба Генрыха VIII і Кацярыны Арагонскай была вядома каралю яшчэ да адстаўкі Мора. Кароль распачаў працэс па абвінавачванні Томаса Мора ў дзяржаўнай здрадзе.

Кароль Генрых VIII і Ганна Балейн

Яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта падтрымліваў нейкую манахіню Альжбету Бартан, якая прарочыла гібель караля ў выпадку, калі ён ажэніцца з Ганнай Балейн. Томас Мор адмаўляў заявы, якія былі агучаны супраць яго. Яго аўтарытэт быў вельмі высокі, таму парламент не змог усур'ёз прыняць гэтае абвінавачванне. У выніку яно было знята.

Урачыстая каранацыя Ганны Балейн адбылася пасля вяселля з Генрыхам VIII. Томас Мор адмовіўся прысутнічаць на гэтай цырымоніі. Пасля нараджэння ад саюзу Генрыха і Ганны Балейн прынцэсы Альжбеты, парламент павінен быў узаконіць правы новай каралевы і яе патомства, прыняццем закона аб пераходзе ў спадчыну трона.

Задача парламента, які сабраўся ў студзені 1534 года, заключалася ў тым, каб вызначыць «законных» спадкаемцаў. Паводле «Акта аб пераходзе ў спадчыну трона», дачка Кацярыны Арагонскай Марыя была абвешчана незаконнанароджанай, паколькі папярэдні шлюб караля быў прызнаны незаконным. Акрамя таго, не прызнаваліся правы «Біскупа Рыма», якія датычылі заключэння або скасавання шлюбу англійскага караля. Усе правы пераходзілі да святароў Царквы Англіі.

Дачка Кацярыны Арагонскай Марыя І Цюдор

Да «Акта» дадаваўся асобны дакумент — пастанова аб прысязе пераходу ў спадчыну трона. Менавіта тэкст прысягі ўтрымліваў формулу адрачэння ад папскай улады як ад улады ўсялякага замежнага манарха. Томас Мор быў выкліканы ў камісію для прынясення прысягі больш чым за два тыдні да таго, як «Акт аб пераходзе ў спадчыну трона» ўвайшоў у моц.

Генрых VIII і яго сакратар Томас Кромвель разлічвалі, што выклік Мора ў камісію для таго, каб ён даў прысягу, не толькі зламае яго настырнасць, але і стане пераканаўчым прыкладам для ўсіх, хто вагаецца.

Томас Мор заявіў членам камісіі, што не адмовіўся б прысягнуць тэксту самога «Акта аб пераходзе ў спадчыну трона», але не можа прыняць прапанаванага тэксту прысягі. Пярэчанні Мора супраць тэксту прысягі базаваліся на тым, што ў ім не прызнаваўся аўтарытэт Папы, як і «ўсялякай іншаземнай улады або манарха». Томаса Мора адправілі ў кляштар пад апеку абата Вестмінстэра.

Тым часам, у камісію для прысягі быў выкліканы стары сябар Томаса Мора біскуп Рочэстэрскі Джон Фішар. Ён славіўся сваім крытычным стаўленнем да пазіцыі караля. Фішар выступаў на баку каралевы Кацярыны Арагонскай, да якой вельмі добра ставіўся. Тым часам, адносіны Томаса Мора да каралевы не былі настолькі адназначнымі.

Святыя Джон Фішар і Томас Мор

Джон Фішар лічыў шлюб Генрыха і Кацярыны цалкам законным і заяўляў, што толькі Папа можа выступіць арбітрам у справе аб прызнанні несапраўднасці шлюбу караля. Восенню 1533 г. Джон Фішар звярнуўся да імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V, пляменніка Кацярыны Арагонскай, з заклікам умяшацца ў тое, што адбываецца. Фішар адмовіўся ад прысягі, пасля чаго адразу ж быў сасланы ў Таўэр.

Томаса Мора паўторна выклікалі для прысягі. Пасля яго паўторнага адмаўлення даць прысягу, Мор быў таксама накіраваны ў Таўэр. На працягу 15 месяцаў абодва знаходзіліся ў Таўэры без суду.

У канцы 1534 г. парламент прыняў «Акт аб супрэматыі» («Акт пра вяршэнства»), у адпаведнасці з якім Генрых VIII станавіўся вярхоўным главой англіканскай Царквы. Акрамя гэтага, парламент зацвердзіў, што кожны падданы павінен даць прысягу «Акту наследавання». Быў выдадзены «Акт аб здрадзе», які кваліфікаваў як «высокую здраду» шырокі спектр дзеянняў, накіраваных супраць караля. Для Томаса Мора і Джона Фішара найбольш небяспечным было абвінавачванне, якое сыходзіла з «Акта аб здрадзе», у адмаўленні «аднаго з тытулаў» караля. Цікава тое, што ў Палаце абшчын, якая зацвердзіла акты 1534 г., засядалі родныя Томаса Мора: швагер і зяці.

Святы Томас Мор перад пакараннем смерцю

У канцы мая 1535 года стала вядома, што новы папа Павел ІІІ, ацаніўшы грамадскую пазіцыю Джона Фішара, надаў яму кардынальскую годнасць. Пасля гэтага Генрых VIII накіраваў у Таўэр членаў каралеўскай рады, даручыўшы ім патрабаваць ад Томаса Мора і Джона Фішара, каб тыя прысягнулі каралю як главе Царквы, у адваротным выпадку яны будуць пакараны смерцю як здраднікі.

Томас Мор, знаходзячыся ў Таўэры, напісаў «Дыялог аб суцяшэнні сярод нягодаў» — настаўленне пра тое, з якой годнасцю і цвёрдасцю павінен паміраць сапраўдны хрысціянін. Мор падняўся на эшафот у шэрым адзенні свайго слугі і сказаў, што памірае ў каталіцкай веры і дзеля яе.

Томас Мор не мог пайсці супраць свайго сумлення і перастаць «глядзець спачатку на Бога, а потым на караля». Як і Джон Фішар ён не змог адмаўляць аўтарытэт Папы і адрачыся ад папскай улады як ад улады ўсялякага замежнага манарха. Праз чатыры стагоддзі пасля смяротнага пакарання Томас Мор і Джон Фішар былі кананізаваны Піем XI.


Кацярына Кімленка — выпускніца гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (спецыялізацыя — новая і навейшая гісторыя замежных краін). Студэнтка магістратуры гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя Каталіцкага Касцёла, гісторыя Італіі і іншых краін еўрапейскага Міжземнамор'я ў новы і навейшы час.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць гісторыі Касцёла, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Гісторыя Касцёла».

Абноўлена 30.10.2017 12:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.