Пошук


У дзень вялікай радасці, калі дах, здаецца, зараз сарвецца і рынецца прэч, хочацца, каб усе-ўсе былі шчаслівыя. Ну, вось каб кожны чалавечак, асабліва родныя і сябры. І каб яны ад шчасця свяціліся і смяяліся, каб частаваліся лепшымі стравамі і напоямі, каб забыліся з гэтага дня пра ўсе свае нягоды. І на гасціну для іх не шкада ні капейчыны, ні сіл.

А яны, самыя блізкія, не прыйшлі. Штосьці знайшлося важнейшае, чым сэрца іх сябра. Страшна занятыя людзі. Некаторыя палічылі сваю згоду адгукнуцца на запрашэнне немагчымай настолькі, што пакрыўдзілі пасланых за імі слугаў.

І гэты вялікі стол, выгодныя крэслы, дзівосныя кветкі, палаючыя паходні, музыка, пахі — навошта гэта ўсё без гасцей? Навошта ўсё, калі ніводная жывая душа не ўзрадуецца гэтаму, не пакаштуе, не заспявае і не затанцуе? Сум працінае сэрца...

Але Езус абяцае, што неўзабаве збяруцца на гэты баль вясёлыя госці, удзячныя, смяшлівыя, ахвотныя да спеваў і танцаў, да размоў і слухання. Яны запоўняць гэтыя залы і гасцёўні, лужкі ды алеі. І будзе любоў панаваць між імі, і ўсе свае беды забудуцца ад шчасця. І сустракаць іх адкрытыя ўдзячныя позіркі Валадару будзе так цудоўна.

...Пакуль адно сэрца не нагадае тых, хто не прыйшоў. На той вячэры не будзе нічога схаванага — хіба яго не папярэдзілі? Сэрца, сціснутае да самых найменшых памераў, каб не змясцілася там нічога, апроч падтрымання свайго жыцця, дзе найменшая спагада да іншага адразу вымятаецца прэч, дзе жаданне любіць зруйнавана, прагненне любові задушана, сляды жывой радасці сцёртыя з памяці.

Насцярожана пазірае з-за сваіх муроў. Які жаласлівы выгляд у гэтага сэрца, што палюбіла свой дрот, якім даўно аблытана, якое не верыць, што яго запрасілі з любові. Чым вызваліцца яно? Якія пакутлівыя шляхі павінна яшчэ прайсці? Ці здолее сваімі, не чужымі, слязьмі адмыць вопратку сэрца?

Абноўлена 17.10.2017 16:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.