Пошук


«Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною» (Мц 9, 9)

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека. У яго было імя, працоўнае месца... Гісторыя жыцця  дапамагла б нам зразумець, што ён за чалавек, і як стаў тым, ад каго адводзілі позірк паважаныя людзі горада. А ці мелі для яго значэнне чужыя меркаванні? Чаго наогул ён саромеўся? Аб чым ён марыў? На што спадзяваўся? Таямніца. Ведаючы так мала пра Мацвея, кожны з нас можа апынуцца на той вуліцы, дзе праходзіў Езус. Не з нейкай салідарнасці з «мытнікамі і грэшнікамі», а так, па шчырасці.

Словы «ідзі за Мной» многія людзі перажываюць у сваім жыцці вельмі глыбока і выразна, ідуць за гэтым заклікам рашуча, аддана. Святло і моц аднаго кароткага імгнення доўжацца гадамі... Але лепш, калі гэтае запрашэнне становіцца паўсядзённасцю. Для Езуса так і было (і ёсць!). Каб абраць семдзесят вучняў, трэба было паклікаць нашмат больш, а маючы час — нават кожнага. Ты, і ты, і вось ты — ідзі за Мной.

Езус першым робіць крок да чалавека, кліча за сабой. Ён так прагне ўбачыць узаемны рух чалавечага сэрца, каб, сустрэўшыся, далей ісці разам. Не адзін тыдзень, не месяц. Той самы выбар — ісці ці застацца — з'явіцца зноў і зноў, з кожным новым днём, з кожным скрыжаваннем жыццёвых шляхоў, думак, абставін. Які ты зробіш выбар? Каго будзеш слухаць? Чалавек прымае рашэнне, нябачнае чужому воку. А потым вырушае ў дарогу, імкнецца прабачыць, выканаць працу сумленна, захаваць вернасць, прыйсці з дапамогай, любіць мацней. «Ісці за Хрыстом» — значыць выбраць той шлях, якім Ён ідзе першы. Гэта таксама азначае, што на ім няма няпраўды, згубнай пасткі, хоць і асаблівых выгодаў чакаць няварта.

Дзе б ты не быў цяпер, на якім бы ўбогім ці раскошным месцы ні сядзеў, ты — невядомы для многіх, але ўбачаны Езусам, які праходзіць побач.

Абноўлена 26.09.2017 11:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.