Аляксандр цікавіцца: у Евангеллі ад св. Марка (3, 31-35) вядзецца аповед аб тым, што Езуса чакалі яго блізкія маці, браты і сёстры). Гэта былі сапраўдныя яго родныя, ці гэта ізноў вобраз ягоных вучняў і непрымірэнцаў?
Пытанне, якое ўзнікае пасля прачытання фрагмента Евангелля (Мк 3, 31-35), несумненна, датычыць сям’і Езуса Хрыста: хто яны, браты і сёстры Настаўніка з Назарэта?
Першая асаблівасць, на якую звяртаеш увагу, гэта адсутнасць Юзафа, ці бацькі, у пераліку тых, хто прыйшоў паклікаць Езуса. Можна назваць некаторыя ідэі, якія прапаноўваюць экзэгеты, тлумачачы гэтую акалічнасць:
- магчыма, справа адбывалася пасля смерці Юзафа (далей у Мк 6,3 выразна зазначана «Сын Марыі»)
- магчыма, евангеліст стварае тэалагічны канцэпт: Бог — адзіны Айцец, таму ніводнага разу Марк не ўзгадвае пра Юзафа
- магчыма, выраз «Маці і браты» (Мк 3, 31-35) абазначае сям’ю, а натуральнай часткай сям’і з’яўляецца бацька, таму не трэба было зазначаць яго прысутнасць.
Гэтыя гіпотэзы адносна адсутнасці Юзафа ў дадзеным эпізодзе і нават узгадвання пра яго, будучы толькі праўдападабенствам, даюць, аднак, вельмі важны сігнал для магчымасці інтэрпрэтацыі тэрмінаў «браты і сёстры» (Мк 3, 31-35) не толькі ў даслоўным, а таксама і ў больш шырокім значэнні.
Вядома, сам тэкст пакідае магчымасць разумення «браты і сёстры» ў іх непасрэдным сэнсе.
Аднак традыцыя Касцёла ад самага пачатку кажа пра Марыю, маці Езуса, як Дзеву да нараджэння Сына, у момант Яго нараджэння, а таксама пасля. Таму можна смела адкінуць розныя версіі аб родных братах і сёстрах Езуса па лініі маці.
У той жа час існуе версія, што ўзгаданыя евангелістам людзі — гэта суродзічы Збаўцы, альбо нават яны з’яўляюцца дзецьмі Юзафа ад першага шлюбу (калі такі меў месца), альбо гэта стрыечныя браты і сёстры, чыя маці — сястра Багародзіцы.
Варта таксама звярнуць увагу на наступную адметнасць тэксту (Мк 3, 31-35), якую можна ўбачыць толькі ў арыгінальным грэчаскім тэксце Евангелля.
Справа заключаецца ў наяўнасці акрэсленага артыкля ў Мк 3, 34 і яго адсутнасці ў Мк 3, 35. Артыкль — гэта важная дэталь, хоць для славянскага вока малазаўважная. Верш 34 апісвае момант позірку Езуса на прысутных і Яго выказванне: «Вось маці Мая і браты мае». Тут ужыты акрэслены артыкль.
У той жа час верш 35 яго не мае: «Хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці». Што ж дае нам наяўнасць і адсутнасць артыкля? Магчыма, тут гаворка ідзе пра новы крытэрый прыналежнасці да Божай сям’і: не кроўныя сувязі (вершы 31, 32), не сувязі, якія вынікаюць з прыналежнасці да аднаго народа (верш 34), а сувязь, якая злучае выканаўцаў Божай волі.
Вершы 31, 32, 34 маюць акрэслены артыкль, бо аўтар ведае, каго датычаць у дадзеных радках словы «браты і сёстры», і, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра нейкую радню Езуса і пра Яго землякоў з выбранага народа.
Верш 35 прадстаўляе тых, каго аўтар яшчэ не ведае, бо гэта людзі, якія выконваюць Божую волю і ствараюць новую сям’ю Езуса Хрыста, яны жылі, жывуць і будуць жыць на зямлі.
Ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.
Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас director@catholic.by. У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».