У пачатку верасня каталіцкая дыяцэзія Хільдэсхайм згадвае святара Ёзафа Мюлера — навучэнца мясцовай семінарыі, які загінуў у 1944 годзе ад рук нацысцкіх органаў дзяржаўнай бяспекі, бо распавёў жарт пра Адольфа Гітлера.
Ёзаф быў самым малодшым — сёмым дзіцем — у вялікай каталіцкай сям'і і як нямецкі патрыёт пайшоў добраахвотнікам на Першую сусветную вайну 1914-1918 гг.
Хлопец быў цяжка паранены і не мог больш служыць у войску, таму, як і двое з ягоных братоў, пайшоў на духоўную службу свайму народу, стаўшы святаром у 28 гадоў.
Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, ксёндз Мюлер быў вядомы як добры і шчыры прамоўца. За сваё крытычнае стаўленне да дзяржаўных уладаў (у 1933 годзе Германіяй пачалі кіраваць нацысты), за супраціў закрыццю каталіцкіх школ святар трапіў пад паліцэйскі нагляд.
У 1943 годзе на яго паступіў данос — ксёндз распавёў палітычны анекдот. Нямецкі салдат памірае ў шпіталі і просіць, каб паказалі яму твары людзей, з-за якіх ён сустракае смерць. Медыцынская сястра ставіць з аднаго боку партрэт Гітлера, а з іншага — партрэт Германа Герынга (фармальна — другога чалавека ў нацысцкай іерархіі ў той час). Салдат з апошніх сіл кажа: «Цяпер я паміраю, як Хрыстус» (паміж двумя злачынцамі).
Ёзафа Мілера арыштавалі адзін раз, потым другі, катавалі, аднак ён не распавёў, ад каго чуў анекдот. Летам 1944 года яго асудзілі на смяротнае пакаранне і забілі 11 верасня.
Пасля заканчэння вайны ў кожную гадавіну ягонай смерці б'е звон у маленькай парафіі, дзе служыў святар. Сюды перанеслі і ягоныя парэшткі. У мінулым годзе пачаўся працэс прызнання Слугі Божага Ёзафа Мюлера пакутнікам — ён застаўся верным свайму бліжняму і свабодзе перад абліччам дыктатара, катаў і смерці.